На стадионе в Шумилино прошёл спортивный праздник «Душой молодые всегда»

Новости Общество

Трэцяму ўзросту – актыўнае даўгалецце!

1 кастрычніка – дзень мудрых людзей, тых, хто заслужыў павагу сваёй працай, адносінамі да жыцця, сваёй дабрынёй і спагадай. Гэта неаднаразова падкрэслівалася падчас мерапрыемства «Душой маладыя заўсёды», якое прайшло на гарадскім стадыёне ў Шуміліне.Дзень пажылых людзей – гэта нагода для маладога пакалення падзякаваць бабулям і дзядулям за цеплыню сэрцаў, адданыя рабоце сілы.

Шчыра павіншавалі з гэтым адметным днём усіх прысутных намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна Цэрах. Яны ў сваіх выступленнях падкрэслілі, што ветэраны займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, перадаюць свой багаты жыццёвы вопыт падрастаючаму пакаленню. Граматамі і падзячнымі лістамі раённай ветэранскай арганізацыі былі адзначаны актывісты ветэранскага руху.
У першы кастрычніцкі дзень нават надвор’е сонечнымі прамянямі віншавала людзей сталага ўзросту. Атрымалася вельмі сімвалічна: сапраўдная залатая восень для людзей залатога ўзросту. Ярка і прыгожа аздобілі мерапрыемства непаўторнымі фарбамі песні, танцы, пастаноўкі, дарэчы, сярод артыстаў было багата людзей сталага ўзросту. Дапоўніла святочную атмасферу выстава «Падарункі восені». Карысталіся папулярнасцю інтэрактыўныя пляцоўкі «Будзьце здаровыя» і «Фіта-бар». А колькі шчырых усмешак і цудоўнага настрою было падчас бібліятэчнага інтэрактыўнага флэшмобу «Мудрасць жыцця, маладосць душы – спявай прыпеўкі і танцуй»!
Многім сталым людзям даспадобы актыўны лад жыцця, гэта зноў-такі пацвердзілі спартыўныя старты. Вось яны ўжо страляюць з пнеўматычнай зброі, спаборнічаюць у дартсе, спрабуюць сябе ў гарадошным спорце, бязмежна радуюцца дакладным ударам мяча падчас футбольнага конкурсу, і, нарэшце, разам стартуюць у скандынаўскай хадзьбе. Дарэчы, кожны ўдзельнік спартыўных стартаў атрымаў падарунак ад фізкультурна-аздараўленчага цэнтра: абанемент на трохразовае бясплатнае наведванне басейна.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў № 77 ад 05.10.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *