Паліўныя брыкеты з Шуміліна – у Еўропу

Главное Новости Экономика

Паліўныя брыкеты з Шуміліна – у Еўропу

Міні-завод па вырабу паліўных брыкетаў RUF працуе ў Шумілінскай ПМК-70.

Рабочы міні-завода па вырабу паліўных брыкетаў Мікалай Чаранок кантралюе якасць прадукцыі.

Лінія дазволіла прадпрыемству арганізаваць практычна безадходную вытворчасць, бо робяцца паліўныя брыкеты з апілак і шчапы, якія засталіся пасля дрэваапрацоўкі. «У месяц у сярэднім у ПМК-70 заставалася пад 200 кубаметраў шчапы і апілак, – расказвае намеснік дырэктара А. В. Жураўлёў. – Раней адходы дрэваапрацоўкі пераважна прадаваліся УП ЖКГ і сельгаспрадпрыемствам. Зразумела, што сыравіну прадаваць не рэнтабельна. Пралічыўшы выдаткі і рызыку, кіраўніцтва ПМК-70 прыняла рашэнне набыць лінію па вырабу паліўных брыкетаў».
Даведачна. Паліўныя брыкеты – від цвёрдага паліва, альтэрнатыва звычайным дровам або вугалю. Апошнія дзесяцігоддзі яны з-за сваёй экалагічнасці і зручнасці як пры выкарыстанні, так і захоў-ванні карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў краінах Еўропы.
Іх можна выкарыстоўваць у печах, цвёрдапаліўных катлах і іншых ацяпляльных прыборах, якія працуюць на цвёрдым паліве. Існуе некалькі відаў паліўных брыкетаў з драўніны, найбольш вядомыя – гэта RUF, Рini-kay і Nestro.
Зараз штомесячна Шумілінская ПМК-70 выпускае каля 100 тон паліўных брыкетаў RUF. Напачатку прадукцыя цалкам ішла на продаж у Еўропу, карысталася вялікім попытам у краінах Балтыі. Апошнім часам брыкетамі зацікавіліся і ў Беларусі: напрыклад, аграэкасядзіба «Добры двор» з Лёзна перайшла на шумілінскія паліўныя брыкеты.
– І ўсё-такі, чым лепш ацяпляць дом – дрывамі ці паліўнымі брыкетамі? – цікавімся ў намесніка дырэктара.
– Адназначна, паліўнымі брыкетамі, – адказвае Аляксей Жураўлёў. – Галоўная перавага брыкетаў у тым, што ў іх у 1,5-2 разы вышэй тэмпература гарэння, чым у дроў. У сярэднім цеплатворная здольнасць драўніны складае 2500-2700 ккал/кг, а ў брыкетаў – 4500-4900 ккал/кг. Акрамя гэтага брыкеты даўжэй гараць.
– Цікава, колькі брыкетаў трэба на суткі, каб ў доме было цёпла? – пытаемся далей.
– Двух пакетаў хопіць на суткі ў маразы, – расказвае Аляксей Васільевіч. – Ва ўпакоўцы, што мы выпускаем, 12 брыкетаў, кожны з якіх важыць 840 грамаў. Дарэчы, набыць паліўныя брыкеты RUF можа любы жадаючы.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №85 ад 30.10.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *