В 30-х годах в Шумилинском районе на реке Сечна построили колхозную ГЭС

Край шумілінскі Общество

Калгасная электрастанцыя на Сечне

На будоўлі электрастанцыі на Сечне (фота 30-х гадоў)

Тэму для публікацыі падказалі нашы чытачы з Мішкавіч. Яны прасілі расказаць у раённай газеце пра гідраэлектрастанцыю, якая калісьці была на рацэ Сечна ў в. Макаўе. Сведкаў тых далёкіх падзей не засталося, таму звесткі пра калгасную ГЭС на Сечне прыйшлося збіраць па драбніцах, па расказах тых, чые бацькі, дзядулі ці бабулі працавалі на будаўніцтве электрастанцыі.

З ініцыятывай будаўніцтва выступілі камсамольцы. У другой палове 30-х гадоў у Мішкавічах быў калгас імя Дзяржынскага, а ў Макаўі – калгас «Ленінскі прызыў», які ўзначальваў будучы камандзір Чырвонай Арміі, удзельнік абароны Масквы і Сталінградскай бітвы Дзмітрый Васільевіч Мясаедаў – добры гаспадарнік і кіраўнік. Калгас быў настолькі паспяховы, што сваімі сіламі і за свае грошы змог пабудаваць электрастанцыю. Да будаўніцтва далучыўся і калгас імя Дзяржынскага. Гэтыя калгасы пасля вайны аб’ядналіся ў адзін – «Ленінскі прызыў».
«З расказаў сваіх сваякоў ведаю, што з прапановай будаўніцтва выступілі на сходзе мясцовыя камсамольцы на чале са сваім важаком Ігнатам Васёхам, – расказвае мясцовы жыхар Сцяпан Антонавіч Аглушэвіч. – Прозвішчы многіх мясцовых актывістаў не захаваліся. Вядома, што па-стаханаўску працавалі на будаўніцтве мясцовыя калгаснікі Булах, Ушал, Лакетка, Шадурскі, Каваленка, Плюгачоў». Запусцілі гідраэлектрастанцыю летам 1937 года. Гэта была сапраўдная па-дзея не толькі для раёна, але і для ўсёй Савецкай Беларусі. У Мішкавічы прыехалі кінааператары, калгаснікі давалі інтэрв’ю, расказвалі, як яны будавалі электрастанцыю».
У 1939 годзе пра дасягненні калгаса «Ленінскі прызыў» расказвалі на Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, куды была запрошана калгасная дэлегацыя. Вярнуліся адтуль з матацыклам.

За работу давалі па кілаграму хлеба. Бібліятэкар Мішкаўскай бібліятэкі Таццяна Васільеўна Усава збірала звесткі пра гісторыю вёскі. Дзякуючы ёй, захаваліся ўспаміны некаторых мясцовых старажылаў, якіх ужо сёння няма ў жывых.
Вось што згадвала Зоя Ігнатаўна Мялешка: «Мы былі дзецьмі, калі будавалася электрастанцыя. Нашы землякі працавалі дружна і многа, хаця было вельмі цяжка. Рэчку Сечну паглыблялі рыдлёўкамі. За дзень работы плацілі па аднаму кілаграму хлеба. І мы, дзеці, бегалі вечарам да рэчкі, каб сустрэць бацькоў, якія неслі хлеб – ён здаваўся нам самым смачным у свеце. На конях падвозілі гліну, трамбавалі яе, за год пабудавалі дамбу, плаціну і невялікую драўляную пабудову электрастанцыі, зрубленую ў чысты вугал. Рэчка Сечна тады была паўнаводная. Вясною так разлівалася, што прыходзілася прывязваць драўляны мост, каб яго не знесла. Электрастанцыя давала ток насельніцтву з шасці гадзін раніцы да гадзіны ночы. Гэтага хапала. Галоўным электрыкам у калгасе тады працаваў Іван Ляткоўскі».
З успамінаў былога архітэктара Уладзіміра Іларыёнавіча Сцепаненкі: «Электрастанцыя, пабудаваная ў в. Макаўе, давала танную электраэнергію, якая забяспечвала электрычным асвятленнем Андрэева, Лабейкі, Ерашова, Макаўе, Жалудова, Забор’е, Мішкавічы, Лакетчына, Рыжэнькі, Клімава, Міхалова, Абалонне, Далуева, Ізгародзішча і іншыя вёскі. На электраэнергіі працаваў калгасны млын і ўстаноўка для абмалоту снапоў льну. Драўляная плаціна, даўжыня якой дасягала амаль дзесяць метраў, дапамагала падтрымліваць патрэбны ўзровень вады. Калі ён станавіўся вельмі высокім, то вада па бартах перацякала ў рэчку».

Вырашылі: «Адбудаваць!». У пачатку Вялікай Айчыннай вайны немцы разбамбілі электрастанцыю. Франтавікі, партызаны, якія вярнуліся жывымі дадому, прапанавалі адрадзіць гідраэлектрастанцыю. Падтрымаў ідэю і старшыня калгаса Ігнат Пятровіч Васёха. «І ў канцы 1947 года калгаснікі вырашылі: “Адбудаваць!”.
Усе дружна ўзяліся за работу, – кажа мясцовы жыхар Пётр Мацвеевіч Кралько. – Поўнасцю электрастанцыя была адбудавана ў 1950 годзе. Жыхары Мішкавіч і навакольных вёсак вельмі радаваліся, што ГЭС зноў працуе. Дзякуючы ёй запусцілі мясцовую пілараму. Будаўнічыя матэрыялы тады былі патрэбныя – будаваць было каму і было для каго. Мясцовыя жыхары вельмі ганарыліся электрастанцыяй, бо на той час нідзе ў раёне не было электраасвятлення».

Аварыйная сітуацыя. У пачатку 50-х гадоў на гідраэлектрастанцыі ў Макаўі здарылася аварыйная сітуацыя: з-за актыўнага раставання снегу ўтварылася вялікая колькасць вады, узнікла пагроза прарыву дамбы.
«На той час у мясцовым клубе ў нас быў радыёвузел, працаваў там Аляксандр Барысевіч з Ізгародзішча, – згадвае жыхарка Мішкавіч Франя Людвігаўна Шэдзько. – І ў той дзень у шэсць гадзін раніцы з прывычнымі словамі “Гаворыць радыёвузел калгаса «Ленінскі прызыў»” звярнуўся да сваіх землякоў старшыня калгаса Ігнат Васёха. Ён заклікаў насельніцтва дапамагчы ўмацаваць дамбу, і людзі актыўна адгукнуліся. Сталыя і маладыя, мужчыны і жанчыны на конскіх калёсах вазілі на дамбу мяшкі з глінай і пяском. Такім чынам удалося ўмацаваць і захаваць станцыю. У нашай сям’і заўсёды многа гаварылі пра яе карысць, мой бацька, Людвіг Станіслававіч Шчупак, быў адным з актыўных яе будаўнікоў».

Чаму закрылі ГЭС на Сечне? Гідраэлектрастанцыя працавала да 1960 года. Яе былі вымушаны спыніць таму, што нельга было знайсці абсталяванне і неабходныя запчасткі для рамонту. На беразе рэчкі, бліжэй да вёскі, пабудавалі цагляны будынак, купілі двухцыліндравы рухавік, генератар, і калгас працягваў атрымліваць сваю электраэнергію яшчэ каля двух гадоў. Хутка пачалася электрыфікацыя ад дзяржаўнай сеткі і патрэба ў мясцовай электрастанцыі адпала, у пачатку 1962 года яна была канчаткова закрыта.

* * *
Прыезджы чалавек наўрад ці знойдзе сярод лазнякоў, якія абвіваюць невялічкую рачулку Сечну, тое месца, дзе калісьці была электрастанцыя. Час і стыхія зрабілі сваю справу. Загадчыца мясцовага клуба Зінаіда Касьянава паказала нам гэтае гістарычнае месца. У рэчышчы вы-трымалі даўніну часоў драўляныя палі (сваи – рус.) былой гідраэлектрастанцыі ды захаваліся зарослыя хмызняком рэшткі земляной дамбы – маўклівыя сведкі тых часоў, калі калгаснікі «Ленінскага прызыву» будавалі, аднаўлялі, рамантавалі адну з першых у Беларусі і адзіную ў нашым раёне гідраэлектрастанцыю.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №43 ад 08.06.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *