Крокі да школы. Крокі да сябе

Главное Образование

Крокі да школы. Крокі да сябе

Школа – гэта жыццё. Жыццё – гэта школа. Гэтыя паняцці непадзельныя, як маналіт, ва ўсякім разе для Пятра Спірыдонова.


Пётр Уладзіміравіч Спірыдонаў – дырэктар Мішневіцкай яслі/сад – базавай школы. Былы выпускнік Мішневіцкай СШ, пракруціўшы вялікую частку свайго жыццёвага кола, прыйшоў сюды дырэктарстваваць. Праўда, за гэты час школа пабяднела на вучняў, згубіла свае класныя паралелі (з двума дзявятымі, двума дзясятымі класамі па 22-27 вучняў) і страціла статус сярэдняй. Але тым больш шчымліва мы, былыя яе выпускнікі, успамінаем гады свайго вучнёўства тут.
Мы сустрэліся з Пятром Уладзіміравічам напярэдадні Дня настаўніка і пагаварылі пра школу, яе настаўнікаў, урокі жыцця і многае іншае.

Вучань
Ад яго вёсачкі Старынкі да Мішневіцкай школы, куды ён прыйшоў вучыцца ў пяты клас, было пяць кіламетраў. Чамусьці гэтыя кіламетры выплываюць на першы план у яго ўспамінах пра той час. Гэта цяпер школьны аўтобус вязе дзяцей і за два кіламетры, а тады добра калі бацька сустрэне пасля школы на трактары, а ў большасці – пешшу. У дождж і ў снег. А які быў снег! Цяпер такога не даюць.
А ў школе чакалі настаўнікі. Мішневіцкая школа заўсёды была моцнай сваімі настаўнікамі. З задавальненнем успамінаем з Пятром Уладзіміравічам братоў Абраменкаў. Мікалай Сяргеевіч быў дырэктарам школы, выкладаў гісторыю і грамадазнаўства, быў строгім і прынцыповым. А яго брат Васіль Сяргеевіч быў настаўнікам рускай мовы і літаратуры. Былы франтавік, ён вярнуўся з вайны з адной рукой, але з нязгасным аптымізмам і любоўю, якімі напаўняў кожны свой урок. З удзячнасцю ўспамінаем маладых тады і энергічных фізікаў – Уладзіміра Сцяпанавіча і Лідзію Андрэеўну Бабарнёвых, выкладчыка беларускай мовы і літаратуры Васіля Пятровіча Кавалёва, настаўніцу хіміі Любоў Мікалаеўну Абраменку і многіх іншых, якія ўплывалі на лёс сваіх вучняў, на наш лёс.

Студэнт
Чаму выбраў педагагічны? Дапамог Мікалай Сяргеевіч Абраменка, усміхаецца Пётр Ула-дзіміравіч. Справа ў тым, што на той час школа ўсур’ёз займалася прафесійна-вытворчым навучаннем, мела моцную базу – станкі, трактары, прычапную тэхніку. І выпускнікі выходзілі са школы не толькі з атэстатамі, але і з правамі трактарыста і рэальнымі практычнымі навыкамі. Думалася, што гэты накірунак будзе развівацца, і стаяла задача рыхтаваць адпаведныя педагагічныя кадры. Якраз у той год, калі Пётр Спірыдонаў завяршаў вучобу ў школе, Мазырскі педінстытут вёў набор будучых майстроў вытворчага навучання, у Віцебску фарміравалася група слухачоў на падрыхтоўчыя курсы. М. С. Абраменка быў перакананы, што з удумлівага сур’ёзнага хлопца атрымаецца добры настаўнік, з гэтым перакананнем і завітаў да бацькоў Пятра. Разам і дапамаглі выпускніку вы-значыцца з прафесіяй жыцця. Нават на выпускным вечары не пабываў, са шкадаваннем успамінае Пётр Уладзіміравіч, быў ужо у Мазыры.

Настаўнік +
Малады педагог пачынаў сваё настаўніцтва ў Цаўях і ў Мазурыне (былі там, аказваецца, школы), працаваў адразу на дзве школы, хадзіў з адной у другую пешшу (не прывыкаць!) 7 кіламетраў. Пазней перайшоў зусім у Мазурынскую школу і нават па-працаваў у ёй дырэктарам. І вось у гэты час лёс зрабіў яму падарунак: са студэнцкім будаўнічым атрадам на Мазурынскі цагельны завод пры-ехала яго Надзея – студэнтка Віцебскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа. Гэта яна выйдзе за яго замуж, народзіць сына і дачку, як выдатны педагог Надзея Міхайлаўна дадасць бонусаў прозвішчу Спірыдонавых.
І менавіта там перспектыўнага Спірыдонава прыкмецілі партыйныя работнікі, запрасілі на работу ў райкам партыі інструктарам.
Пасля развалу Савецкага Саюза і ліквідацыі партыйных органаў Пётр Уладзіміравіч выкладаў працоўнае навучанне ў Мікіціхінскай СШ. Потым працаваў ў вучэбна-вытворчым камбінаце. Была такая ўстанова ў Шуміліне, месцілася ў будынку цяперашняй школы мастацтваў, рабіла карысную справу – дапамагала старшакласнікам набыць прафесію трактарыста, вадзіцеля, швачкі, прадаўца, выхавацеля. На той час, пра які ідзе размова, дырэктарам у ВВК працаваў Анатоль Мікалаевіч Зайцаў, а Пётр Уладзіміравіч – намеснікам. 12 год працоўнага стажу ён аддаў гэтай рабоце, як сам лічыць, цікавай і карыснай. І было шчырае шкадаванне, калі камбінат закрылі.

Начальнік
Начальнікам аддзела адукацыі райвыканкама П. У. Спірыдонаў быў назначаны ў 2002 годзе. І як згадзіўся, дзівіцца ён зараз, калі б ведаў, што чакае, асцярогся б. Былі праблемы з кадрамі? З матэрыяльна-гаспадарчым забеспячэннем? Не, з кадрамі было ўсё ў парадку, у школах і дзіцячых садах былі добрыя кіраўнікі, асаблівага дэфіцыту не назіралася і ў прадметнікаў. (Дарэчы, у 2002 годзе, калі Пётр Уладзіміравіч прыступіў да выканання абавязкаў начальніка аддзела адукацыі і ў першы раз праводзіў раённую педканферэнцыю, у раён прыехала 37 маладых настаўнікаў! – аўт.)
Тады і ўстаноў адукацыі ў раёне было разы ў тры болей, кажа мой субяседнік, толькі сярэдніх школ налічвалася 11. І так, матэрыяльна-гаспадарчых пытанняў было хоць адбаўляй. Хаця тут пашанцавала, якраз у гэты час пачалі ўладкоўвацца аграгарадкі, па гэтай праграме многія школы капітальна адрамантавалі. Гэтая ж Мішневіцкая школа, Пётр Уладзіміравіч акідвае позіркам будынак школы, каля якога я яго фатаграфую, была адрамантавана ў 2009 годзе, і да гэтага часу не спатрэбілася нічога падпраўляць.
Вось так у клопатах пра паспяховасць, здароўе дзяцей, іх выхаванне, харчаванне, ацяпленне будынкаў, дахі, вокны, прышкольныя агароды і многае-многае іншае прамільгнула амаль 13 год. І пачаўся новы этап жыцця.

Дырэктар…
Не, усё правільна, дырэктар – гэта прыступка вышэй. Што начальнік? Функцыянер, бяжы туды, выконвай тое, рыхтуй справаздачу за справаздачай. А дырэктар – гэта велічыня. Не дарэмна ж Уінстан Чэрчыль казаў, што «Дырэктары школ маюць такую ўладу, якая прэм’-ер-міністрам нават не снілася». Пётр Уладзіміравіч усміхаецца з такога параўнання і расказвае, што і багацця дырэктар школы мае нямала, вось толькі як ім распарадзіцца? Сёння на балансе ўстановы не толькі будынак Мішневіцкай школы, а яшчэ і закрытыя будынкі Мішневіцкага дзіцячага сада, Суравенскай школы, Мішневіцкага клуба, дзе ў свой час планавалі зрабіць спартыўную залу для моладзі. Прадаць? Каб жа купіў хто.
Ды і ў самой двухпавярховай прасторнай Мішневіцкай школе сёння 35 вучняў (у тым ліку 4 першакласнікі і 1 дзевяцікласнік) і 11 дашкольнікаў. І гэта ўсе дзеці – з Мішневіч і навакольных вёсак. Школьны аўтобус штодзень едзе ў Глушыцу, Сураўні, Панамары, Заполле, Жданоўку. Ну, вось і ўсё, што назбіраў.
П. У. Спірыдонаў наракае на тое, што шматдзетныя перасяліліся ў Шуміліна ў льготныя шматпавярхоўкі, а з імі ў школы было б больш шансаў захаваць свае пазіцыі.
Тым больш, што, як і раней, тут працуе моцны настаўніцкі калектыў. Пётр Уладзіміравіч з удзячнасцю адзначае Лідзію Васільеўну Сямёнаву, якая прыйшла з Суравенскай школы, працавала завучам і зараз вядзе фізіку і матэматыку, Наталлю Пятроўну Пятрову – настаўніцу пачатковых класаў і завуча на вучэбнай рабоце, Ільясевічаў – Таццяну Уладзіміраўну (пачатковыя класы) і Браніслава Мацвеевіча (фізічная культура і здароўе) і іншых. Ёсць у школе і маладыя спецыялісты – сёлета прыступіла да работы выкладчык нямецкай мовы Альбіна Віктараўна Шырокая.
Калектыў дружны, працавіты, вельмі адказныя і тэхнічныя работнікі, рукамі якіх да-гледжаны вялікі прышкольны ўчастак, вырашчаны і сабраны добры ўраджай гародніны, бульбы, ягад. Адных клубніц школа прадала на 360 рублёў. І вельмі хочацца, каб ў школы і калектыву былі перспектывы.

…І вучань
Гэта ў маладосці табе здаецца, што ты ўсё ведаеш і ўсё разумееш, з сумам усміхаецца мой зямляк Пётр Спірыдонаў. А чым больш жывеш, тым больш разумееш, што жыццё паставіць перад табой яшчэ многа складаных пытанняў і дасць шмат урокаў. Гэта так. І сапраўды правільна сказана: «У школе табе спачатку выкладаюць урок, а потым ты праходзіш тэст ці выпрабаванне. У жыцці ўсё наадварот: ты праходзіш праз выпрабаванне і павінен вынесці з яго ўрок». Таму мы ўсе да скону жыцця яго вучні.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №77 ад 02.10.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *