Накануне нового года прошла сессия Добейского сельского Совета депутатов

Президент

На сессии Добейского сельского Совета депутатов

Жыць не ўчарашнім днём, а заўтрашнім…

Пад заслону адышоўшага ў гісторыю 2011 года ў Дабеі адбылася сесія сельскага Савета дэпутатаў.                                                                                       Дэпутаты і запрошаныя заслухалі справаздачу старшыні сельвыканкама І. І. Шалахавай. Ірына Іванаўна дала глыбокі і вычарпальны аналіз таго, што зроблена на год, прайшлася па ўсіх вехах дзейнасці выканкама. Пачала, вядома ж, з вытворчых спраў. На тэрыторыі сельсавета — тры прадпрыемствы, і калі ў двух — ААТ “Прыазёрны мір” і “Ляжні” новы год сустракаюць з прыбыткамі, то ААТ “Шумілінскі льнозавод” планы і заданні праваліў. Прычын няўдачы нямала, адна з іх — капрызнае надвор’е ў чэрвені, калі лён не набраў патрэбнай “цягі”.                                                              Нядрэнныя былі зборы зерня на палях гаспадарак, цярпімыя надоі, хаця “Прыазёрны мір” у гэтым плане выглядае больш прыстойна. Тут, дарэчы, намецілі на 2012-ы намалаціць не менш як 5100 тон збожжа, узняць прадукцыйнасць малочных статкаў.                                                                    Падсобныя гаспадаркі, на жаль, бяднеюць на кароў, іншую жыўнасць, бо вясковы люд старэе. Хаця ў разліку на карову закуплена не так ужо і мала — у межах 2800 кілаграмаў. Актыўна ідзе работа па ўцягненні ў грамадскі севазварот сотак вяскоўцаў. Настойлівая палітыка сельвыканкама прынесла поспех: 69 гаспадароў адмовіліся ад сяўбы зерневых ля дому на карысць сяўбы ў межах калгаснага севазвароту. І гэта работа працягваецца.                                                                                                                                   Не абышла ўвагай Ірына Іванаўна пытанні добраўпарадкавання, зносу старых і струхлелых сядзіб, заклапочана гаварыла пра ачыстку калодзежаў, асабліва ў маленькіх вёсачках. Не ва ўсім можа задаволіць мясцовую ўладу работа гандлю. Асаблівы папрок — у адрас магазіна в. Дабея. Сам будынак нязграбны, несамавіты і выручка тут меншая, чым у магазінах, што ў Амбросавічах і Ляжнях. Вось наглядная карціна: у сярэднім за месяц з пачатку года ў Дабеі адпушчана тавараў у разліку на пакупніка на 189 тысяч рублёў у той час, як у Амбросавічах — на 374 тысячы.                                                                                                                                         Грунтоўны і падрабязны даклад старшыні сельвыканкама дапоўніла галоўны бухгалтар сельвыканкама Ф. Г. Аваева.                                             Дырэктар ААТ “Прыазёрны мір” В. В. Юхнавец, які першым выступіў у спрэчках, засяродзіў увагу на адным аспекце дзейнасці гаспадаркі — на якасных параметрах. І ў вытворчых справах, і ў падборы кадраў. Для таго, каб жыць больш заможна, у гаспадарцы робіцца нямала. Да канца 2012 года сярэдні заробак дасягне рыскі не менш як 2 мільёны рублёў.      А вось намесніку дырэктара ААТ “Шумілінскі льнозавод” хваліцца надта не было чым. І насенныя гатункі былі добрыя, і стараўся калектыў, але вынікаў жаданых няма. Была задума перавесці работу кацельні на менш энергазатратны механізм, атрымалася не ўсё. Акрамя гэтага, “навязалі” Бешанковіцкі льнозавод, ёсць перакосы, на думку Т. А. Бабровай, у  арганізацыі паставак гатовай прадукцыі праз Аршанскі льнокамбінат і Аршанскую экспартную базу.                                                                                Падзякавала ўладзе за клопат пра ўмовы працы сельскіх медыкаў загадчыца Дабейскага ФАПа Н. А. Дубоўская. ФАП “пераехаў” у памяшканні, дзе да паслуг фельчара чатыры прасторныя кабінеты.              У рабоце сесіі  прынялі самы чынны ўдзел і выступілі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў А. Я. Ацясаў і старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава. Галоўная думка іх выступленняў: жыццё паступова наладзіцца, не трэба губляць жыццёвы аптымізм. Па ўсім відаць, Аршанскі льнокамбінат і льносеючыя гаспадаркі вобласці створаць холдынг. Гэты крок дазволіць сабраць у адзін “кулак” усю “льносям’ю”, дзе не  можа быць ні падчарак, ні пасынкаў. Немалыя  сродкі пойдуць на рашэнне задач раённага маштабу, на неаслабным кантролі будуць знаходзіцца праблемы дабейскага “рэгіёна”.                                              Па азначанаму пытанню сесія прыняла разгорнутае рашэнне, намеціла планы работы на 2012 год.

Мікалай ШОСТАК.

Надрукавана ў №1 ад 04.01.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *