Чалавек года Шуміліншчыны: Андрэй Бядрыцкі

Главное Экономика

На будаўнічых работах з 15 год

З Андрэем Аляксеевічам Бядрыцкім, лаўрэатам ганаровага звання «Чалавек года Шуміліншчыны», які працуе слесарам-сантэхнікам 4 разраду і прадстаўляе Шумілінскую ПМК-70, сустрэцца на яго працоўным месцы не выйшла. Зараз брыгада працуе ва Ушачах на будаўніцтве 40-кватэрнага шматпавярховага жылога дома, ад’язджаюць у 7 раніцы і прыязджаюць у 8 вечара. Таму сустрэчу запланавалі на выхадныя. Хаця, як прызнаўся Андрэй, на выхадных работы дома хоць адбаўляй: распачалі ў кватэры рамонт, ды не абы-які, а па поўнай праграме, з заменай электраправодкі і іншых камунікацый.
З будаўніцтвам Андрэй Бядрыцкі завязаны з падлеткавага ўзросту. Кажа, што на першыя будоўлі домікаў разам з бацькам ездзіў ажно ў далёкую Карэлію, там быў, вядома, падсобным рабочым. Але, магчыма, адтуль усё і пачалося. Праўда, пасля школы паступіў у Лужаснянскі тэхнікум і паўтара года адвучыўся на ветфельчара. Зразумеўшы канчаткова, што гэта не яго стыхія, кінуў. І падаўся ў будаўнікі. Спачатку была работа аддзелачнікам, прамысловым альпіністам у Гродне, пазней – заробкі ў Маскве, дзе шумілінскі будаўнік атрымаў «коркі» сантэхніка і вопыт работы. Быў і на малой радзіме на ўласных хлябах. У той час у яго ўжо была сям’я, трое дзяцей і выразнае адчуванне, што трэба шукаць надзейную і стабільную працу дома.
Знайшоў і вельмі задаволены. Вось ужо шэсць год Андрэй Бядрыцкі працуе слесарам-сантэхнікам у Шумілінскай ПМК-70. «Прасіўся спачатку аддзелачнікам, – успамінае ён, – але дырэктар Аляксей Крыўко, вывучыўшы маю працоўную біяграфію, параіў усё ж пайсці ў брыгаду сантэхнікаў».
Усё склалася спрыяльна для абодвух бакоў. І начальства задаволена такім спецыялістам – адказным, працавітым, сціплым і прыстойным, які дакладны і паслядоўны ў сваіх дзеяннях і ўчынках, які прафесійна выконвае сваю справу, ніколі ні пры якіх абставінах не падвядзе. Цэняць і паважаюць яго і калегі, прыслухоўваюцца да думкі і парад. Так што невыпадкова вылучылі яго кандыдатуру летась на ганаровае званне «Чалавек года Шуміліншчыны».
2020-ты год падыходзіць да завяршэння, і, як прынята, многія аналізуюць, наколькі ўдалым ён быў. Дык вось для Андрэя Бядрыцкага на рабоце якраз усё стабільна, аб’ёмаў і аб’ектаў хапае, зарплата добрая і ў час. Ёсць магчымасць зарабіць рубель, які важкі, на яго думку, не толькі па раённых мерках. Толькі працуй. Так сказаць, руку сваю будаўнік прыклаў практычна да ўсіх аб’ектаў, якія будаваліся ці рамантаваліся ў райцэнтры. Гэта і рэканструкцыя Шумілінскай СШ №1, дзе з яго непасрэдным удзелам заменены сістэмы ацяплення, каналізацыі і водаправоду, і ўзвядзенне шматкватэрнага жылога дома ў завулку Угнявёнка. Цяпер вось ва Ушачах будуюць…
А вось у сямейным плане 2020-ты аказаўся нечакана вясельным: вясной аддаў малодшую дачку Насцю замуж, восенню згулялі вяселле старэйшай Валерыі. «Вытрымалі, – усміхаецца цяпер ужо двойчы цесць. – Няхай жывуць у шчасці, узаемапавазе і падтрымцы».
Няхай і самому Андрэю Бядрыцкаму шанцуе і шчасціць. Ён ідзе па жыцці сумленна, адказна і асэнсавана. Па-мужчынску.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №94 ад 01.11.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *