Дарожнікі Шумілінскага ДРБУ-204 адрамантавалі мост у вёсцы Грышаны

Главное Новости

Абноўлены мост праз Заронаўку

Дарожнікі Шумілінскага ДРБУ-204 адрамантавалі мост у вёсцы Грышаны.

За дваццаць гадоў драўляны мост праз рэчку Заронаўку прыйшоў у нягоднасць. Гэта стала вялікай праблемай для жыхароў вёскі Грышаны. Мост быў прызнаны аварыйным, вадзіцелям машын боязна было па ім праязджаць. Аўталаўка прыпынялася на павароце да вёскі, і вяскоўцам, многія з якіх размянялі дзявяты дзясятак, ісці за прадуктамі чатырыста-пяцьсот метраў было не пад сілу.
«Мы звярнуліся да кіраўніцтва ДРБУ-204, якое не адмовіла ў дапамозе, – расказала старшыня Сіроцінскага сельвыканкама Аксана Шынкевіч. – Неўзабаве на мост прыехала будаўнічая брыгада з патрэбнымі матэрыяламі».
На мосце памянялі драўляныя бэлькі, насціл, паклалі новыя дошкі. Рабочыя ўмацавалі поручні, пакрылі новыя канструкцыі спецыяльным сродкам для дошак, каб яны не псаваліся. За тры дні мост быў практычна адрамантаваны, дарожнікам засталося толькі прыбраць за сабой рэшткі будаўнічых матэрыялаў.
Неўзабаве ля моста з’явіўся і новы дарожны знак, які дазваляе праязджаць машынам з вагою 8 тон. Цяпер аўталаўка можа даехаць да сярэдзіны вёскі.
Дарэчы, мясцовы жыхар Браніслаў Завадскі прыняў непасрэдны ўдзел у навядзенні парадку па дарозе да моста. З дазволу кіраўніцтва ДРБУ-204 ён высек лазняк ля канавы, які гнуўся на дарогу і перашкаджаў праезду транспарту.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №91 ад 20.11.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *