Не патрэбны мне бераг турэцкі

Главное Общество

Не патрэбны мне бераг турэцкі

Колькі жыву ў Шуміліне, столькі мне раяць перабірацца ў горад, Мінск ці хаця б Віцебск. Маўляў, там для развіцця дзяцей больш магчымасцяў, тэатры, музеі, канцэртныя пляцоўкі, кафэ са смачнымі пірожнымі і кавай на розны смак. Вось там – жыццё, а што ў мястэчку – хіба марненне. Прычым парады такія даюць, як правіла, тыя, хто выдатна ўсё жыццё ў гэтым самым мястэчку і «марнеюць».


Так, у Шуміліна любімы мною балет Яўгена Панфілава не прыедзе нават на «Дажынкі» ў наступным годзе. А хутчэй за ўсё, наогул, ніколі. Нягледзячы на тое, што не такая ўжо гэта і глухамань. Сем тысяч насельніцтва як-ніяк. Праўда, цяпер у нас яшчэ і Дом культуры зачынены на рамонт, так што з культурным жыццём, сапраўды, тугавата. Але мы прывыклі. Памятаю, раней артысты драмтэатра імя Якуба Коласа на гастролі часцяком прыязджалі. Тады ў ДК бываў аншлаг. Перасталі. Нявыгадна, напэўна. Праўда, раз у два гады праходзіць абласны фэст гумару «Смяяцца не грэх». Дарэчы, ніколі не прапускаю – люблю, ведаеце, пасмяяцца.
Дык што я маю сказаць на гэты конт? Ёсць у мяне стрыечная сястра Дзіна, якая жыве ў культурнай сталіцы нашай любімай радзімы. Дык вось яна ніводнага разу (!) не была, ні ў тэатры, ні ў філармоніі, ні ў музеі. Ну, не цікавае ёй гэта ўсё. Дурасцю лічыць несусветнай. За ежу духоўную яшчэ і грошы бяруць, а яна і дарма нікуды не пайшла б. А я, заўважу, і ў Мінск не-не ды завітаю, калі імпрэза якая годная. На творчым вечары вядомай пісьменніцы Дзіны Рубінай была, да прыкладу, у музеях розных, на канцэртах і спектаклях. Так што адлегласць – не перашкода, калі душа прагне культурнага. Канечне, тут лепш мець аўтамабіль, хаця і без яго даехаць можна, куды хочаш.
А вось як выхоўваць дзіця ў горадзе, я не ўяўляю. Там усё занадта шумна, імкліва і нават небяспечна. У сельскай мясцовасці, праўда, прасцей і спакайней. Мой сын, да прыкладу, з 1-га класа і ў школу, і ў «музыкалку», і па розных іншых сваіх хлапечых справах ходзіць самастойна, без дарослых. Ён ведае ў мястэчку кожны слуп, закавулак і сцяжынку. У краме ёсць любімы прадавец, якая заўсёды абслужыць па мамінай банкаўскай карце. Пад бокам нядрэнныя спартыўныя пляцоўкі. Усё побач. А вакол усе свае. Выдатна ж! І самае галоўнае, што ўсе сямейныя гутаркі пра пераезд у вялікі горад канчаюцца тым, што менавіта сын гэтага не хоча. Я ніколі «не грашу» выхаваўчымі гутаркамі пра патрыятызм і любоў да малой радзімы, але Шуміліна яму сапраўды здаецца лепшым месцам на зямлі. А як ціха ў нас бывае ў цэнтры ў суботу ў 10 раніцы… Гарадскім такое і не снілася.
Ёсць у нас і банкі, і бальніцы, і крамы. Футра не купіш і пярсцёнак з дыяментам таксама. Але каму гэта ў век дастаўкі трэба? Прадукты, бытавую хімію і іншае патрэбнае сеткавыя крамы прывозяць прама да дома пакупніка хоць у самую глухую вёску. Гэта зараз не праблема.
У цэнтры кавярня адкрылася. Рызыкнуў мясцовы. Ёсць там і пірожныя, і кава. І грамадскі транспарт не ўсім патрэбны. З аднаго канца Шуміліна ў другі пешшу – 30 хвілін, хуткім крокам – 20.
Так, з працай у нас не вельмі. І ў Шуміліна, і тым больш у вёсках. Шмат хто ездзіць у Віцебск. Але іншыя ж, наадварот, бліжэй да прыроды перабіраюцца. І ўладкоўваюцца, і зручнасці сабе забяспечваюць. І жывуць, як у раі.
Так што тут кожнаму сваё. Я, да прыкладу, у невялікай вёсцы вырасла. І, па-мойму, нічога сабе атрымалася. А зараз, у век інтэрнэту і іншых перадавых тэхналогій, нідзе не сумна. І зарабляць з дома можна. Увогуле, свет мяняецца. Трэба прыслухоўвацца да сябе, выбіраць па сэрцы.
Адно я ведаю дакладна: горад сам па сабе яшчэ нікога не зрабіў шчаслівым.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №91 ад 20.11.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *