В Шумилинском райисполкоме прошла встреча с молодыми специалистами

Главное Молодёжь Президент

«Разам рухацца наперад»

16 кастрычніка ў райвыканкаме прайшла сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі і рабочымі, якія сёлета прыехалі ў наш раён
па размеркаванні.

– Мы жадаем, каб вы засталіся ў раёне, стварылі сем’і, замацаваліся тут, каб разам рухацца наперад, развіваць вашы прадпрыемствы, Шумілінскі раён і ўсю краіну, – звярнуўся да моладзі старшыня Шумілінскага райвыканкама Віктар Гутараў.
Віктар Сяргеевіч адзначыў, што з прыходам моладзі з’яўляюцца новыя падыходы да развіцця эканомікі прадпрыемстваў, новыя веды і тэхналогіі, якія дапамагаюць вызначаць станоўчыя тэндэнцыі ў вытворчасці і сацыяльнай сферы. Кіраўнік раёна падкрэсліў, што ад кожнай асобы залежыць шмат, і кожны малады спецыяліст, рабочы можа многае змяніць вакол сябе. «Галоўнае, не быць раўнадушным, вось у гэтым выпадку нічога не атрымаецца», – сказаў ён.
Старшыня райвыканкама расказаў моладзі пра тое, што робіцца ў раёне для баўлення вольнага часу, заняткаў спортам – пабудаваны спартыўныя пляцоўкі ў мікрараёнах райцэнтра і Обалі, вядзецца рамонт многіх сацыяльных аб’ектаў, клубаў. Ён выказаў спадзяванні, што актыўнасць, энтузіязм моладзі дапамогуць прыцягваць да актыўнага адпачынку не толькі падлеткаў і дзяцей, але і многіх дарослых. Віктар Гутараў запрасіў моладзь актыўна звяртацца з прапановамі, а калі неабходна, то і з асабістымі праблемамі да ўладаў, якая са свайго боку будзе імкнуцца дапамагаць і падтрымліваць маладых рабочых і спецыялістаў.
«Сёлета ў раён прыехала больш за 70 выпускнікоў прафесійных, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых устаноў адукацыі, – расказала начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Галіна Каралёва. – Найбольшае папаўненне атрымала сельская гаспадарка раёна – 24 чалавекі, 14 спецыялістаў прыйшлі ў медыцыну, 10 – у лясную гаспадарку, 11 – у будаўніцтва, 8 – у прамысловасць, 5 – у адукацыю і 4 – у культуру. Палова ўсіх спецыялістаў – моладзь Шуміліншчыны, якая вярнулася на радзіму пасля вучобы». Галіна Анатольеўна расказала пра вынікі анкетавання, якое праводзілася з моладдзю, праблемныя пытанні, якія высвеціліся падчас апытання. Маладыя людзі сярод праблем назвалі пытанні вольнага часу, нізкі ўзровень зарплаты, умовы пражывання і жыллёвыя праблемы, дастаўку да месца работы.
Пра работу прафсаюзных арганізацый, абарону правоў працоўных расказаў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вячаслаў Емяльянаў. Спецыяліст «ААБ Беларусбанк» Святлана Чаплінская расказала пра крэдыты, якія могуць атрымаць маладыя людзі, галоўны спецыяліст аддзела архі-тэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Валерый Шчамялёў паведаміў пра ўмовы будаўніцтва ўласнага жылля.
Падтрымала моладзь дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Палякова.
«Нічога не бойцеся. Дзесьці будзе складана, дзесьці лёгка. Дапамагайце калегам, не саромейцеся прасіць дапамогі ў іх. І ў вас усё атрымаецца», – сказаў Уладзімір Груца. Дарэчы, сам Уладзімір прыйшоў на пасаду галоўнага эканаміста некалькі год таму, працаваў, адслужыў у арміі, вярнуўся ў гаспадарку і цяпер заняў пасаду намесніка дырэктара КУСГП «Мішневічы», а на пасаду галоўнага эканаміста пасля заканчэння БДСГА прыйшла яго жонка Алена.
Загадчык Мішкаўскага ФАПа Вікторыя Міляк, вядучы эканаміст Шумілінскай ПМК-70 Марыя Талсташава, якія працуюць ужо не першы год, расказалі пра тое, як яны выбіралі сваю прафесію і першае месца работы, падзялі-ліся з моладдзю ўражаннямі пра свае першыя крокі на працоўным месцы, імкнуліся маральна падтрымаць маладых спецыя-лістаў.
Пасля афіцыйнай часткі маладыя людзі наведалі спецыялізаваную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзерву, дзе паглядзелі паказальныя выступленні валейбалістаў і барцоў, якія нягледзячы на юны ўзрост, маюць добрыя вынікі на абласным і рэспубліканскім узроўнях.
У фізкультурна-аздараўленчым цэнтры моладзь пазнаёмілася з паслугамі, якія дапамагаюць трымаць добрую фізічную форму.
У гісторыка-краязнаўчым музеі іх чакала цікавая экскурсія. Пасля чаго маладыя спецыялісты мелі магчымасць зносін у нефармальнай абстаноўцы.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў 382 ад 20.10.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *