Как с гуся вода…

Общество Политика

Нібы з гусі вада…
Дармаедства, бадзяжніцтва, “вольны” лад жыцця –  вось з’явы, дакладней сказаць, язвы сённяшняй рэальнасці.
Раённая назіральная камісія заклікана рэгулярна праводзіць прафілактычныя гутаркі з тымі, хто, вобразна кажучы, пахіснуўся, стаў на слізкую дарогу. Важна спыніць яго, не дазволіць яму наогул страціць чалавечае аблічча. Між тым пасяджэнне лішні раз пацвердзіла сумную думку: самі гэтыя асобы вярнуцца на прыстойную сцяжыну не хочуць, ім, як кажуць, нібы з гусі вада.  За 2013 год 98 злачынстваў у раёне ўчынілі тыя, хто быў раней судзімы. Хаця крыху менш, чым год назад, але ж раён па рэцэдыўнай злачыннасці ледзь не наперадзе краіны ўсёй.
Вось на пасяджэнне заходзіць жанчына. У яе дзіця, жыве яна з сужыцелем у адной з вёсак раёна. Сама з Віцебскага раёна, працавала ў мясцовай гаспадарцы, “зрэзалася” на чарцы і, як вынік, трапіла ў міліцыю. На трое сутак. Гэта ўжо трэцяе парушэнне закона – зусім мала засталося, каб атрымаць рэальны турэмны тэрмін.  У яе “коркі” тынкоўшчыка-маляра, але па спецыяльнасці даўно не працавала. Просіць, каб знайшлі работу.
Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, які вёў пасяджэнне назіральнай камісіі, узяўся за мабільны тэлефон. Анатоль Мікалаевіч многім з гэтага кантынгенту дапамагае знайсці работу, але многія з іх не апраўдваюць аказаны давер.
А вось другі, ён прыахвоціўся красці. У яго стаж па “зоне” – больш за дваццаць гадоў. Гэты не просіць дапамогі, ён спадзяецца, што знойдзе працу ў Віцебску…
А той, што зайшоў у кабінет трэцім, не сумняваецца, што з яго спецыяльнасцю сталяра-станочніка не прападзеш. Але ж адна справа – не сумнявацца, іншая – працаваць. Пасля вызвалення з няволі пайшоў у КУП БАН, адкуль збег у першы ж свой рабочы дзень. Потым паехаў на Расію, каб зарабіць на пражыццё. Куды і кім ён хоча? Не ведае. А можа, хоча нічога не рабіць і зарабляць шмат?.. Але так  бывае хіба ў казках…
Мужчына з “аўтарытэтнай” татуіроўкай на руцэ не выдаваў ні хвалявання, ні трывогі. У яго было ўсё ў ажуры: вярнуўся з месцаў не такіх ужо і аддаленых, у яго пакойчык у інтэрнаце. Як кажуць, цёпла, светла і мухі не кусаюць. Аднак могуць “ўкусіць”, калі прыйдзе яму жыроўка з эннай сумай за камунальныя паслугі. Дзе браць грошы – ён жа не працуе, і працаваць адвык.   Прапанавалі пайсці на льнозавод,  не пайшоў, выкінуў “жалезны” аргумент:
– А як я буду туды дабірацца?..
А вельмі проста: людзей забірае і заводскі аўтобус, ходзяць з Шуміліна пешшу, ездзяць на веласіпедах. Было б жаданне працаваць.
А вось маладога мужчыну, які быў у чарзе апошні, можна і пашкадаваць. Сірата, стаў на злачынную дарогу. У вёсцы далі яму жыллё, прывезлі газавую пліту. Кажуць, сам зараз хлапчына і бліны пячэ. А вось з работай няўвязка. Паставілі яго з “кармачамі”, якія за гарэлкай свету белага не бачаць, і ён тут, як белая варона. Затое даводзіцца працаваць за сябе і за “таго хлопца”. Не хоча.
І апошняе. У раёне недзе 150 вакансій,  пераважна рабочых спецыяльнасцей, а як бывае цяжка падабраць працу для тых, хто не мае ні спецыяльнасці, ні жадання працаваць. З усіх запрошаных на прафілактычную гутарку знайшоўся мужчына, які сам пажадаў пайсці ў КУП БАН шаўцом. “Навучыўся там, – патлумачыў проста, бо ўсе зразумелі, дзе “там”.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №7 ад 28.01.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *