Здарэнні. Крымінал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал

Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.

Веласіпед
У раённы аддзел унутраных спраў звярнуўся жыхар райцэнтра, які расказаў, што з незамкнутага падвальнага памяшкання прапаў ягоны веласіпед. Кошт прапажы ацэнены ў 205 рублёў. Па гарачых слядах на здарэнне выехалі работнікі крымінальнага вышуку РАУС, якія ўстанавілі, што веласіпед прыбраў да рук раней судзімы жыхар райцэнтра. Ліхадзей знойдзены, украдзенае канфіскавана і будзе вернута гаспадару. Супраць мужчыны, які ўкраў веласіпед, узбуджана крымінальная справа. Максімальнае пакаранне – пазбаўленне волі да трох гадоў.
Тэлефон
Жывёлавод КУСГП «Сіроцінскі» паведаміла, што з падсобнага памяшкання фермы Мосарава ў яе прапаў мабільны тэлефон. Супрацоўнікі міліцыі, якія выехалі на месца здарэння, адразу западозрылі, што тэлефон прыбраў да рук нехта з мясцовых работнікаў. Хутка падазрэнні пацвердзіліся – крадзеж здзейсніў слесар гэтай жа гаспадаркі. Мужчына быў раней судзімы і стаяў на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС. Тэлефон канфіскаваны і вернуты пацярпелай. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, яму пагражае пазбаўленне волі да 4 гадоў.
Абраза
Жыхар райцэнтра (зарэгістраваны ў Лепелі) ў тэлеграм-канале змясціў абразлівы тэкст на супрацоўніка праваахоўных органаў. Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа па арт. 369 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Абраза прадстаўнікоў улады». Мужчыну пагражае абмежаванне волі да трох гадоў.

Са зводак ДАІ
Не ўступіў дарогу
Жыхар Полацкага раёна, які рухаўся па аўтадарозе Р-20 на аўтамабілі МАЗ, пры перастраенні на правую паласу руху не ўступіў дарогу спадарожнаму транспартнаму сродку. У выніку МАЗ сутыкнуўся з аўтамабілем «Аўдзі-А6», якім кіраваў жыхар Міёрскага раёна. Вадзіцелі не пацярпелі, а машынам патрабуецца рамонт. На вадзіцеля Полацкага раёна складзены адміністрацыйны пратакол, які накіраваны па месцы жыхарства парушальніка.
Без правоў
Супрацоўнікі ДАІ на вуліцы Сіпко ў Шуміліне затрымалі мясцовага жыхара, які ехаў на «Фальксвагене» без правоў кіравання. Як потым высветлілася, правоў мужчына быў пазбаўлены па прыгаворы суда. Узбуджана крымінальная справа па арт. 417 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Ухіленне асуджанага ад выканання прыгавору суда аб пазбаўленні права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі». Пасля праверкі матэрыялы будуць перададзены супрацоўнікам раённага аддзела Следчага камітэта.
Людміла ЗУЙКОВА.
Апублікавана ў №94 ад 01.11.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *