«Чалавек года Шуміліншчыны» Святлана Бараноўская

Главное Общество

«З дзецьмі трэба размаўляць на роўных»

Наш сённяшні субяседнік – педагог дадатковай адукацыі дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі «Шумілінскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі» Святлана Віктараўна БАРАНОЎСКАЯ.

Яна майстар спорту, шматразовая чэмпіёнка Беларусі, чэмпіёнка Еўропы і шматразовая прызёрка чэмпіянатаў свету. Яе выхаванцы, якія займаюцца ў аб’яднанні па інтарэсах «Асновы ўсходніх адзінаборстваў: вавінам в’ет во дао», – пераможцы і прызёры чэмпіянатаў Еўропы, неаднаразовыя чэмпіёны Беларусі. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што шумілінская школа вавінам в’ет во дао – адна з мацнейшых не толькі ў вобласці, а і ў рэспубліцы.
Плённая праца педагога была адзначана: Святлана Бараноўская стала лаўрэатам ганаровага звання  «Чалавек года Шуміліншчыны» ў намінацыі «Сацыяльная сфера (сацыяльная абарона насельніцтва, культура, адукацыя, навука, спорт, ахова здароўя, моладзь)».
– Святлана, вы закончылі Шумілінскую СШ №2 з сярэднім балам атэстата 9,4. Затым вучыліся на «дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя» ў Віцебскім тэхналагічным універсітэце. І як ў вашым жыцці з’явілася вавінам в’ет во дао?
– Магу адразу сказаць, што выпадкова. Пасля заняткаў ва ўніверсітэце гулялі з сяброўкай па горадзе. Зайшлі ў кафэ, пачаставаліся печывам, дарэчы, розныя фастфуды – гэта мая слабасць і сёння. Праходзілі ля спартыўнага клуба «Патрыёт» і чамусьці вырашылі зайсці. Нас запрасілі на трэніроўку па вавінам в’ет во дао. Патрэніраваліся. Прыйшлі і на наступную трэніроўку. Так і ўлюбілася ў вавінам. Было першае выступленне на першынстве горада, дзе трапіла ў прызавую тройку. Затым вобласць, рэспубліка. Адчула смак перамогі. І спыняцца ўжо не хацелася, хацелася новых эмоцый і адрэналіну. Гэта спаўна атрымала на чэмпіянаце Еўропы ў Францыі, дзе стала сярэбраным прызёрам.
– А трэнерам, педагогам таксама сталі выпадкова?
– Напачатку адзначу, што менавіта з выпадковасцей і складаецца жыццё. Не ўяўляю, як можна жыць, калі ў цябе распісаны кожны крок, калі ўсё строга па раскладзе. Лічу, што кожная выпадковасць – гэта новы выклік і новая старонка твайго жыцця. Пачаць трэніраваць іншых – гэта быў сапраўдны выклік. Баялася, доўгі час не згаджалася. Але пасля выступленняў на дыване, захацелася перадаць свае ўменні юным спартсменам. Спачатку дапамагала трэнеру на занятках, затым сама паспрабавала… І страх прайшоў, з дзецьмі трэба размаўляць на роўных, давяраць ім і толькі тады яны даверацца трэнеру. У 2013 годзе пачала працаваць з дзецьмі ў адным з віцебскіх цэнтраў моладзі.
Пастаянна хацела набраць групу ў родным Шуміліне. Сумнявалася, вагалася, ці пойдуць на вавінам дзеці. Вырашыла паспрабаваць. Шэсць год назад у раённым цэнтры дзяцей і моладзі адкрылася аб’яднанне па інтарэсах «Асновы ўсходніх адзінаборстваў: вавінам в’ет во дао», у яго запісаліся каля 20 дзяцей. Сёння ж у аб’яднанні 6 груп – як дзіцячыя, так і дарослая.
– Я так разумею, што аб’яднанне па інтарэсах «Акварэлька» і «Асновы дызайна і выяўленчага мастацтва», якія вы вядзеце, – гэта таксама выклік для вас?
– Відаць, так (смяецца). Кожны пры ўласным жаданні можа рабіць літаральна ўсё, у тым ліку і маляваць. Я добра памятаю сябе, як паступіла ў Віцебскі тэхналагічны. У большасці з маёй групы былі закончаныя мастацкія школы, пастаўлены почырк малявання. Мне прыйшлося пачынаць з нуля. Я хацела навучыцца маляваць, мала хто ведае, колькі слёз, скамечаных аркушаў паперы і зламаных алоўкаў было. Праз нейкі час змагла дасягнуць пэўнага ўзроўню. А навучыць дзяцей маляваць – гэта прасцей, яны, нібы губка, усмоктваюць усё. Галоўнае, не забіць творчасць дзіцяці, падтрымаць намаганні і пахваліць за кожны паспяхова зроблены крок. І няважна, дзе гэта будзе – на барцоўскім дыване ці на мальберце.
– Святлана, вы актыўна карыстаецеся сацыяльнымі сеткамі. Шмат постаў са спаборніцтваў. А вось у інстаграме ў вас вельмі шмат захадаў сонца. З чым гэта звязана?
– Проста люблю захады з іх асаблівай цнатлівасцю і таямнічасцю. Кожны з іх непадобны, са сваімі колерамі і адценнямі. Часам мне здаецца, што захады быццам адчуваюць і перадаюць мой настрой. Не бывае двух абсалютна падобных захадаў, як і не бывае двух абсалютна аднолькава пражытых дзён. А яшчэ ўвечары, калі садзіцца сонца, пазітыўна і лёгка думаецца…
– Чым любіце займацца ў вольны час?
– Вельмі люблю падарожнічаць, адкрываць новыя мясціны. Хаця, па шчырасці, для мяне лепшы адпачынак – у лесе ля возера. Стала добрай традыцыяй, калі мы ў канцы навучальнага года разам з маімі выхаванцамі і іх бацькамі ідзём на некалькі дзён у паход. Падчас паходаў ты адкрываеш дзяцей з іншага, часам нечаканага, боку, і гэта вельмі дапамагае ў працы ў далейшым.
Дзякуючы вавінам в’ет во дао, пабывала ў розных краінах і гарадах. Даўно ўлюбілася ў Рыгу, у якой жывуць мае сваякі. І самы мой любімы занятак – шпацыраваць на вузкіх старажытных вуліцах горада, адчуваць сябе маленькай часткай сярод велічных мураваных збудаванняў. Хаця нядаўна, пасля таго як сама пабачыла «белыя ночы», з’явілася і новая любоў – Санкт-Пецярбург.
Увогуле пастаянна стараюся ва ўсім бачыць яркія і прыгожыя фарбы, пазітыў. І гэта вельмі дапамагае.
– Дзякуй за размову.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №77 ад 02.10.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *