Представительная делегация Шумилинского района едет в Витебск на «Дожинки»

Культура Новости Общество

Едзем у Віцебск ладзіць «Дажынкі»

26 верасня ў Віцебску ладзіцца шырокае свята – абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла «Дажынкі-2020». Зранку ў бліжэйшую суботу з усіх канцоў Віцебшчыны ў абласны цэнтр паедуць афіцыйныя дэлегацыі, гандляры павязуць на кірмаш разнастайны тавар, работнікі культуры – песні і танцы.


Прадстаўнічую дэлегацыю Шумілінскага раёна, у якую найперш увайшлі лепшыя працаўнікі аграпрамысловага комплексу, узначаліць старшыня райвыканкама Віктар Гутараў.
Свае адметныя кветкі ў вянок абласнога свята ўплятуць вядомыя ў нашым раёне калектывы мастацкай самадзейнасці. Так, ансамбль барабаншчыц «Экспрэсія» Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў прыме ўдзел у святочным шэсці ўдзельнікаў фестывалю ад плошчы Перамогі да плошчы Свабоды.
У Летнім амфітэатры ў складзе зводнага хору, які песняй «Хлеб – усяму галава» адкрые «Дажынкі», разам з іншымі выканаўцамі будуць спяваць народны ансамбль «Абалянка» Обальскага ГДК, народны хор «Світанак» Шумілін-скага цэнтра культуры, народны вакальны ансамбль «Гарэзнікі» Обальскай дзіцячай школы мастацтваў.
Шумілінскія артысты выступяць і на іншых пляцоўках. На плошчы Свабоды будзе праходзіць абласное свята традыцыйнай культуры «Спяваем, танцуем і гуляем» (у яго праграме – танцавальны турнір бытавых танцаў «Танчым разам», гульнявыя праграмы «Ад мінулага да сучаснага» і іншыя мерапрыемствы). На ім выступяць танцоры Арцём Віславухаў і Дар’я Сцяпанава з Шумілінскага цэнтра культуры, Уладзімір Мулькоў і Ганна Курыленка з Обальскага ГДК, а таксама калектыў клуба «Ветэран» Лаўжанскага цэнтра культуры і вольнага часу. Гульнявую праграму «Адзін планшэт, а колькі бед» прэзентуе дарослы тэатральны калектыў «Дзеці сцэны» Обальскага ГДК.
Народны вакальны ансамбль «Гарэзнікі» атрымаў запрашэнне выступіць і на сцэнічнай пляцоўцы на плошчы Перамогі, дзе ўвазе гледачоў будзе прадстаўлена канцэртная праграма «Віцебск – горад юнацтва майго».
Шумілінскі дом рамёстваў плануе радаваць удзельнікаў і гасцей фестывалю не толькі ў суботу, але яшчэ і ў нядзелю, расказала дырэктар установы Анжэла Сяргеева. Майстры вязуць на свята два снапы з аўсу, лазовыя кошыкі і падносы, саламяныя сувеніры, ганчарныя вырабы, а таксама вязаных лялек, белак, мышэй і шмат чаго яшчэ.
На пляцоўцы каля Лядовага Палаца разгорнецца выстава-продаж прадукцыі ўстаноў адукацыі вобласці «Восеньскі карагод». Багата тавару для гэтай выставы падрыхтавалі ўстановы адукацыі нашага раёна. У аддзеле адукацыі райвыканкама нам паведамілі, што ў Віцебск павязуць моркву, капусту, буракі, бульбу, зерне, цыбулю, часнок, кабачкі, яблыкі, агуркі кансерваваныя. Сабраную з усіх школ прадукцыю, а таксама ўласныя сувеніры на кірмашы будуць прадаваць работнікі Шумілінскага цэнтра дзяцей і моладзі. А Обальская СШ едзе са сваёй палаткай, гароднінай, мёдам і рэкламай маладой каровы Майкі, якую маюць намер прадаць на кірмашы, паведаміла дырэктар школы Іна Чарнічэнка.
Карэспандэнты нашай газеты таксама паедуць на фестываль – за ўражаннямі, пра якія мы раскажам у наступным нумары газеты.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў 75 ад 25.09.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *