1 верасня за школьныя парты Віцебшчыны сядуць больш за 112 тысяч дзяцей

Главное Новости Образование

Больш за 112 тысяч школьнікаў сядуць за парты ў новым навучальным годзе

Абласная педагагічная канферэнцыя прайшла з удзелам кіраўніка вобласці Мікалая Шарснёва. Мерапрыемства адбылося ў рэжыме відэасувязі, што дазволіла прыцягнуць да абмеркавання важных пытанняў развіцця галіны адукацыі больш за дзве тысячы чалавек.

1 верасня за школьныя парты Віцебшчыны сядуць больш за 112 тысяч дзяцей, у тым ліку 12,5 тысяч першакласнікаў. Да работы ва ўстановах адукацыі прыступілі 560 маладых спецыя-лістаў. Зроблена ўсё магчымае для таго, каб дзеці і настаўнікі працавалі ў самых сучасных умовах. Пра гэта, падводзячы вынікі і ставячы задачы на будучае, гаварыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома. Перш за ўсё ён падзякаваў настаўнікам за працу ва ўмовах пандэміі каранавірусу, якая стала своеасаблівым выпрабаваннем на трываласць.
Аналізуючы работу сістэмы дашкольнай адукацыі, кіраўнік галіны завастрыў увагу на тым, што з 2021 года ўводзіцца іх нарматыўнае фінансаванне. У сувязі з гэтым толькі на ўтрыманне існуючай сеткі мяркуецца дэфіцыт у 6 мільёнаў рублёў. Гэта патрабуе адпаведных рашэнняў ад старшынь гарадскіх і раённых выканкамаў. Асабліва калі гаворка ідзе пра дзіцячыя сады ў сельскай мясцовасці, дзе ўжо сёння толькі каля 64 працэнтаў дзяцей ад 3 да 6 гадоў ахоплены дашкольнай адукацыяй.
Ішла гаворка і пра важнасць развіцця профільнай адукацыі. У школах вобласці працуюць педагагічныя і аграрныя класы. Па выніках мінулага навучальнага года працоўныя спецыяльнасці асвойвалі 1655 11-класнікаў, а кваліфікацыйны экзамен здалі і адпаведнае пасведчанне атрымалі толькі 1117 выпускнікоў (67 працэнтаў). Старшакласнікі вучыліся 15 прафесіям, самыя папулярныя – швачка, сталяр і прадавец.
Дзмітрый Леанідавіч упэўнены, што арганізацыя прафпадрыхтоўкі ў школах павінна весціся з улікам запатрабаванасці тых ці іншых спецыяльнасцяў у эканоміцы. Да прыкладу, у наступным навучальным годзе плануецца адкрыццё 43 аграрных класаў.
Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў звярнуў увагу педагогаў на тое, што работа ў такіх класах павінна быць сур’ёзнай і змястоўнай.
– У мінулым навучальным го-дзе толькі 17 выпускнікоў агра-класаў заключылі мэтавыя дагаворы, – выказаў шкадаванне Мікалай Мікалаевіч.
Кіраўнік вобласці ўпэўнены, што прафесійную падрыхтоўку старшакласнікаў трэба максімальна праводзіць на базе ўстаноў прафесійнай адукацыі. Пакуль гэта лічба складае толькі 33 працэнты. А там жа створаны ўмовы на ўзроўні патрабаванняў навейшых вытворчых тэхналогій.
Парадаваліся на канферэнцыі поспехам нашых дзяцей у інтэлектуальных спаборніцтвах. У міжнародных алімпіядах заваявана 12 медалёў. Каманда 11-класнікаў прынесла ў скарбонку вобласці 34 перамогі ў апошнім этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.
Дзмітрый Хома назваў гэты вынік лепшым за апошнія гады. Адзначыў, што толькі сёлета на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, што эфектыўна працуюць з адоранымі дзецьмі, накіравана 250 тысяч рублёў. А пераможцам інтэлектуальных спаборніцтваў і іх педагогам прысуджаны прэміі аблвыканкама на агульную суму 34 тысячы рублёў.
Мікалай Шарснёў адзначыў, што за кошт рэспубліканскага бюджэту пастаўлена 73 кабінеты фізікі, 42 кабінеты хіміі, ідзе пастаўка 255 мультыбордаў і 19 кабінетаў біялогіі.
Больш за 2,5 мільёна пайшло на падрыхтоўку фізкультурна-спартыўнай базы ўстаноў адукацыі. Да канца года забяспечанасць інвентаром павінна складаць 100 працэнтаў.
Абазначыў Дзмітрый Леанідавіч і тэму аплаты працы педагагічных работнікаў, узгадаўшы, што з гэтага года ўведзена новая сістэма. Сярэднемесячная зарплата настаўніка па вобласці складае 974 рублі.
– Заработная плата павінна быць выразна ўвязана з вынікамі працы кожнага педагога, – упэўнены Д. Хома.
Ацэньваючы працу педагагічнага калектыву вобласці, Мікалай Шарснёў сказаў:
– Вы прафесіяналы найвышэйшага класу, вы ўмееце і любіце працаваць. Па выніках 2019 года Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь сістэма адукацыі Віцебскай вобласці прызнана лепшай. Будзьце лепшымі заўсёды!
Мікалай Мікалаевіч разважаў пра важнасць выхавання моладзі, якая ў сучасных рэаліях павінна знайсці новыя накірункі. Заклікаў педагогаў актыўней выкарыстоўваць інтэрнэт-прастору для папулярызацыі аб’ектыўнай інфармацыі, разумных довадаў і аргументаў.
– Сёння наша з вамі задача – навучыць маладое пакаленне супрацьстаяць сучасным выклікам і пагрозам, крытычна думаць і аналізаваць, не паддавацца эмоцыям і вібрацыям натоўпу, – звярнуўся да педагогаў кіраўнік вобласці.
Па выніках года шэраг педагогаў былі ўзнагароджаны граматамі і падзякамі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №67 ад 28.08.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *