Здарэнні. Крымінал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал

Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.
Пагроза
У міліцыю звярнулася жыхарка райцэнтра, якая знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцяці. Жанчына расказала, што праз сацыяльныя сеткі ёй паступіла пагроза ад невядомай асобы. Апошняя патрабавала пералічыць ёй 350 рублёў. У адваротным выпадку яна раскажа звесткі пра жанчыну, якія той хочацца захаваць у тайне. Па дадзеным факце вядзецца расследаванне. Па ч. 1 арт. 208 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за пагрозы і вымаганне грошай невядомай асобе пагражае пазбаўленне волі да пяці гадоў.
Электраінструменты
Жыхар райцэнтра ўкраў электраінструменты з дачнага дома. За гэта супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Крадзеж», па-гражае пазбаўленне волі да чатырох гадоў.
Крадзяжы
У ходзе расследавання адной крымінальнай справы супрацоўнікі крымінальнага вышуку раскрылі яшчэ два злачынствы. Жыхар райцэнтра з дачнага дома ў Шуміліне ўкраў зварачны апарат, кошт якога ацэнены ў 330 рублёў. Украдзенае знойдзена, канфіскавана і будзе вернута гаспадару. Гэты ж махляр абрабаваў яшчэ аднаго дачніка – прыхапіў набор ключоў, коштам больш за 70 рублёў. Па абодвух фактах узбуджаны крымінальныя справы.
Грошы
Жыхар райцэнтра прыйшоў у аддзел унутраных спраў з заявай, у якой напісаў, што яго абрабавалі – укралі 180 рублёў. Па меркаваннях пацярпелага, грошы ў яго прапалі, калі ён знаходзіўся ў гасцях у знаёмых з в. Баёўка. Па гарачых слядах супрацоўнікі РАУС знайшлі злачынцу. На чужыя грошы паквапіўся мясцовы жыхар. Узбуджана крымінальная справа. Максімальнае пакаранне, што пагражае ліхадзею, – пазбаўленне волі да трох гадоў.

Са зводак ДАІ
У кювеце
Супрацоўнікі ДАІ на аўтадарозе Обаль-Полацк затрымалі жыхара Магілёва, які на асабістым аўтамабілі ВАЗ-2106 з’ехаў у кювет і перакуліўся. Пры гэтым не быў прышпілены рамянямі бяспекі. На вадзіцеля складзены тры адміністрацыйныя пратаколы, якія адпраўлены для далейшага разгляду па месцы жыхарства парушальніка. Аўтамабіль адбуксіраваны на штрафстаянку РАУС.
Нецвярозы
На вуліцы Вакзальная ў Шуміліне затрыманы мясцовы жыхар, які кіраваў аўтамабілем «Фальксваген» у стане алкагольнага ап’янення. Да таго ж, не меў пры сабе вадзіцельскага пасведчання, страхоўкі на аўтамабіль і пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку. Яму пагражае штраф ад 50 да 100 базавых велічынь і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады.
Людміла ЗУЙКОВА.
Апублікавана ў №78 ад 06.10.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *