Адны хацелі даражэй прадаць, другія дзешавей купіць – як у Шуміліне прайшоў кірмаш

Главное Новости Общество

А на плошчы ўсіх чакала з кірмашом сустрэча

Традыцыйнага восеньскага кірмашу шумілінцы чакалі: адны адкладвалі грошы, каб набыць сельгаспрадукцыю, іншыя, наадварот, рыхтавалі яе да продажу. Прадаўцы і пакупнікі прыехалі і прыйшлі на плошчу задоўга да пачатку кірмашу.


– Прыехалі, пакуль няма вялікай чаргі і можна без праблем вывезці з плошчы пяць сетак бульбы, – кажуць знаёмыя шумілінцы. – На сваім агародзе сёлета ўрадзіла слаба, вось і прыходзіцца купляць.
Сапраўды, бульба на кірмашы была таварам нумар адзін.

Бульбу везлі на машынах, тачках, веласіпедах, мапедах і конскіх калёсах. Яе прадавалі не толькі СФГ «Раднік», але і прыватныя гаспадары, «Рудакова» і Лужаснянская сортавыпрабавальная станцыя. Гатункі «скарб» і «маніфест» прапаноўвалі па 40-50 капеек за кілаграм.
Карысталася попытам і капуста. Яе прывезлі гаспадары з нашага і Віцебскага раёнаў, былі гандляры з Брэста. Але самую танную капусту, за якой выстраілася чарга, прадавалі з Тулава (па 40 капеек за кілаграм).
Багата на кірмашы было зерня. «Асабліва бойка разыходзіцца ячмень», – падзяліліся работнікі УП «Шумілінскі райаграсэрвіс». Добра куплялі і пшаніцу. Па прычэпу зерня прывезлі «Сіроцінскі», «Ульскі», «Прыазёрны мір», «АграБаравінка».
Сельгаспрадукцыю і печыва прадавалі работнікі ўстаноў адукацыі раёна, а ў СШ № 2 наварылі юшкі, якая хутка знайшла свайго пакупніка. Спецыялісты Дома рамёстваў і Цэнтра дзяцей і моладзі прапаноўвалі розныя вырабы і сувеніры. Лясгас, ПМК-70, УП ЖКГ прадавалі дровы і іншую прадукцыю ўласнай вытворчасці.
Як і на кожным восеньскім кірмашы, было багата саджанцаў пладовых дрэў, якія прывезлі з Лужасна, Самахвалавічаў, Лепеля і іншых гадавальнікаў. Шумілін-скія кветкаводы гандлявалі шматгадовымі кветкамі.
І індывідуальныя прадпрымальнікі, і работнікі «МяскаВіта», куды выстраілася чарга, і аматары-пчаляры, якія прыехалі з розных вёсак раёна, – усе на кірмашы знайшлі свайго пакупніка. Мяркуючы па тым, як хутка напаўняліся пакеты і сумкі шумілінцаў, можна зрабіць выснову, што кожны з іх знайшоў тавар на свой густ.
Напрыканцы свята былі адзначаны лепшыя гандляры. Так, дыпломы і сувеніры за вялікі асартымент прадукцыі атрымалі КУСГП «Сіроцінскі», ААТ «Прыазёрны мір» і лясгас. За лепшае афармленне гандлёвых аб’ектаў былі ўзнагароджаны аддзел па адукацыі райвыканкама, ТЦСАН і УП ЖКГ.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №78 ад 06.10.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *