Паспорт был выдан в 1933 году

Новости Общество

Дакументу 87 год

Пашпарт – дакументальны сведка эпохі, у якой жыве чалавек. Нам прывычны сённяшні выгляд пашпарта, а, напрыклад, у 1933 годзе пашпарт выглядаў інакш і ўтрымліваў іншыя звесткі пра свайго ўладальніка. Адкуль гэта ведаем? На ўласныя вочы бачылі.

Жыхарка Шуміліна У. А. Кучумава пашпарт, датаваны 1933-м годам, знайшла ў рэчах сваячкі, якую на апошніх гадах жыцця даглядала сям’я Ульяны Андрэеўны.

Бацькавы дзве цёткі і дзядзька, расказвае жанчына, жылі калісьці ў вёсцы Сосны (была такая вёска каля в. Пабеда), потым засталася адна цётка, занядужыла і прыйшла дажываць век да родных.
Чалавек пайшоў з жыцця, а рэчы засталіся. Сявалку (гэта такі кораб, у які насыпалі зерне для сяўбы), зробленую з лазы і саломы, а таксама вышываны ручнік яна аддала ў музей, а над пашпартам задумалася. Пашпарт належаў Лявонаву Грыгорыю Віктаравічу, 1908 года нараджэння, які пастаянна пражываў у вёсцы Старына Пралетарскага сельсавета Гарадоцкага раёна. Так было запісана ў дакуменце. Гэтае прозвішча ёй было невядома, сярод блізкіх сваякоў такога чалавека не было. Але ж і выкінуць дакумент у сметнік яна не магла.
«Вялікі дзякуй, што нам прынеслі, для пашпартнай службы гэта вельмі каштоўны экспанат», – кажа вядучы спецыяліст групы па грамадзянстве і міграцыі Шумілінскага РАУС Алена Пракоф’ева.
Разам мы разглядаем дакумент, гартаем яго старонкі. Фотаздымка ў пашпарце няма, проста напісана «Лявонаў Грыгорый Віктаравіч». На першай старонцы, апроч прывычных, бачым графу «сацыяльнае становішча», дзе запісана: «Аднаасобнік». Ёсць і графа «адносіны да службы», у якой адзначана: «Ваеннаабавязаны, радавы».
«Гэта многае тлумачыць, – зазначае Алена Ісакаўна, – у той час вяскоўцам пашпарты не выдавалі, каб не ўцякалі з вёскі». Пацвярджэнне сказанаму мы знаходзім на наступнай старонцы, дзе знаходзім запіс аб тым, што «пашпарт выдадзены на падставе ваеннага білета». Дарэчы, пашпарт выдадзены Пралетарскім пашпартным пунктам Гарадоцкага раёна 19 лістапада 1933 года. Роўна 87 гадоў таму. Вокладка, вядома ж, пацярпела ад часу, краі абтрапаліся, а вось запісы захаваліся выдатна.
«Добрыя чарнілы былі тады», – уздыхае Алена Пракоф’ева.
І што самае цікавае: на вокладцы слова «пашпарт» напісана на сямі мовах: беларускай, рускай, украінскай, грузінскай, армянскай, азербайджанскай і цюркскай (на аснове арабскай графікі).
Вось такія бываюць знаходкі ў сямейных архівах. Так што, перш чым выкінуць якую рэч, дакумент ці фотаздымак, падумайце: магчыма, вы трымаеце ў руках неацэнны экспанат.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №93 ад 27.11.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *