«Чалавек года Шуміліншчыны»: Наталля Чаранок

Главное Сельское хозяйство

Па руплівасці і вынікі мае

Ганаровага звання «Чалавек года Шуміліншчыны» ў намінацыі «Аграпрамысловы комплекс, ахова навакольнага асяроддзя, лясная гаспадарка» удастоена Чаранок Наталля Мікалаеўна, аператар машыннага даення малочнатаварнай фермы Мішкавічы сялянскай (фермерскай) гаспадаркі Сямёнава Юрыя Віктаравіча «Раднік».

Вырасла Наталля Чаранок у маленькай вёсцы Гарадок, што была каля Мішкавіч. У юнацтве не задумвалася, дзе будзе працаваць. Сельгаспрафесіі былі блізкія вясковай дзяўчыне, таму пайшла вучыцца на аператара птушкафермы ў Гарадоцкае вучылішча. На канікулах працавала падменнай даяркай на ферме Міхалова, працавала плячо ў плячо з вопытнымі. «Калі закончыш сваю навуку, то прыходзь да нас на ферму – будзем працаваць разам,» – запрашалі жанчыны. Наталля вярнулася ў родную гаспадарку, працавала на ферме Ізгародзішча, потым на Макаўі.
– Быць пастаяннай даяркай – гэта вельмі адказна, – кажа Наталля. – Калі студэнткай працавала па месяцу, не разумела колькі стараннасці і шчырасці трэба ўкладваць у работу. Толькі я адна ведаю, колькі слёз прыйшлося праліць, перш чым з мяне атрымаўся вопытны аператар машыннага даення. Вельмі ўдзячная свайму настаўніку – Валянціне Сцяпанаўне Ушал, якая працавала загадчыцай на ферме Макаўе.
Зараз Наталля Мікалаеўна сама можа быць настаўнікам для маладых.
З года ў год Наталля Чаранок становіцца лепшай даяркай раёна. Вось і сёлета перамагла ў прафсаюзных спаборніцтвах сярод аператараў машыннага даення тройчы – за сакавік, верасень і кастрычнік, за што была ўзнагароджана граматай і прэміяй.
Наталля Чаранок прыходзіць на ферму яшчэ да пачатку рабочага дня. Трэба абысці кароўнік, зазірнуць у кожную кармушку, падсунуць кармы, павітацца з кожнай каровай і ўпэўніцца, што яны здаровыя. «Потым раздаю жывёле муку, кармлю цялятак, даю кароў, – расказвае пра сваю работу Наталля. – Пасля даення асноўнага статка раблю паддой кароў і яшчэ раз выпойваю цялятак. Увогуле мы на ферме працуем адным дружным калектывам. Пры неабходнасці дапамагае Марына Шэдзько, мая старэйшая паплечніца. У нас добры загадчык фермы – Сяргей Прыгожы, які душой хварэе за работу. За пакрыццё кароў і іх лячэнне адказвае не менш вопытны ветурач Аляксандр Прохараў.
На вынік работы па жывёлагадоўлі працуе ўвесь калектыў, ад кіраўніка да механізатараў. У нас удосталь нарыхтавана якасных кармоў, даём жывёле канцэнтраты. Затое і вынікі ёсць. Разумеем, што асноўны прыбытак гаспадаркі – з малака, таму і зарабляем грошы на ферме».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №88 ад 10.11.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *