В Обольском сельсовете прошел День работы с населением

Главное Новости Общество

Аблюбаваны дачнікамі край

На мінулымі тыдні Дзень работы з насельніцтвам распачаўся на тэрыторыі Обальскага сельсавета.

За два дні, 10 і 11 чэрвеня, дзве рабочыя групы з ліку кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў землеўпарадкавальнай, праваахоўнай, камунальнай і сацыяльнай службаў аб’ехалі ўсе вёскі савета і сустрэліся з мясцовымі жыхарамі, каб высветліць, з якім настроем яны сустрэлі лета і якімі клопатамі жывуць.
Обальшчыну, асабліва вёскі ўздоўж рэк Заходняя Дзвіна і Обаль, аблюбавалі дачнікі. Яны перабраліся ўжо на лета на свае часовыя сядзібы і паспелі адчуць усе прывабнасці вясковага побыту. Ціха, спакойна, прырода, хараство…
Група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Будневічам адправілася па працяглым маршруце Лявонава–Падоры–Шыліна–Ваўчкі–Клетчына–Чэрчыцы–Убоіна–Слудашы–Гаравыя-2–Купніно–Пагіршчына–Беркавічы–Обаль.
Прыемна адзначыць высокую актыўнасць мясцовага насельніцтва, іх неабыякавыя адносіны да ўсяго, што адбываецца навокал.

У кожнай вёсцы на сустрэчу з гасцямі з горада збіралася шмат людзей. Было бачна, што вяскоўцы добра ведаюць Мікалая Аляксеевіча Будневіча, свайго былога старшыню Савета. Многія шчыра віншавалі яго з павышэннем і па-ранейшаму дзяліліся і добрымі навінамі, і набалелым. Так што сходы праходзілі актыўна, насычана і жыва. Вёўся дыялог па ўсіх сферах жыццядзейнасці, многія шляхі вырашэння праблемных пытанняў часта шукалі разам.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч і старшыня Обальскага сельсавета Сяргей Мураўёў у кожным населеным пункце звярталіся да вяскоўцаў з просьбай своечасова абкошваць свае прысядзібныя ўчасткі, сачыць за парадкам, дапамагаць адзін аднаму, быць у першую чаргу гаспадарамі на зямлі.
Тым не менш, многія пытанні, якія ўзнялі падчас сельскіх сходаў вяскоўцы, патрабуюць больш дэталёвага вывучэння і вырашэння пэўнымі адказнымі службамі.

Так, напрыклад, у Лявонаве наспела праблема з адсутнасцю сацыяльнага работніка, у якім маюць патрэбу некаторыя сталыя грамадзяне.

Традыцыйна з вясны жыхары в. Падоры атрымліваюць праблему з дарогай. У Ваўчках і Клетчыне прасілі патлумачыць схему нарыхтоўкі дроў. Не адзін раз прагучала пытанне праблемнага пад’езду да грамадзянскіх могілак у Соіне і Слудашах.

На вялікія затрымкі аўтамагазіна паскардзіліся жыхары Чэрчыц, Убоіна і Слудашаў, а яшчэ на тое, што няма куды схавацца ў дождж ці непагадзь на месцы аўтобуснага прыпынку. Вырашана, што ўсе разам, талакой, будуць рабіць навес.
Ва Убоіне для поўнага шчасця, як кажуць, заказалі канцэрт раённых артыстаў, хочацца ім маленькага свята. Вёска ў выхадныя збіраецца вялікая, да 25 чалавек, плюс унукі прыязджаюць з усёй Беларусі. Так што гледачоў будзе дастаткова.
Жыхароў Купніно непакоіць стан вясковай дарогі, а жыхароў Пагіршчыны – адсутнасць прыпынка ў іх вёсцы на шляху з Полацка. Жыхары Беркавічаў прасілі абрэзаць дрэвы і падсыпаць дарогу ў вёску.
Апошнім на маршруце была Обаль. Сходы грамадзян прайшлі ў трох дварах, абальчане агучвалі пытанні добраўпарадкавання, рамонту шматпавярховых дамоў, якасці пітной вады.
М. А. Будневіч зазначыў, што ўсе ўзнятыя вяскоўцамі і жыхарамі Обалі пытанні будуць абмеркаваны 22 чэрвеня на пашыраным пасяджэнні з запрашэннем кіраўнікоў раённых службаў і службаў, у адрас якіх паступілі пытанні.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №45 ад 15.06.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *