А веласіпед і не знікаў

Происшествия

А веласіпед і не знікаў

фота носіць ілюстрацыйны характар

Мікалай (імёны зменены на этычных меркаваннях) ужо які год пражывае ў Віцебску. Жыве з жанчынай, якая выхоўвае дзіцяці. 28-гадовы мужчына раней быў судзімы, зараз стаіць на ўліку ў урача-нарколага. Так, у Віцебску Мікалай спрабуе весці нармальны лад жыцця, зразумела ж, жанчына не будзе цярпець у сябе дома п’яніцу. А вось, каб “адпачыць”, ён прыязджае дамоў, у аграгарадок Слабада.
Вось і той раз прыехаў Мікалай да сяброў у Слабаду. З сабою з Віцебска ўзяў горны веласіпед. Хацеў пафарсіць перад вяскоўцамі, маўляў, “які круты ў яго веласіпед”.
Неўзабаве пасля яго прыезду і кампанія сабралася. Усё як звычайна: адна бутэлька, другая, трэцяя…. Хутка грошы закончыліся ў сабутэльнікаў. І раптам Мікалаю прыйшла ідэя.

З паказанняў:
– Успомніў, што Ігару я вінаваты 200 рублёў. Патэлефанаваў яму і прапанаваў за свой доўг горны веласіпед. Ды яшчэ дзве бутэлькі гарэлкі я папрасіў. Ён згадзіўся. Хвілін праз дваццаць прыехаў, аддаў мне гарэлку, а яму – веласіпед.
Гэтага спіртнога кампаніі хапіла. Праўда, зранку Мікалаю прыйшлося зноў думаць пра тое, як паведаміць сужыцельцы пра веласіпед. І выйсце было знойдзена: мужчына напісаў заяву ў міліцыю.

“У Мікалая пры падачы заявы неаднойчы пыталіся, ці дакладна знік веласіпед, папярэджвалі аб крымінальнай адказнасці за дачу ілжывай інфармацыі, – расказвае старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Віктар Казлоўскі. – Але мужчына стаяў на сваім. У яго скралі веласіпед, нават месца паказваў, дзе апошні раз бачыў яго”.
Па факце крадзяжу веласіпеда была ўзбуджана крымінальная справа. Веласіпед праз некалькі дзён знайшлі. Ігар расказаў, якім чынам у яго апынуўся гэты транспарт. А Мікалай у адно імгненне з пацярпелага стаў абвінавачаным. “Следчымі ўзбуджана крымінальная справа па ч.2 арт. 400 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь “Заведама ілжывы данос”, – падсумоўвае Віктар Казлоўскі. – Санкцыі прадугледжваюць да трох год пазбаўлення волі”.
Веласіпед канфіскаваны і хутка будзе вернуты гаспадыні. З Мікалая ўзята падпіска аб нявыездзе і яго чакае пакаранне згодна з заканадаўствам. І гэта наступствы аднаго бяздумнага ўчынку, на які падштурхнула бязмерная цяга да спіртнога.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №67 ад 28.08.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *