Комитет госконтроля информирует

Вестник Комитета госконтроля

Найбольшы конкурс – 9,5 чалавека на месца

Завершана ўступная кампанія ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Віцебскай вобласці.


План прыёму на бюджэтную форму навучання забяспечаны на 100% ва ўсіх установах вышэйшай адукацыі, акрамя Ветэрынарнай акадэміі (на 18 жніўня не было запоўнена 41 месца на спецыяльнасць «заатэхнія»). Прыёмнымі камісіямі залічаны (за кошт сродкаў бюджэту і на ўмовах аплаты) 4225 чалавек.
Найбольшы конкурс на поўны тэрмін навучання на бюджэтнай аснове склаўся: у ВДУ – на спецыяльнасць «правазнаўства» і «міжнароднае права» (9,5 чалавека на месца), ПДУ – «правазнаўства» (7), ВДТУ – «дызайн (віртуальнага асяроддзя)» (5,1), Ветэрынарнай акадэміі – «ветэрынарная санітарыя і экспертыза» (6), ВДМУ – «фармацыя» (2).
З агульнай колькасці залічаных маюць дыплом з адзнакай 153 абітурыенты, 321 з’яўляюцца медалістамі. Па-за конкурсам на падставе льгот, вызначаных Правіламі прыёму, залічаны 58 абітурыентаў, без уступных іспытаў – 126. Закончылі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаныя ў гарадах, 2667 чалавек, у сельскай мясцовасці – 299, маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю – 1013 чалавек, прафесійна-тэхнічную – 153, вышэйшую – 47. Таксама залічаны 46 замежных грамадзян.
Па выніках уступных іспытаў ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі Віцебскай вобласці залічаны 4103 чалавекі, з іх на навучанне за кошт сродкаў бюджэту – 3140, на ўмовах аплаты – 963. Згодна з планам мэтавай падрыхтоўкі залічана 225 чалавек.
План прыёму на дзённую бюджэтную форму навучання забяспечаны на 100% ва ўсіх установах адукацыі, акрамя індустрыяльна-педагагічнага каледжа «Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта», Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, Аграрнага каледжа УА «Віцебская ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны».
Сярэдні конкурс па ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі склаў 1,24 чалавека на месца. Найбольшы сярэдні конкурс (за кошт сродкаў бюджэту) склаўся ў Полацкім дзяржаўным эканамічным каледжы – 2,65 чалавека на месца, найменшы – у Індустрыяльна-педагагічным каледжы УА «Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт» – 0,8.
У цэлым уступныя іспыты ва ўсіх навучальных установах Віцебшчыны праведзены ва ўмовах спрыяльнага маральна-псіхалагічнага клімату.

Купляем беларускае
Кантрольныя мерапрыемствы КДК Віцебскай вобласці за дзейнасцю суб’ектаў гаспадарання на спажывецкім рынку вобласці паказваюць, што ў цэлым сітуацыя па забеспячэнні насельніцтва неабходнымі таварамі па даступных цэнах застаецца стабільнай.

Прынятыя ў краіне меры па стрымліванні росту цэн на сацыяльна значныя харчовыя тавары дазволілі не дапусціць іх неабгрунтаванага павышэння вытворцамі і прадаўцамі на тавары першай неабходнасці, якія карыстаюцца попытам у насельніцтва.
Разам з тым вынікі кантрольных мерапрыемстваў, праведзеных у гандлёвай сетцы ў чэрвені-жніўні, сведчаць пра тое, што яшчэ не ўсе суб’екты гандлю выконваюць патрабаванні заканадаўства ў часці прадастаўлення пакупнікам неабходных найменняў і разнастайнасці тавараў айчынных вытворцаў. Сустракаюцца выпадкі, калі прадаўцы аддаюць перавагу імпартным таварам пры наяўнасці аналагічных у дастатковай колькасці, пазбаўляючы пры гэтым ці абмяжоўваючы пакупніка права выбару тавараў.
Так, з 35 гандлёвых аб’ектаў, якя трапілі пад маніторынг у Глыбоцкім, Докшыцкім, Чашніцкім і Шумілінскім раёнах, парушэнні асартыментных пералікаў айчынных тавараў адзначаны з 19 (54%).
Напрыклад, у аднаго суб’екта ў Шумілінскім раёне на момант агляду гандлёвага аб’екта ў продажы адсутнічалі айчынныя: рыба салёная і вэнджаная, дыетычныя мучныя кандытарскія вырабы, цукар прасаваны, саленні і інш. Пры гэтым хутказамарожаная плодаагароднінная прадукцыя прапаноўвалася імпартнай вытворчасці 6 найменняў.
Для ўхілення дапушчаных парушэнняў, якія патрабуюць больш працяглага часу, суб’ектам гаспадарання ўручаны адпаведныя рэкамендацыі. У адказах кіраўнікі арганізацый у вызначаныя тэрміны праінфармавалі пра іх ухіленне. Кантроль за наяўнасцю тавараў і ўзроўнем цэн у гандлёвай сетцы будзе прадоўжаны.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №71 ад 11.09.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *