Васільковыя зоркі «Славянскага базару»

Главное Новости Славянский базар

Васільковыя зоркі «Славянскага базару»

XXX Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» адбыўся

Сотні лакацый, тысячы ўдзельнікаў і дзясяткі тысяч гасцей – фестываль год ад года не мяняе сваёй маштабнасці.
Асноўнымі падзеямі фэсту сталі ўрачыстая цырымонія і гала-канцэрт адкрыцця, канцэрт «Саюзная дзяржава запрашае…», XXX Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск–2021», XIX Міжнародны дзіцячы музычны конкурс «Віцебск-2021», Дзень моладзі, цырымонія і гала-канцэрт закрыцця фэсту.
Былі акрэдытаваныя больш 400 журналістаў з 76 сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку з Балгарыі, Эстоніі, Казахстана, Літвы і іншых краін.

Зорка Мікалая Баскава
Зорка даўняга сябра «Славянскага базару» Мікалая Баскава з’явілася ў Віцебску.
Спецыяльную ўзнагароду Прэзідэнта «Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення» расійскаму спеваку ўручыў міністр культуры Анатоль Маркевіч. У гонар лаўрэата была закладзена імянная зорка на Плошчы зорак каля галоўнай сцэны фестывалю – Летняга амфітэатра. «Гэта вялікі гонар для мяне. “Славянскі базар у Віцебску” займае ў маім жыцці асаблівае месца. Я ўпершыню прыехаў на фестываль 22 гады таму, у 1999 годзе. Гэта гісторыя майго пачатку, першы фестываль, тут адбылося баявое хрышчэнне», – сказаў Мікалай Баскаў.

Гран-пры адправіўся ў Казахстан
Гран-пры конкурсу выканаўцаў эстраднай песні павезла дамоў прадстаўніца Казахстана Рухія. «Ліру» ёй уручыў старшыня журы Анатоль Ярмоленка.
Першае месца заняла Ірына Арсеніевіч з Сербіі. Дыплом другой ступені ўручылі беларусу Даніілу Мышкаўцу і ўкраінцы Рэнаце Штыфель. Трэцяе месца падзялілі Івана са Славакіі і Тофік Гаджыеў з Азербайджана. Ірына Арсеніевіч атрымала і спецыяльны прыз Прэзідэнта «Славянская надзея», які ўручыў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка.

Маленькі «Славянскі базар»
Гран-пры XIX Міжнароднага музычнага дзіцячага конкурсу «Віцебск-2021» атрымаў удзельнік з Чарнагорыі Комнен Вукавіч. Комнен з’яўляецца лаўрэатам розных міжнародных конкурсаў і фэстаў.
Першае месца ў конкурсе заваяваў наш зямляк мінчук Кастусь Мазуркевіч. Другое месца конкурсу падзялілі Ксенія Кан (Расія) і Елізабет Захарыева (Балгарыя). Прэмія 3 ступені ва ўкраінскай выканаўцы Даніелы і Шахруххона Халімхонава з Узбекістана.

«Васільковы пашпарт»
А яшчэ дырэкцыя фэсту заснавала «васільковы» пашпарт. Сімвалічны дакумент атрымаюць усе тыя, хто аддаў фэстывалю 14 і больш гадоў (як і належыць, калі гаворка ідзе пра класічны пашпарт). Гонар першай атрымаць «васільковы» дакумент выпала заслужанай артыстцы Беларусі Алене Спірыдовіч, якая ўсё сваё жыццё звязала з віцебскім фэстам.

Галодных не было
Людзям патрэбныя не толькі відовішчы, але і хлеб. Пра гэта добра ведаюць арганізатары фэсту і клапоцяцца пра тое, як і чым нас накарміць, не менш, чым пра канцэртную праграму. Апроч таго, што ў непасрэднай зоне правядзення фэсту ў крокавай даступнасці знаходзіцца 50 аб’ектаў грамадскага харчавання, дадаткова была арганізавана работа 22 летніх кафэ з колькасцю пасадачных месцаў больш за дзве тысячы. Гэта больш чым летась у паўтара раза. Апроч таго, 5 тысяч пасадачных месцаў для наведвальнікаў прапанавалі стацыянарныя аб’екты грамадскага харчавання.

Лялечны квартал
Са спектакля Беларускага тэатра «Лялька» «Насарог і Жырафа» распачаў сваю работу ў фестывальным Віцебску «Лялечны квартал». Рэжысёр Міхаіл Клімчук выбраў для пастаноўкі не самы просты для ўвасаблення твор Гюнтэра Хорста, але яму ў выніку ўдалося зрабіць яркае, запамінальнае шоу.
Таксама на фестывалі віцебскія лялечнікі паказалі свае новыя спектаклі – «Мой вялікі маленькі дзядуля» і «Лялькі Ціма Талера, або Прададзены смех».
Сёлета ўпершыню сваю творчасць фестывальнай публіцы прэзентавалі артысты Арэнбургскага тэатра лялек «П’еро», якія паказалі камедыю для дарослых «Паважаныя грамадзяне» па апавяданнях Міхаіла Зошчанкі.

Плошча – для мажарэтак і барабаншчыц
Як заўжды, яркім быў міжнародны фэст барабаншчыц і мажарэтак, які ладзіўся ў чацвёрты раз. Сёлета замест урачыстага марш-парада па вуліцах горада ўдзельнікі падрыхтавалі супольнае выступленне ў самым цэнтры Віцебска – на плошчы Перамогі, іх віталі сотні гледачоў. Годна выступілі і нашы землякі. Абодва саставы ўзорнага ансамбля мажарэтак «Экспрэсія» (кіраўнік Кацярына Кузьміна) дзіцячай школы мастацтваў заваявалі дыпломы конкурсу. Лаўрэатам I ступені ў намінацыі «Паказ на подыуме “Барабан”» сталі кадэткі. Сеньёркі ў намінацыі «Паказ на подыуме “Класічныя мажарэткі”» (baton) узнагароджаны дыпломам II ступені.

Віват, аркестр!
Дзіцячы ўзорны духавы аркестр (кіраўнік Валерый Латковіч) дзіцячай школы мастацтваў стаў лаўрэатам II ступені ў намінацыі «Лепшы дзіцячы духавы аркестр» адкрытага абласнога конкурсу духавой музыкі «Віват, аркестр!». Музыкі выканалі кампазіцыі «У краі магнолій» і «Livin’ la Vida Loca».

Поспех баяністаў
З перамогамі вярнуліся музыкі дзіцячай школы мастацтваў з абласнога конкурсу аркестраў народных інструментаў «Спяваем з аркестрам». Узорны баянны аркестр (кіраўнік Святлана Чарткова) у намінацыі «Лепшы аркестр баянаў і акардэонаў» заваяваў дыплом I ступені. Гэты ж калектыў узнагароджаны дыпломам II ступені ў намінацыі «Лепшая дэкламацыя». Народны аркестр народных інструментаў (кіраўнік Жанна Шадурская) заваяваў дыплом II ступені ў намінацыі «Лепшы аркестр народных інструментаў».

Толькі брэнды
Упершыню на шумілінскім панадворку сваю дзейнасць прэзентаваў гісторыка-краязнаўчы музей, які па выніках работы ў мінулым годзе прызнаны лепшым музеем у вобласці. Была прадстаўлена сувенірная прадукцыя Обальскага керамічнага завода. Сувеніры каштавалі ад 3 да 15 рублёў. Раён турыстычны прадставілі на фэсце супрацоўнікі ФАЦа, якія расказвалі, чым адметная Шуміліншчына. Алена Логінава з Сіроціна прапаноўвала гасцям свята пернікі ручной работы, а майстар Дома рамёстваў Вольга Загвоздава распавядала пра асаблівасці шумілінскага касцюма.

На вуліцах «Горада майстроў»
На адной з вуліц размясціўся і наш Дом рамёстваў са сваімі ўнікальнымі вырабамі. Майстры ўзялі ўдзел у адкрытым свяце-конкурсе народнай цацкі і лялькі «Забава».

Кацярына Барабанава заваявала дыплом II ступені ў намінацыі «Тэатральная лялька», Марына Дрыбко і Вольга Сташонак узнагароджаны дыпломамі «За адраджэнне і папулярызацыю традыцыйнай культуры і мастацтва». Узорны лялечны тэатр «Батлейка» прэзентаваў на конкурсе спектакль «Лёгкі хлеб».

Танцы да ўпаду
Усе калектывы раённага цэнтра культуры, а таксама народны вакальны ансамбль «Гарэзнікі» (Обаль) выступілі з канцэртам «Знаёмцеся, Шуміліна!» на плошчы Свабоды. Танцавальныя пары Міхаіла Гумінскага і Жанны Кадуковай, Уладзіміра Мулькова і Ганны Курыленкі Обальскага ГК паўдзельнічалі ў VII адкрытым турніры нацыянальных танцаў «Танчым разам!». Уладзімір і Ганна заваявалі дыплом III ступені ва ўзроставай групе ад 50 год.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №55 ад 20.07. 2021 г.

 

Кацярына Барабанава заваявала дыплом II ступені ў намінацыі «Тэатральная лялька».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *