Мікалай Мароз выдаў новую кнігу «Вырак»

Культура Новости Общество

«Курыць фіміям ці жыць па-чалавечы?»
– такую назву мае эсэ ў маёй новай кнізе «Вырак» (па-руску «Приговор»). У эсе падаецца разважанне пра тое, як жывеш ты, чалавеча: курыш фіміям – лісліва ўсхваляеш кагосьці, ці крочыш па жыцці сумленна, прыстойна, па-чалавечы?


Праўда, эсэ займае нязначнае месца ў кнізе. Львіная доля адведзена авантурнаму раману «Трыццаць гадоў з правам перапіскі» і аповесцям «Аблуды» і «Вырак». Сюжэт рамана такі. У Аднакласніках пісьменнік Макар Мяцеліца згледзеў знаёмае са студэнцкай пары прозвішча, напісаў у «лічцы» яе сястры Таццяне (Макаравай незнаёмкі Галіны, як аказалася, няма ўжо ў жывых) і наладзіў з ёй перапіску. У ім нечакана абудзіўся творца, яму нясцерпна закарцела напісаць раман, захацелася паказаць характар, стыль жыцця жанчыны, якая рана аўдавела і вось ужо трыццаць гадоў жыве без мужчыны ў хаце.
Твор – з пікантнымі эпізодамі і сітуацыямі, таму мусіў паставіць абмежаванні чытацкай аўдыторыі: кніга разлічана на чытача ва ўзросце ад 16 гадоў і старэй. Але пікантныя сцэны ў творы ўжыты не дзеля пікантнасці (эратычнасці), а як сродак уздзеяння на гераіню, каб тая цалкам раскрылася ў сваіх намерах. Дарэчы, тыя, хто пачытаў раман з Сігнальнага асобніка, дасланага з выдавецтва, перакананы: твор чытаецца на адным дыханні.
Аповесць «Аблуды» (па-руску «Заблудшие») пісаў не сёння, базавая фактура ў яе ад нарысаў, прысвечаных гісторыі і сённяшняму жыццю людзей раёна. Праўда, шмат мастацкай выдумкі (як без гэтага аповесць?). Тут уніклівы чытач знойдзе некалькі прататыпаў дзейных асоб твора, зможа парадавацца за адных, паспагадаць другім, не паважаць трэціх.
У аповесці «Вырак» не абышлося без вымыслу, без фантазій і нават элементаў містыкі з тым, каб і чыталася займальна, і мела адмысловае мастацкае ўвасабленне жыццёвай праўды. Хто стаіць за героямі і чаму знойдзены такі аповед – усё гэта няхай стане тэмай дыскусій для тых, хто набудзе і прачытае маю новую кнігу, у якой, апрача гэтых твораў, змешчаны апавяданне і мініяцюры. А што кніга вартая таго, каб набыць, сведчыць хаця б вокладка – цвёрдая, з густоўным дызайнам, а яшчэ – сталічнае выдавецтва, а таксама амаль 350 старонак тэксту, якому аддаў нямала свайго сэрца і часу.
Тыраж кнігі невялічкі, на большае не хапіла грошай. Уласных грошай. І каб не выручыў адзін чалавек, не даў пазыку, якую трэба ў бліжэйшы час вярнуць, – хто ведае, ці ўвязаўся б у выданне новай кніжкі. Таму яна нятанная, аднак той, хто правёў не адну хвіліну над маімі ранейшымі творамі, усё ж аддасць перавагу не меркантыльнаму (не хлебам адзіным жыве чалавек), а духоўнаму, таму, пра што той-сёй у мітусяніне жыцця нелітасціва забыўся або беспрычынна занядбаў.
З павагай і зычаннем дабра і міру
Мікалай МАРОЗ, в. Баёўка.
Р.S. Тэлефоны пісьменніка пры жаданні можна атрымаць у рэдакцыі.
Апублікавана ў 382 ад 20.10.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *