Наталья Черниченко: А всё-таки он семейный

Духоўнае Общество

А ўсё-такі ён сямейны
Сёння ў нашым распараджэнні столькі варыянтаў святкавання Новага года, што традыцыйная канцэпцыя гэтага мерапрыемства быццам і здае свае непахісныя некалі пазіцыі. Маўляў, не такі ўжо і сямейны гэты ваш Новы год. Ва ўсялякім разе, ёсць варыянты. Так, правесці чароўную ноч на беразе акіяна не кожнаму па кішэні, але заўсёды можна прыдумаць што-небудзь гэтакае, без тазікаў “Аліўе” і спаленых паперак з жаданнямі ў шампанскім.

Я і сама была такая трыста год таму назад. Хацелася весялосці, разнастайных радасцей, абавязкова неспадзяваных, а яшчэ мора шампанскага і прачнуцца дзе-небудзь у нечаканым месцы. А лепш не засынаць зусім. Потым дакладна будзе што ўспомніць. Сямейныя пасядзелкі ў такую канцэпцыю неяк не ўпісваліся. Але і ад класічнага “Аліўе” носа ніхто не варочаў, што ўжо там казаць.
Аглядаючыся на свой, ужо даволі пераканаўчы жыццёвы досвед, магу сцвярджаць, што куды б мы ні “адлучаліся”, рана ці позна прыходзім да таго, што ключавая ноч у годзе – урачыстасць сямейная. І традыцыйныя яго складнікі не такія ўжо дрэнныя, каб спальваць іх на агні крэатыву.
Для пераканаўчасці пройдземся па спісе: ёлка, падарункі, шампанскае, куранты, Дзед Мароз у татавых тапках, “Аліўе” і стол-кніжка, на якую ніколі яшчэ не змясцілася ўсё старанна прыгатаванае жаночай паловай сям’і. Спіс можна дапаўняць, але, скажам, стрыптызёрка ў касцюме Снягуркі неяк адразу адпадае. У доме заўсёды ёсць дзеці, нават калі не твае ўласныя.
Больш за ўсё мой арганізм супраціўляўся тазікам “Аліўе” і “Селядцоў пад футрам”, без якіх асабіста я спакойна абышлася б. Але заўсёды ў наяўнасці ёсць дзядулі і дзядзькі па матчынай лініі, і ў іх таксама павінна быць свята. Зразумела, што без салатаў, заліўнога, пюрэ (каб яго ліха ўзяло) і катлет яно проста не адбудзецца. Усялякую курыную грудку пад бруснічным соусам, фрыкасэ, цірамісу і прафітролі, фаршаваныя сметанковым сырам і крэветкамі, пакіньце для непасвячоных. Дарэчы, расказаць, як я зразумела, што мой сын вырас (яму, калі што, 12)? Ён палюбіў-такі “Аліўе”. І зараз секчы салату 31-га ўвечары я буду з асаблівым сэнсам.
Вядома, есці ўначы шкодна, есці шмат – наогул, жах. Гатаваць у такіх аб’ёмах, быццам трэба накарміць жыхароў невялікага гарадка, якія да таго ж некалькі дзён не елі, таксама немэтазгодна… Але што можа быць лепш, чым 1 студзеня бліжэй да вечара паснедаць леташняй салатай, закусіць бутэрбродам з чырвонай рыбай, які злёгку аддае апельсінамі? Хай закідаюць мяне памідорамі адэпты ЗЛЖ – сама такая, але, ужо прабачце, не ў Новы год. І калі ноч з 31-га на 1-е вы правялі ва ўстанове грамадскага харчавання, то такога “шчасця” вам ніколі не спазнаць. Станавіцеся да пліты, спадары, і гатуйце гэту вашу аўсянку. А калі госці нечакана наляцяць (гэта мы ўмеем)? Тым больш, нам ужо паабяцалі два выхадныя.
Быццам, акрамя ежы іншых радасцяў у жыцці няма – абавязкова заўважыць нехта. Яны ёсць, але квінтэсэнцыя ўрачыстасці – усё ж навагодняе застолле. Я хоць смутна, але ўзгадваю тыя часы, калі арганізаваць годную закуску было той яшчэ задачкай. Зялёны гарошак, мандарыны, “Мишка на Севере” – не прадукты, а трафеі. Таму і рыхтавацца пачыналі задоўга. Сёння ўсё па-трэбнае можна без праблем купіць, забегшы 31-га пасля работы ў бліжэйшую краму. Але якую б гастранамічную экзотыку ні прапанаваў нам сучасны гандаль, мандарыны, я ўпэўнена, будуць у кошыку кожнага.
А збіраецца пашыраная сям’я за тым самым сталом-кніжкай зусім не паесці, ва ўсякім разе, не гэта галоўнае. Новы год аб’ядноўвае і гуртуе, як бы банальна гэта ні гучала. Ніякаму іншаму святу такое не па плячы. 8 сакавіка, Дзень ведаў і нават дзень нараджэння не мае той усёахопнай сілы, здольнай на цуды. І гэта не проста святкаванне змены даты ў календары. Новы год – гэта букет з успамінаў, прадчуванняў, уражанняў і самых светлых надзей.
І мы будзем пад бой курантаў агучваць старанна прадуманае жаданне (асабіста я – спісам), есці “Аліўе” ў гадзіну ночы, вадзіць карагод вакол сапраўднай ёлкі. Будуць падарункі, бенгальскія агні і пах мандарынаў. Пераапрануты ў Дзеда Мароза дзядуля будзе захапляцца дзіцячымі вершыкамі, а бабуля абавязкова раскажа ўнукам, якім чароўным нязграбным Зайчыкам быў іх тата ў дзіцячым садзе.
І я ні на што гэта не прамяняю. Іншага такога шанцу ў годзе наша імклівае, занадта насычанае жыццё можа і не даць. Сям’і сапраўды патрэбна гэта ноч. А ўсялякі крэатыў пакінем навагоднім карпаратывам.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №100 ад 24.12.2019 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *