Доска почёта Шумилинского района: Татьяна Москалькова

Общество Экономика

Надзейны кантроль «Альянспластрэсурсу»

Таццяна Паўлаўна Маскалькова на ТАА “Альянспластрэсурс” працуе з самага пачатку яго існавання ў Шуміліне – вось ужо чатыры гады.

Пачынала, як і ўсе: вывучылася на ліцейшчыцу ў Віцебску. Літаральна адразу была заўважана кіраўніцтвам, якое і прапанавала жанчыне больш адказную пасаду кантралёра з сумяшчэннем пасады кладаўшчыка. І  трэба сказаць, зрабіла  правільны разлік, ніколькі не прагадала ў выбары кандыдатуры. Сёлета да ўсяго вырашыла адзначыць працу Таццяны Паўлаўны, вылучыўшы на раённую Дошку гонару. Калектыў аднагалосна падтрымаў ідэю, бо паважае і цэніць свайго кантралёра-кладаўшчыка.
“Кантроль якасці на прадпрыемстве, якое выпускае палімерную харчовую прадукцыю, – самы важны працэс, бо ад гэтага залежыць імідж прадпрыемства, а значыць, рынкі збыту, – кажа галоўны бухгалтар Алена Шылко. – І ён у нас дзякуючы Таццяне Паўлаўне Маскальковай на высокім узроўні, сур’ёзны і бескампрамісны”. Прычым, атрымліваецца ў яе гэта рабіць без усялякіх канфліктаў і незадаволенасці з боку рабочых-ліцейшчыкаў, якіх сёння ў яе падначаленні 28 чалавек. Бо ўсе разумеюць – гэта работа, і кантралёр не можа закрываць вочы на недахопы.
Нягледзячы на тое, што за чатыры гады ў цэху практычна ўдвая выраслі аб’ёмы вытворчасці – з першапачатковых 8-мі зараз устаноўлена 16 станкоў, на якіх вырабляецца 14 відаў прадукцыі, – кантралёр спраўляецца са сваімі назіральнымі функцыямі дастойна і без адмоўных рэкламацый. І прадукцыя “Альянспластрэсурсу” сёння ідзе рэгулярна ў Расію, краіны Прыбалтыкі, на мясцовы рынак. Працуе прадпрыемства без замінак і прастояў, кругласутачна, у тры змены.
Т. П. Маскалькова, як кажуць, вельмі лёгкі на пад’ём чалавек. Пераканана, што вучыцца ніколі не позна. Прафесія кладаўшчыка, напрыклад, патрабуе займацца адгрузкай прадукцыі і праверкай нарадаў, і гэта прымусіла асвоіць бухгалтарскую праграму 1С. Вывучыла і іншыя камп’ютарныя праграмы, неабходныя для работы. “Для мяне гэта не праблема, – кажа жанчына, – было б жаданне”.
Т. П. Маскалькова задаволена сваёй работай. Суха, светла, цёпла, кажа жанчына, забяспечаны ўсе неабходныя камфортныя ўмовы для працы, прыёму ежы і адпачынку. Да ўсяго, не кожнаму шанцуе мець працоўнае месца блізка з домам. І гэта таксама вялікі плюс.
На “Альянспластрэсурсе” зараз працуе і дачка Таццяны Паўлаўны Надзея. А наогул, варта адзначыць, Таццяна Паўлаўна – мнагадзетная маці, якая вырасціла і паставіла на ногі разам з мужам чатырох дзяцей. Яны падарылі бабулі пакуль што дваіх унукаў.
Так што ўсё ў Таццяны Маскальковай складваецца добра. Ёсць надзейная работа, на якой паважаюць і якая прыносіць задавальненне, сям’я, спакой і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. А што яшчэ трэба для таго, каб адчуваць сябе запатрабаванай і шчаслівай?
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №93 ад 01.12.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *