Азы воспитания. А вы кричите на своих детей?

Общество

А вы крычыце на сваіх дзяцей?
Вось ён глядзіць на цябе сваімі чыстымі вачыма і разумее, што не зрабіў нічога такога, за што можна было б на яго так абрушвацца. І ты разумееш, што ён разумее. І ты ў чарговы раз просіш прабачэння, у чарговы раз даеш сабе слова, што такога больш ніколі не паўторыцца. Але яно паўтараецца. І ўсё нанова: пачуццё віны, раскаянне, абяцанне…
Мы можам дараваць нахабства начальніку, прапусціць міма вушэй грубасць суседа, нават прэтэнзіі ўласнаму мужу ці жонцы можам пакінуць, што называецца, пры сабе і не крычаць. Выходзіць, што ў такой сітуацыі самымі неабароненымі і бездапаможнымі аказваюцца дзеці: менавіта тут чамусьці цярпенне і заканчваецца. А значыць, калі мы, дарослыя, крычым на сваіх дзяцей, то да выхавання гэта не мае ніякіх адносінаў. Мы проста не ў стане сябе кантраляваць, мы бездапаможныя перад уласнымі эмоцыямі, мы слабыя. Не кожны можа сабе ў гэтым прызнацца: куды больш бяспечна думаць, што ўсе нашы “подзвігі” ідуць на карысць дзецям. Мы ж бацькі, а значыць, нашкодзіць сваім дзецям не можам апрыёры.
Жыццё сапраўды напружанае, і ў стане лёгкага стрэсу мы знаходзімся заўжды, кожную хвіліну. Толькі дзеці тут пры чым? Яны чэсна выконваюць свой галоўны абавязак – пазнаюць свет. А гэта – шумна, неспакойна і бесперапынна. Пры гэтым, як правіла, б’ецца посуд, пэцкаецца і рвецца вопратка, набіваюцца шышкі, перамешваецца цукар з соллю, размалёўваюцца свежанаклееныя шпалеры і бацькаў пашпарт, льюцца слёзы. Магчыма, нехта, калі збіраўся заводзіць дзіця, неяк па-іншаму ўяўляў сабе шчаслівае бацькоўства. Але яно – менавіта такое, і ад усіх гэтых “нязручнасцяў” не становіцца менш шчаслівым. І нам варта старацца, каб не сапсаваць сваім дзецям дзяцінства. А для гэтага на кожным кроку трэба сябе выпраўляць, удасканальвацца.
Да прыкладу, калі я адчуваю, што яшчэ хвіліна – і будзе бура, то бяру паўзу. Звычайна для таго, каб супакоіць сябе, не трэба і 10 секунд, дзіця гэтага нават не заўважае. Добрая тэрапія таксама – упомніць, як прыкра на душы бывае пасля таго, як пакрычым на дзіця, як цяжка перажыць пачуццё віны і раскаяння. Гэта дапамагае. Калі стрымацца ўсё ж не ўдалося, то абавязкова трэба прасіць прабачэння, мірыцца, ісці на кантакт першымі. Самае вялікае глупства, на мой погляд, – крыўдаваць на ўласных дзяцей. А наогул, якім бы імклівым ні было наша жыццё, варта старацца жыць у сваім уласным тэмпе, жыць спакойна, усімі сіламі захоўваць гармонію ва ўзаемаадносінах з дзецьмі і з блізкімі людзьмі.
Дзяцінства хутка праходзіць. І за гэты кароткі час мы абавязаны даць нашым дзецям столькі любові і клопату, каб хапіла на ўсё астатняе жыццё. І гэта не пра накарміць, апрануць і аддаць у музычную школу. Нашым дзецям не патрэбны натацыі, павучанні, выгаворванні і “ідзі падумай над сваімі паводзінамі”. Іх не робяць шчаслівымі нашы сумненні ў іх поспехах, нашы перасцярогі і нараканні. І калі мой сын не стане прафесарам, бізнесменам ці прэзідэнтам, а стане азеляніцелем, то гэта павінен быць самы шчаслівы азеляніцель у Сусвеце.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
надрукавана ў №13 ад 18.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *