Аляксандр Алюлін у кожным спецыялісце бачыў перш за ўсё чалавека, які можа і памыліцца

Край шумілінскі Людзі і лёсы Сельское хозяйство

«Калі працаваць з душой – усё атрымаецца»

Выхаваны ў працавітай сям’і на Пскоўшчыне, ён прыехаў у наш раён і застаўся тут назаўсёды. Жыве тут вось ужо паўстагоддзя і лічыць Шуміліна сваёй другой радзімай.

Аляксандр Алюлін (першы справа) са спецыялістам райсельгасхарчу Віктарам Ніканавым (першы злева), работнікам райкама партыі Уладзімірам Мартынавым, спецыялістам райсельгасхарчу Галінай Кашпар.

Добра ведае мясцовых людзей і зараз, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, з задавальненнем чытае пра іх у раённай газеце. Гаворка пра Аляксандра Паўлавіча Алюліна – шчырага чалавека, ініцыятыўнага працаўніка, клапатлівага і ўважлівага сем’яніна, які ўпэўнены: «Калі працаваць з душой – усё атрымаецца»

Аляксандр Паўлавіч Алюлін паступіў на факультэт аховы раслін выпадкова. «Калі адбываў тэрміновую ваенную службу ў ракетных войсках у г. Луга, што ля Санкт-Пецярбурга, мяне адправілі на курсы малодшых лейтэнантаў, – успамінае субяседнік. – А там прапаноўвалі жадаючым паступаць у Велікалуцкі сельскагаспадарчы інстытут. Я вырашыў паспрабаваць свае сілы, як кажуць, за кампанію з сябрамі. І паступіў. І самае цікавае, што прафесія мне пачала падабацца яшчэ падчас вучобы. Па размеркаванні тры гады адпрацаваў у Кастрамской вобласці. А потым сябра, з якім разам вучыліся, паклікаў мяне на сваю радзіму – на Віцебшчыну. Думаў, што буду працаваць тут часова, але на Шуміліншчыне сустрэў сваё каханне, стварыў сям’ю, пабудаваў дом. І цяпер лічу, што няма ў свеце прыгажэйшага краю».
Аляксандр Паўлавіч прыехаў на Шуміліншчыну ў 1971 годзе. Спачатку працаваў начальнікам станцыі па ахове раслін, якая толькі што была створана ў нашым раёне, потым – старшым аграномам у раённым упраўленні сельскай гаспадаркі. Некалькі гадоў рупіўся намеснікам начальніка райсельгасхіміі, галоўным аграномам калгаса імя Леніна, куды яго пераманіў старшыня Уладзімір Долгі. Але самы вялікі працоўны адрэзак – гэта работа галоўным аграномам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, на гэтай пасадзе быў больш за дваццаць гадоў. З ёй і звязаны самыя прыемныя ўспаміны.
Якасць і тэмпы сельгасработ на палетках гаспадарак раёна падчас пасяўной, нарыхтоўкі кармоў ці ўборачнай напрамую залежалі ад вялікай дружнай каманды аграномаў, якую ўзначальваў Аляксандр Алюлін, ад разваротлівасці кожнага з калектываў сельгаспрадпрыемстваў, якіх у 80-ыя гады ў нашым раёне налічвалася васямнаццаць. Чалавек інтэлігентны, Аляксандр Паўлавіч рэдка калі павышаў голас. Работу арганізоўваў так, каб кожны з кіраўнікоў і аграномаў калгасаў і саўгасаў адчуваў адказнасць за даручаную справу. Аляксандр Алюлін ніколі сам не хібіў у рабоце і вучыў працавітасці іншых. У меру строгі і ў той жа час справядлівы, ён быў дальнабачным стратэгам і сапраўдным гаспадаром палеткаў. Загадзя планаваў работу, ставіў задачы перад сельгасарганізацыямі, вызначаў мэты, на якія працавалі ўвесь сельскагаспадарчы год.

Працоўнае месца – ралля ці ніва
Першы сакратар райкама партыі Уладзімір Пясоцкі прымаў Аляксандра Алюліна ў рады камуністычнай партыі. Потым ён стаў сакратаром партарганізацыі ўпраўлення. І ўсё далейшае жыццё Аляксандра Паўлавіча было прысвечана служэнню партыі, краіне і людзям, якія жывуць на Шуміліншчыне.
Па жыцці чалавек разважлівы і нераўнадушны, ён любіў вучыцца, спрабаваць, аналізаваць. А гэтага не зробіш у кабінеце. Яго стыхія і працоўнае месца – гэта палеткі. Ралля ці ніва, няма розніцы. Толькі там можна было рэалізаваць набытыя веды з таго стосу агранамічных кніг, даведнікаў і часопісаў, што заўсёды ляжалі на паліцы.
У 80-ыя гады практычна ўсе гаспадаркі вырошчвалі лён – трэба было забяспечваць Шумілінскі льнозавод сыравінай. Ураджайнасць валакна была добрая – 6 цэнтнераў з гектара. З зерневых перавагу аддавалі азімаму жыту. Помніцца, у 80-ыя гады раён атрымаў валавы збор зерня 54 тысячы тон. Гэта быў сапраўдны прарыў у раслінаводстве, бо дагэтуль не дацягвалі і да 40 тысяч тон. Тады Шуміліншчына заняла першае месца па вырошчванні зерня і лёну і атрымала пераходны Чырвоны Сцяг. Вельмі ганарыліся перамогай.
Бульба была ледзь не ў кожнай гаспадарцы: «другога хлеба» саджалі раней дзве тысячы гектараў. Па 200-300 га адводзілі пад бульбу ў калгасе імя Леніна, саўгасах «Мішневічы» і «Кароткіна», «Казьяны». Кожны год у гаспадаркі восенню прыязджалі студэнты, каб дапамагчы з уборкай. Неаднойчы раён займаў прызавыя месцы па вырошчванні бульбы, ураджай даходзіў да 160 ц/га.
А яшчэ ў 80-90-ыя гады ў раёне пачалі сеяць люцэрну. Насенне гэтай новай культуры рызыкнулі купіць некалькі гаспадарак.
Раслінаводчая галіна раёна паступова развівалася, удасканальвалася. Аляксандр Алюлін кажа, што ў гэтым не толькі яго заслуга, але і кіраўнікоў гаспадарак: Ганны Атрахімовіч (саўгас «Сіроцінскі»), Уладзіміра Долгага (калгас імя Леніна), Генадзя Красноўскага (калгас імя Чапаева), Пятра Насыра (саўгас імя Кароткіна) і многіх іншых.

«Бяздумна шашкай не махаў»
Пад кіраўніцтвам Аляксандра Алюліна працавалі многія аграномы калгасаў і саўгасаў, якія потым сталі кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў – Леанід Данілаў з саўгаса «Мішневічы», Пётр Лапавухаў з калгаса імя Суворава, Аляксандр Папіна з калгаса «Рассвет», Дзмітрый Мятла з к калгаса імя Чапаева, Аляксандр Шалюта з калгаса імя Энгельса, Анатоль Зянькоў з «Ленінскага прызыву».
– Мне таксама пашчасціла працаваць пад кіраўніцтвам Аляксандра Паўлавіча, – кажа былы аграном калгаса «Ленінскі прызыў» і сённяшні кіраўнік СФГ «Раднік» Юрый Сямёнаў. – Гэта пакладзісты чалавек, правільны кіраўнік, прафесіянал сваёй справы. Заўсёды з павагай адносіўся да кожнага. У кожным спецыялісце бачыў перш за ўсё чалавека, які можа і памыліцца, і не далічыцца, і прапусціць. Бяздумна шашкай не махаў, але настойліва патрабаваў неабходнае і правільнае. Заўсёды адстойваў свой пункт погляду, прыводзіў упэўненыя аргументы. У той жа час умеў слухаць, дапамагаць. Ніколі не задзіраў нос і не паказваў сябе вялікім начальнікам, калі прыязджаў на палеткі. Наадварот, расказваў спакойна і ўпэўнена. Такая навука была зразумелая. Палова раёна вучылася менавіта ў Аляксандра Паўлавіча. І я ганаруся, што і ў мяне быў такі талковы настаўнік.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў № 80 ад 13.10.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *