Адзін дзень з жыцця Шумілінскай раённай гімназіі

Новости Образование

Адзін дзень з жыцця гімназіі

Шумілінская раённая гімназія – гэта неабдымны свет ведаў, у якім праводзяць большую частку свайго часу і настаўнікі, і вучні. Але гімназічнае жыццё грунтуецца не толькі на ўроках. Яно напоўнена мноствам яркіх падзей і ўражанняў. Да прыкладу возьмем пятнічны дзень 4 снежня.

Для тых, хто наведвае аб’яднанне па інтарэсах «Galliopi-mini» (кіраўнікі Ірына Кручкова і Святлана Лазука), у гэты дзень адбылася анлайн-канферэнцыя «Адукацыя для будучага: школы ў сучасным грамадстве» з удзелам міжнародных экспертаў.
Вітаў удзельнікаў канферэнцыі дырэктар Гётэ-інстытута ў Маскве, намеснік дырэктара моўнага аддзела, прафесар Мендзі Шыфнер.
Ранняе навучанне камп’ютарнай граматнасці з’яўляецца важным для таго, каб школьнікі ўпэўнена і самастойна арыентаваліся ў лічбавай прасторы. І «Galliopi-mini» прадстаўляе шырокія магчымасці для творчасці і паглыблення навучэнцаў у моўнае асяроддзе нямецкай мовы, на якой вядуцца заняткі.
У мерапрыемстве прымалі ўдзел адзінаццаць устаноў адукацыі з розных рэгіёнаў Беларусі. Каманды абаранялі свае праекты, прадстаўленыя ў відэароліках, дзе ярка дэманстравалі магчымасці выкарыстання Galliopi ў розных сферах адукацыйнага асяроддзя.
Нашы гімназісты прэзентавалі сябе людзьмі, якія любяць свой шумілінскі край, знаёмілі аўдыторыю са славутымі мясцінамі нашай малой радзімы. Дарэчы, многа пытанняў з боку прысутных было пра наш славуты Вялікі камень. Вялікую цікавасць выклікала і анлайн-віктарына напрыканцы сустрэчы.
Актыўныя ўдзельнікі аб’яднання па інтарэсах «Galliopi-mini» да навагодняга свята атрымаюць ад інстытута Гётэ падарункі.
Першая снежаньская пятніца была адзначана і яшчэ адным мерапрыемствам – анлайн-сустрэчай з прадстаўнікамі ВДУ імя П. М. Машэрава.
У складаны перыяд неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі гэта вельмі важны крок, які зрабіла наша гімназія на шляху прафарыентацыі.
Навучэнцы педагагічнага класа, выпускнікі гімназіі, а таксама вучні Обальскай СШ, наведвальнікі факультатыўных заняткаў «Уводзіны ў педагагічную прафесію», якія таксама бралі ўдзел у сустрэчы, мелі магчымасць падрабязна пазнаёміцца з факультэтамі і спецыяльнасцямі ўніверсітэта, асаблівасцямі ўступнай кампаніі для педагагічных класаў.
Дзякуючы дасканалай інфармацыі, эмацыянальнаму запалу арганізатара сустрэчы Ліліі Львоўны Алізарчык і прадстаўленым відэаролікам, старшакласнікі пераканаліся, што ВДУ – гэта выдатны старт для паспяховай будучыні.
Школьныя гады застаюцца ў памяці чалавека надоўга. Хочацца верыць, што час, праведзены ў Шумілінскай раённай гімназіі, запомніцца яе вучням і стане трывалым фундаментам дарослага жыцця.

Надзея КАРОТЧАНКА,
намеснік дырэктара раённай гімназіі-інтэрната.
Апублікавана ў №97 ад 11.12.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *