Дзмітрый Барысевіч: «Мару ўзяць гран-пры»

Общество

«Мару ўзяць гран-пры»


У гасцінай на прыметным месцы гітара, па вуглах пакоя стэрэакалонкі, на сцяне, пад фотаздымкам пайшоўшага з жыцця некалькі год таму бацькі Віктара Іосіфавіча – дыпломы аб сынавых перамогах у конкурсах. «Бацька быў бы вельмі задаволены, – кажа Дзмітрый Барысевіч з Кардона. – Ён таксама любіў спяваць». А маці, Леангіна Казіміраўна, дадае: «Гаспадар меў добры слых і голас. Быў вядомы ў ваколіцы самадзейны артыст. Яго многія называлі «Перамогай» з-за кароннага нумара, без якога не абыходзіўся ніводны вясковы канцэрт. Так што гэтая любоў і талент у сына, канешне, ад бацькі».

З пятага класа Дзмітрый захапіўся гітарай. Ён і сёння помніць сваю першую гітару, якую бацькі купілі яму за 5 рублёў. Радасці не было межаў! Філіяла музычнай школы тады ў Кардоне не было і ён сам вывучыў ноты, акорды і лады. Дапамагла і кніга-самавучыцель ігры на гітары, якую маці прынесла з бібліятэкі. Першай кампазіцыяй, якую новаспечаны гітарыст прапанаваў на суд сямейнага журы, мамы, таты і дзвюх старэйшых сясцёр, была тады папулярная песня Шаўчука «Што такое восень». Цяпер ужо ў Дзімы чацвёртая па ліку гітара, і ён вядомы ў вёсцы галоўны акампаніятар, без якога не абыходзяцца ніводныя провады ў армію, дні ПДВ і іншыя святы.
Пасля 9-ці класаў хлопец паступіў у Ульскае ПТВ на вадзіцеля, потым вывучыўся на тэхніка-электрыка ў Гарадоцкім тэхнікуме і два гады адпрацаваў у мясцовай гаспадарцы па спецыяльнасці, пакуль не здарылася шэсць год таму няшчасце – ён перажыў вялікі стрэс, у выніку чаго атрымаў трэцюю групу інваліднасці. Практычна адразу ў сваю суполку пад надзейнае крыло яго ўзяла старшыня раённага таварыства інвалідаў Любоў Нагібава. Каб не сумаваў, быў сярод людзей, адчуваў уласную значнасць. Дарэчы, бацька Віктар Іосіфавіч быў тады старшынёй Кардонскай пярвічкі, і сын вельмі натуральна ўліўся ў суполку.
Крыху пазней адбылося знаёмства Дзмітрыя з работнікамі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якія аднойчы і прапанавалі гітарысту паўдзельнічаць у песенным конкурсе, што ладзіла таварыства інвалідаў. Першы раз было дужа страшна, прызнаўся ён.
«Ведаеце, нам вельмі пашанцавала на Дзіму, мы задаволены, што ён у нас з’явіўся, – кажа загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН Вольга Лабейка. – Добры, шчыры, непасрэдны. Адгукаецца на любую прапанову, лёгкі на пад’ём. Мы з ім ніводны конкурс мастацкай самадзейнасці не прапусцілі. І практычна адусюль прыязджаем з дыпломамі пераможцаў. Мы радуемся поспехам разам з ім».
Падчас майго візіту Дзмітрый прызнаўся: крыху расчараваны тым, што сёлета з-за пандэміі каранавірусу адменены конкурсы, у якіх ён планаваў прыняць удзел. Рыхтаваўся, развучваў новыя песні, так стараўся, што і струну пашкодзіў. Ён наогул вельмі марыць узяць гран-пры. Зараз вывучае спецыяльную камп’ютарную праграму FL Studio, якая дапамагае пісаць самому музыку. Нешта ўжо атрымліваецца. На грошы, якія зарабіў летам, працуючы на прыёмцы ягад (сястра Наталля працуе прадаўцом і дапамагла з працаўладкаваннем), набыў новыя калонкі. Перажывае, што даўно не гарэзнічаў з пляменнікамі, якія з-за эпідэміі не едуць з горада ў вёску.
Нічога не зробіш, жыццё яно такое: то чорная паласа, то белая… Аднак ні ў якім разе нельга губляць аптымізм, лічыць ён, нельга здавацца, як бы цяжка і маркотна не было на душы і сэрцы. І з песняй як-ніяк весялей.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №94 ад 01.11.2020 г.
Дзмітрый Барысевіч шкадуе, што сёлета адменены музычныя конкурсы, у якіх ён марыў перамагчы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *