А я іду такая ўся ў Дольча-Габана…

Общество Экономика

А я іду такая ўся ў Дольча-Габана…

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўсё пільней прыглядаецца да работы крамаў second hand. Здаецца, збіраюцца забараніць прадаваць там новую вопратку, так званую «сцёкавую». Аматары магазінаў такога фармату захваляваліся: а раптам і самі «сэканды» забароняць. Хаця хваляванні гэтыя падзяляюць далёка не ўсё. Некаторыя наогул абыходзяць аб’екты з павабнай шыльдай «Адзенне з Еўропы», не разумеючы, як там у прынцыпе можна нешта купляць.


Вядома, я магу зразумець апаску «Беллегпрама», што распачаў усю гэтую катавасію. Хто ж пойдзе купляць іх не самыя танныя касцюмы, калі можна ўрваць сапраўдны брэнд літаральна за капейкі. Часам нават з этыкеткай. Дарэчы, менавіта гэта больш за ўсё і бянтэжыць айчыннага вытворцу. Маўляў, б\у, значыць, б\у, а то панадзіліся «наўё» за «сэканд» выдаваць. А там пошліны, падаткі – увогуле, несумленная канкурэнцыя. Але з эканомікай хай дасведчаныя людзі разбіраюцца. Мы пра жыццёвае паразважаем.
Памятаю, як аднойчы, на мяжы 2000-х, мая родная вёска Слабада чароўным чынам змянілася. Я нават не адразу зразумела, што здарылася. Жанчыны, быццам, больш загадкавыя сталі, а мужыкі – галантныя, ці што. У чэргах за хлебам кінулі сварыцца. І не толькі. А ўсё таму, што прыбраныя ўсе – ад заатэхніка да трактарыста.
Аказалася, у вёску «сэканд» сталі завозіць. Кожную суботу ля крамы разгортваўся нежартоўны гандаль. Людзі прыходзілі загадзя, цярпліва чакалі, абмяркоўваючы апошнія вясковыя навіны. У прадаўцоў нават не было патрэбы раскладваць тавар – вяскоўцы, што прагнулі абновак, самі расцягвалі забітыя пад завязку мяхі і прыступалі да агляду. Продаж ішоў выключна на вагу і за існыя капейкі.
У пераломныя 90-я, калі грошай не тое што на адзенне, на ежу часам не хапала, «сэканд» стаў сапраўдным выратаваннем для людзей. Джынсы, майкі, кашулі, сукенкі, хатні тэкстыль, некаторыя нават ніжнюю бялізну маглі выбраць. Вядома, не ўсім хапала адвагі прызнацца, што купляюць былое ва ўжытку адзенне. Нехта сціпла заяўляў, што я, маўляў, выключна за рыззём прыходжу. Ну ці рабочыя штаны мужу нагледзець, каб у трактар апранаць не шкада было. Не ведаю, якія ў каго былі мэты, толькі ў еўрапейскія брэнды тады апрануліся ўсе без выключэння.
Хоць, вядома, пра брэнды тады і не думалі – цана і якасць вырашалі ўсе. У прынцыпе, з той пары нічога не змянілася. Апроч таго, што крамы second hand ёсць зараз на кожным вуглу, і хадзіць у іх ужо дакладна ніхто не саромеецца – ні студэнты, ні бізнесмены.
У вялікіх і светлых памяшканнях тавар акуратна развешаны на рэйлах па пазіцыях, а часам нават па колерах і памерах. Ёсць зручныя прымерачныя, дзіцячыя гульнявыя зоны. У кулерах – чыстая вада, на касе – цукеркі. Кожная сетка імкнецца прыцягнуць кліентаў павабнай сістэмай зніжак і ветлівым абслугоўваннем.
Так, мяне прыцягвае магчымасць сэканоміць. Да прыкладу, на мінулым тыдні купіла сукенку за 17 рублёў. А сукенак трэба шмат. А калі мераць нашу зарплату сукенкамі, да прыкладу, Savage ці Lakbi, то шмат дакладна не атрымаецца.
Так, нешта падабраць у «сэкандзе» атрымліваецца далёка не заўсёды. Даводзіцца ісці ні з чым. Але шмат каму гэта толькі надае азарту. Ідзе сапраўднае паляванне на брэнды. Галоўным чынам сярод моладзі.
Карацей, як ні круці, «сэканды» неабходныя. За ўсіх, вядома, не скажу, але сёння наведвальнік крамы second hand не толькі сціснуты ў сродках чалавек. Людзі, якія добра зарабляюць, таксама лічаць свае грошы. Ну і потым, у пакупніка заўсёды павінен быць выбар…
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №90 ад 17.11.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *