Дом в котором мы живём. Жители дома №77 по улице Юбилейной украсили свой подъезд

Общество

Жыхары дома № 77 па Юбілейнай запрасілі ў свой пад’езд казку
У большасці сваёй жыхары шматпавярховак прывыклі быць у адказе толькі за свае кватэры. Што датычыцца пад’ездаў, дык да іх адносяцца як да “месцаў агульнага карыстання”, а агульнае – значыць, нічыё. А вось жыхары дома  № 77, што па вуліцы Юбілейнай, прытрымліваюцца іншага прынцыпу. Яны самі ўзяліся навесці парадак у пад’ездзе, вырашылі зрабіць свой пад’езд самым прыгожым у райцэнтры.
“Ініцыятарам стала Юля Калянковіч, – кажа А. П. Дземянцей, жыхар гэтага дома. – Гэта маладая дзяўчына накупляла фарбаў і загарэлася размаляваць сцены. І ўзоры такія атрымліваліся прыгожыя, казачныя. Не дапамагчы было сорам. Адгукнуліся многія суседзі”.
Мы завіталі ў адрамантаваны пад’езд. Сцены, пляцоўкі кожнага паверха тут сапраўды эксклюзіўныя. Пад вокнамі – смяшарыкі з вядомага мульціка, на сценах – кветкі, экзатычныя жывёлы, рыбы, героі вядомых мультфільмаў.
“Да гэтага сцены тут былі страшныя, жоўта-брудныя, – кажа Юлія. – Спачатку  я купіла адну бляшанку акрылавай фарбы і розныя “колеры”, потым другую. А пасля і суседзі прынеслі фарбы.
А дзіцячыя малюнкі выбірала наўмысна, бо ў нашым пад’ездзе жыве шмат дзяцей”. У сям’і Калянковічаў таксама падрастае сынок. Юля яшчэ знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцяці. Засне Уладзік – а яна хутчэй на пляцоўку, бярэцца за пэндзаль і фарбы. Потым на дапамогу выйшлі Вера Куканенка (як высветлілася, яна таксама вельмі добра малюе) і яе муж Аляксандр. Дапамагла пафарбаваць сцены і Святлана Лапцева. А малюнкі на першым паверсе зрабілі тэматычныя, прысвечаныя аматарам-рыбакам, якія тут жывуць.
Цяпер жыхары дома № 77 ганарацца сваім пад’ездам. “Вельмі радуе, што людзі паважаюць маю працу, – кажа Юлія. – Калі раней моладзь мела звычку сядзець на падаконніках, то цяпер не робіць гэтага, інакш папсуюцца малюнкі. У планах – пафарбаваць поручні лесвіцы і пабяліць столь. Думаю, тут дапамогуць мужчыны”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №33 ад 26.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *