Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці адзначылі ў Шумілінскім раёне

Общество Экономика

Трымаюць дастойны імідж у краіне

Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці – гэта не толькі свята для работнікаў ВУ «Віцебскторф» УП «Віцебскаблгаз», але і нагода падвесці вынікі работы, падсумаваць лічбы, прааналізаваць зробленае і намеціць планы на будучае.


На святочным сходзе на вытворчасці па здабычы і перапрацоўцы торфу г. п. Обаль ВУ «Віцебскторф» дырэктар прадпрыемства Віталь Няспляк павіншаваў работнікаў са святам, пажадаў дабрабыту, здароўя і далейшых поспехаў у рабоце. «На нашым прадпрыемстве высокая прадукцыйнасць працы, – адзначыў Віталь Васільевіч. – Мы цвёрда стаім на нагах і трымаем дастойны імідж сярод усіх торфаздабываючых прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь. Генеральны дырэктар УП «Віцебскаблгаз» Пётр Пятровіч Шэршань укараняе навінкі вытворчасці, якія адпавядаюць патрабаванням часу, натхняе калектыў на плённую работу. Прадпрыемства развіваецца, удасканальваецца, мадэрнізуецца і ідзе наперад. Усе тры філіялы працуюць паспяхова. Мы вучымся адзін у аднаго, выкарыстоўваем новыя тэхналогіі. Сёлета здабылі 63 тысячы тон торфу, вырабілі 37 тысяч тон гатовай прадукцыі, выручка ад рэалізацыі склала 8,2 мільёна рублёў (135% да ўзроўню мінулага года). Гэта вельмі добры вынік, мы ім задаволены».
Віталь Няспляк больш падрабязна спыніўся на дасягненнях, якія зроблены ў Обалі: за студзень-жнівень вырабілі торфапрадукцыі 12 тысяч тон (на 69% больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года), рэалізавалі 13372 тоны прадукцыі (на 59% больш, чым летась). На экспарце зарабілі 2336 тысяч рублёў, тэмп росту склаў 242%. Обальскія торф і грунты карыстаюцца попытам не толькі на Віцебшчыне і ў іншых абласцях Беларусі, але і за мяжой: у Расійскай Федэрацыі, Германіі, Італіі, Украіне, Чэхіі, Сербіі, Румыніі… Якасць прадукцыі пастаянна кантралюецца, таму обальская прадукццыя канкурэнтаздольная на рынку. У гэтым заслуга ўсіх работнікаў, што працуюць у Обалі. Дысцыплінаванасць, адказнасць за даручаную справу – вось галоўныя рысы обальскіх работнікаў.
Віталь Няспляк уручыў граматы філіяла ВУ «Віцебскторф» начальніку ўчастка Галіне Ножнікавай (яе прозвішча занесена на Дошку гонару прадпрыемства), машыністу Мікалаю Волкаву, вартаўніку Людміле Сідаравай, мехатроніку Інэсе Бурданавай. Усе ветэраны працы ў гэты дзень атрымалі грашовыя ўзнагароджанні.
Сваіх работнікаў са святам павіншаваў намеснік дырэктара Іван Зуеў, які выказаў упэўненасць, што прадукцыйнасць працы на прадпрыемстве і надалей будзе расці. Шмат цёплых слоў землякам сказаў старшыня Обальскага сельвыканкама Мікалай Будневіч. «Наш обальскі ўчастак стаў на новыя рэйкі развіцця, сучасныя і надзейныя, – адзначыў Мікалай Аляксеевіч. – Тут працуе руплівы калектыў, які здольны на многае. За працоўнымі буднямі тут не забываюць клапаціцца пра чалавека. Я ганаруся, што на тэрыторыі сельсавета ёсць такое прадпрыемства».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №70 ад 08.09.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *