Нужна ли современному человеку библиотека?

Культура Общество

Усім прапісваю чытанне
У апошні час у грамадстве ўсё часцей гучыць трывожны сігнал: народ губляе цікавасць да чытання і аддае перавагу электронным сродкам інфармацыі. Некаторыя лічаць, што бібліятэка для сучаснага чалавека не такая актуальная, як у былыя часы. Навошта хадзіць у бібліятэку, губляць час, калі можна, не выходзячы з дому, знайсці любую інфармацыю ў інтэрнэце? Хочацца з гэтым паспрачацца.
Сапраўды, сёння кніга ўжо не з’яўляецца адзінай крыніцай інфармацыі. Ну, што тут скажаш: “Ура тэхнічнаму прагрэсу!” Бо нельга недаацэньваць магчымасці і значэнне сучасных носьбітаў інфармацыі і камп’ютарнай пісьменнасці. Тым не менш, толькі той, хто валодае традыцыйнай кніжнай культурай, возьме з новага тое, што сапраўды пашырыць кругагляд яго ведаў. З упэўненасцю можна сказаць, што для чалавека, які ўмее думаць і аналізаваць, электронныя сродкі служаць дадатковай крыніцай інфармацыі, але ніяк не асноўнай. На жаль, якасцю інфармацыі інтэрнэт пахваліцца не можа, і гэта прызнаны факт. У такім выпадку для чалавека будзе звычайным праверыць атрыманую з інтэрнэта інфармацыю. Куды пайсці? Канешне ж, на паклон да бабулі-кніжкі.
Гавораць, што ў інтэрнэце можна знайсці любую мастацкую кнігу. І гэта так! Але як яе чытаць? З манітора? Можна вельмі хутка страціць зрок, і ніякі сюжэт, нават самы займальны, гэтага не каштуе. Канешне, можна ўвесь тэкст вывесці лістоў на дзевяцьсот. Што ж, калі дазваляюць сродкі – калі ласка! Але навошта такія клопаты? Дастаткова зайсці ў бібліятэку – і вось неабходная кніга перад табой, ужо надрукаваная, па-мастацку аформленая, толькі працягні руку і вазьмі.
Мусіць, прыйшоў час і бацькам кінуць  міла глядзець на сваіх дзетак, якія цэлымі днямі сядзяць каля камп’ютараў, кінуць захапляцца іх “продвинутостью”. Многім з нас будзе не да расчуленасці, таму што тыя гульні, якімі мы самі забяспечваем сваіх дзяцей, аказваюцца крывавымі, па сваёй жорсткасці перавышаюць самыя “крутыя” баевікі для дарослых. Дзеці часта “знікаюць” у віртуальным свеце. А кніга – гэта адзіная магчымасць утрымаць баланс паміж адным і другім светам…
Бібліятэка аказвае ўплыў на фарміраванне ў чалавека любові да кнігі. Падказаць, растлумачыць, зацікавіць, знайсці падыход да кожнага чытача, асабліва калі гэты чытач – дзіця, — задача не з лёгкіх, але рэальная. Як бібліятэкар, зыходзячы з вопыту сваёй работы, ведаю, што большасць дзяцей пры выкананні якіх-небудзь пісьмовых работ з задавальненнем карыстаецца кніжнымі крыніцамі інфармацыі, трэба толькі своечасова дапамагчы падабраць неабходныя.
Сёння дзеці перасталі лёгка фармуляваць і глыбока аналізаваць, а заўтра перастануць думаць і меркаваць! А што будзе паслязаўтра?
Ці патрэбна чалавеку кніга? Патрэбна! Нездарма кажуць, што добрая кніга – лекар чалавечай душы. А калі гэта так, тады я ўсім нам прапісваю чытанне, пакуль што толькі ў прафілактычных мэтах.
Л. ТАРАСАВА,  загадчыца Мішневіцкай сельскай бібліятэкі.
Надрукавана ў №96 ад 10.12.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *