Віцебск перадае эстафету «Дажынак» Шуміліну

Главное Новости Сельское хозяйство

«Шануем тых, хто поле засявае і непрыкметна славіць родны край»

26 верасня Віцебск прымаў абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла «Дажынкі-2020»

Абласная сталіца добра падрыхтавалася да свята. Для ўдзельнікаў абласнога фестывалю-кірмашу адразу па прыездзе ў Віцебск была арганізавана аўтобусная экскурсія па горадзе, падчас якой можна было пабачыць новабудоўлі, узведзеныя да «Дажынак».
На плошчы Перамогі разгарнулася выстава сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікі, якая працуе на палетках рэгіёна, забяспечвае выкананне тэхналогій і дапамагае дабівацца высокіх вынікаў.

На набярэжнай разгарнулі сваю выставу віцебскія выратавальнікі, на Дзвіне яны прадэманстравалі захапляльнае шоу, якое паказала магчымасці сучаснай пажарна-ратавальнай службы.

На плошчы Свабоды разгарнулася фальклорная песенна-танцавальная праграма з удзелам народных калектываў з усіх раёнаў Віцебшчыны. У «Горадзе майстроў» на вуліцы Талстога можна было паглядзець і набыць вырабы беларускіх народных рамёстваў.
Урачыстае шэсце дэлегацый усіх раёнаў вобласці пачалося з ускладання вянкоў і кветак кіраўніцтвам Віцебскага рэгіёна, ганаровымі гасцямі, кіраўнікамі дэлегацый раёнаў да Вечнага агню і помніка вызваліцелям на высокім беразе Заходняй Дзвіны.
Вялікую калону, якая рушыла па вуліцы Леніна да Летняга амфітэатра, дзе адбылося шанаванне перадавікоў, шчыра віталі жыхары абласнога цэнтра.

Галоўная цырымонія ўзнагароджання пераможцаў праходзіла ў Амфітэатры. Павіншаваць лепшых хлебаробаў вобласці ў Віцебск прыехалі намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандр Субоцін, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Ігар Брыло, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, іншыя шаноўныя госці.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка зачытаў удзельнікам свята прывітальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і аб’явіў падзяку Кіраўніка дзяржавы старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалаю Шарснёву.

Дажынкі – свята тых, хто па-гаспадарску апрацоўвае зямлю, хто сее зерне, убірае збожжа. Гэта свята тых, хто ад цямна да цямна ў полі, на чыіх плячах трымаецца аграрная галіна краіны, якая з’яўляецца апорай нашай дзяржавы, адзначыў падчас віншавання хлебаробаў Мікалай Шарснёў. І ў гэтым годзе аграрыі Віцебшчыны папрацавалі на славу: сабралі 1 мільён 77 тысяч тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 31,2 ц/га, першымі сярод рэгіёнаў рэспублікі выканалі дзяржзаказ. Прычым, чацвёртую частку ўраджаю сабралі Аршанскі і Віцебскі раёны (125 і 118 тысяч тон адпаведна), нядрэнна спрацавалі ў Талачынскім і Дубровенскім раёнах. Звыш 60% ураджаю вобласці сабралі аграпрамысловыя холдынгі. Усяго падчас жніва на Віцебшчыне працавалі 1172 камбайны, у тым ліку 173 маладзёжных і 55 сямейных экіпажаў. Тысячу тон зерня намалаціў 401 экіпаж, дзве тысячы – 44, тры тысячы – 11. Толькі два экіпажы перавысілі чатырохтысячны рубеж, столькі ж – пяцітысячны, адзначыў Мікалай Шарснёў. Нядрэнна сёлета сельгаспрадпрыемствы вобласці спрацавалі па зернебабовых: намалацілі 90 тысяч тон (уступілі толькі Брэсцкай вобласці). Разам з гэтым аграрыям ёсць над чым працаваць.
«Паважаныя работнікі сельгасвытворчасці! – звярнуўся Мікалай Шарснёў да аргарыяў. – Вас усіх аб’ядноўвае работа на зямлі. Вы – наша багацце. Няхай зямля заўсёды шчыра адгукаецца на ваш клопат».
Мікалай Шарснёў адзначыў, што Віцебск перадае эстафету «Дажынак» Шуміліну, дзе на наступны год будзе ладзіцца свята працаўнікоў сяла, і выказаў упэўненасць, што раён годна падрыхтуецца прыняць гасцей.

Мікалай Шарснёў павіншаваў пераможцаў «Дажынак-2020» – Віцебскі, Пастаўскі і Аршанскі раёны. Многім кіраўнікам прадпрыемстваў, механізатарам, аграномам, брыга-дзірам былі ўручаны граматы, падзякі, падарункі, медалі «За працоўныя заслугі», нагрудныя знакі «За заслугі ў сельскай гаспадарцы».
Падарункі атрымалі і два сельгаспрадпрыемствы нашага раёна.

Так, дырэктар ААТ «Ляжні» Аляксандр Папіна атрымаў ключы ад новага МТЗ-82.

Такі падарунак ад камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама быў вельмі дарэчы для гаспадаркі, якая сёлета далучыла да сябе частку ворыўных земляў ААТ «Прыдзвінскі».

На такі ж трактар і пагрузачнае абсталяванне ПМС-8 пабагацела КУСГП «Ульскі». Дырэктар гаспадаркі Валянціна Лабейка дзякавала за падарунак генеральнаму дырэктару Полацкага аграхолдынгу Васілю Хамянку.
Напрыканцы ўрачыстай часткі мерапрыемства ўсіх чакаў канцэрт, пасля якога прысутныя маглі азнаёміцца з выставай сельскагаспадарчай тэхнікі, караваяў, наведаць спартыўныя мерапрыемствы і інтэрактыўныя пляцоўкі.

У вялікай зале Віцебскага аблвыканкама адбылася цырымонія ўзнагароджання прызёраў вытворчага спаборніцтва аграрыяў. Некаторыя, як адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Барыс Яфрэмаў, не дацягнулі да прызавога месца тры-пяць тон. Такія людзі таксама дастойныя пахвалы і цёплых слоў. І іх нямала было сказана ў адрас хлебаробаў і шэфаў, якія ў прыпар падставілі вёсцы плячо.
Павіншаваць працаўнікоў вёскі прыйшоў намеснік старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Хрыстафораў, які падзякаваў хлебаробам за працу, цярпенне і вытрымку, пажадаў дабрабыту і поспеху.
Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Ягораў уручыў Ганаровую грамату камітэта Пятру Палаўкову, механізатару УП «Шумілінскі райаграсэрвіс».
Механізатар ААТ «Прыазёрны мір» Аляксандр Раманятаў атрымаў Ганаровую грамату ад абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК, якую ўручыла старшыня камітэта Таццяна Ярома.

Старшыня Шумілінскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова была ўзнагароджана граматай рэспубліканскага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК за рэалізацыю прынцыпаў сацыяльнага партнёрства.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №76 ад 29.09.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *