Восеньскі прызыў паклікаў у армію 37 ураджэнцаў Шумілінскага раёна

Новости Общество

Навука быць салдатам

Адпраўка папаўнення ва Узброеныя Сілы краіны будзе праходзіць у Шумілінскім раёне да 26 лістапада.

Восеньскі прызыў паклікаў у армію 37 ураджэнцаў Шумілінскага раёна. Як паведаміў начальнік адасобленай групы Шумі-лінскага раёна АРВК Андрэй Собін, служыць хлопцы будуць у войсках МУС, сухапутных у Заслонаве, 103-й гвардзейскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе, пагранічных войсках у Полацку і Лідзе, у войсках радыё-электроннай барацьбы ў Полацку. Частка хлопцаў накіравана ў вучэбны цэнтр у Барысаў. Першая адпраўка навабранцаў адбылася 13 лістапада: двое прызыўнікоў накіраваліся праходзіць тэрміновую вайсковую службу ў пагранатрад у Полацку.
17 лістапада ў войскі адпраўлена 7 чалавек, шасцёра з іх будуць служыць у Віцебску, у 103-й гвардзейскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе, яшчэ адзін – у Лідзе, на пагранзаставе.
Шматлюдна было зранку ля ваенкамата. Праводзіць хлопцаў у армію прыйшлі бацькі, знаёмыя, сябры. «Дваякія пачуцці, – дзеліцца маці прызыўніка Ільі Марозава. – З аднаго боку рада за сына, што будзе служыць у Віцебску, у 103-й. Ілья сам хацеў быць дэсантнікам. Толькі вось ўсё-роўна мацярынскае сэрца не можа супакоіцца». Праўда, крыху пазней, Вольга Марозава адзначыла ў бацькоўскім наказе, што хлопцам трэба сталець, станавіцца дарослымі і адказнымі за свае ўчынкі, і менавіта вайсковая служба дапаможыць ім у гэтым.
Намеснік ваеннага камісара Бешанковіцкага і Шумілінскага раёна падпалкоўнік Ігар Аляксееў даў хлопцам наказ, папярэдзіў іх ад неабдуманых учынкаў. Ігар Валер’евіч параіў хлопцам, каб па прыбыцці ў часць яны адразу напісалі бацькам, паведамілі пра сваё здароўе, калі будзе прысяга. Служба ва ўсе часы была справай нялёгкай, але ганаровай. «Канешне, на першых парах скажацца развітанне з родным домам, блізкімі і сябрамі, – падкрэсліў падпалкоўнік. – Але праз месяц-другі поўнасцю ўцягнецеся ў вайсковы лад жыцця. Тым больш, што большасць з вас будзе служыць у знакамітай 103-й паветрана-дэсантнай брыгадзе». Да пажаданняў далучыўся і старшыня раённай арганізацыі «Дэсантнае шумілінскае братэрства» Аляксандр Коржаль, які ўручыў хлопцам сувеніры.
Тут, каля ваенкамата, для хлопцаў пачынаецца армія, калі ім аддаюць вайсковую каманду: «У калону станавіся!». Яны ўжо салдаты.
…У аўтобус складзены рэчы. Перад пасадкай намеснік ваеннага камісара дазваляе яшчэ раз удыхнуць цяпло цывільнага жыцця і развітацца са сваімі роднымі. Каманда на пасадку – і хлопцы імкліва займаюць свае месцы ў аўтобусе, які пад сцягам Шумілінскага раёна накіроўваецца ў Віцебск на зборны пункт ў абласным ваенкамаце. Там яны яшчэ раз пройдуць медагляд, пасля якога адправяцца па часцях.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №91 ад 20.11.2020 г.

Намеснік ваеннага камісара Ігар Аляксееў і старшыня раённай арганізацыі ветэранаў-дэсантнікаў Аляксандр Коржаль даюць наказ шумілінскім прызыўнікам.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *