«Дажынкі – 2021»: Шуміліна вітала лепшых хлебаробаў Віцебскай вобласці.

Главное Дажынкі-2021 у Шуміліне Новости Сельское хозяйство

З удзячнасцю да працы хлебаробаў

18 верасня ў Шуміліне адбыўся абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Наш раён вітаў лепшых хлебаробаў Віцебскай вобласці.

Урачыстае шэсце ўзначалілі пераможцы спаборніцтваў на жніве.

Галоўнай падзеяй абласнога свята ўраджаю стала ўрачыстае шэсце дэлегацый раёнаў вобласці па абноўленых вуліцах раённага цэнтра і цырымонія ўшанавання лепшых хлебаробаў.

Дэлегацыя Шумілінскага раёна падчас урачыстага шэсця.

Вітальны адрас Кіраўніка дзяржавы ўдзельнікам «Дажынак» зачытаў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Валерый Бельскі.
Старшыні абласнога выканаўчага камітэта Мікалаю Шарснёву быў уручаны сімвалічны дажыначны сноп ураджаю 2021 года. Кіраўнік вобласці адзначыў, што сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Віцебскай вобласці працуюць ва ўмовах рызыкоўнага земляробства, і поспех аграрыяў рэгіёна не бывае выпадковым, да яго ідуць гадамі. Кіраўнік вобласці расказаў, што і сёлетні год быў няпросты для працаўнікоў сельскай гаспадаркі, анамаліі надвор’я не дазволілі сабраць рэкордны ўраджай. «Наступіў час, калі нельга разлічваць толькі на надвор’е. Нам трэба перабудаваць работу галіны раслінаводства, каб пазбавіцца залежнасці ад непрадказальных умоў надвор’я, і пры гэтым выключыць наслаенне сельскагаспадарчых работ, якое ўласцівае толькі паўночнаму рэгіёну Беларусі.

Падзяку старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандру Раманятаву ўручыў Мікалай Шаўчук.

Сёлета каравай вобласці на 25% менш мінулагодняга, сельгаспрадпрыемствы вобласці сабралі толькі 780 тысяч тон збожжа. Але ёсць раёны і прадпрыемствы, якія паказваюць высокія вынікі, нягледзячы на прыродныя анамаліі», – адзначыў старшыня аблвыканкама.
Ён назваў Аршанскі раён, які пераадолеў 100-тысячны рубеж намалоту зерня, і разам з Віцебскім, Талачынскім, Дубровенскім і Верхнядзвінскім раёнамі забяспечыў палову ўраджаю вобласці.
У ліку лепшых прадпрыемстваў Віцебшчыны Мікалай Шарснёў назваў СВК «Ларынаўка» Аршанскага раёна, дзе ўраджайнасць зерневых стабільна перавышае 75 ц/га, Талачынскі кансервавы завод, дзе атрымалі 49 ц/га, СГП «Мазалавагаз» (амаль 46 ц/га). Старшыня аблвыканкама адзначыў ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка», у якім сабралі больш за 50 тысяч тон зерня – гэты паказчык большы, чым у 16 раёнаў вобласці. «Поспех перадавых гаспадарак не выпадковы, яны ідуць да яго гадамі. Прафесіяналізм кадраў, найвышэйшая арганізацыя працы, высокавытворчая тэхніка – усё гэта стварыць няпроста», – падкрэсліў ён.

Заахвочвальны падарунак – трактар Беларус 82.1 – уручаны дырэктару ААТ «АграБаравінка» Паўлу Шакуну.

Кіраўнік вобласці падзяліўся стратэгіяй на будучае – павялічыць пасяўныя плошчы на крыжа-кветныя культуры (асабліва азімую свірэпіцу), пачаць нарыхтоўку зернесенажу, што дазволіць зменшыць нагрузку на камбайны і зернесушыльную гаспадарку. Ён адзначыў неабходнасць максімальнай загрузкі высокавытворчай тэхнікі, яе абавязковую работу ў дзве змены.
Яшчэ адну дамінанту на бліжэйшы час назваў Мікалай Шарснёў – зрабіць аграрную галіну прэстыжнай, прывабнай для моладзі. «Трэба сфарміраваць станоўчую матывацыю да сельскагаспадарчай прафесіі праз прывабную сістэму матэрыяльнага стымулявання. Скарэкціравана ў бок павелічэння зарплата механізатараў, спецыялістаў у жывёлагадоўлі. З сакавіка гэтага года мы прынялі рашэнне маладым спецыялістам, якія працуюць у жывёлагадоўлі, штомесяц налічваць да зарплаты тысячу рублёў. Гэта дазволіла павялічыць замацаванне спецыялістаў у вёсцы», – сказаў кіраўнік вобласці.
Мікалай Шарснёў уручыў пераможцам спаборніцтва падзячныя лісты і грашовыя прэміі. Сёлета больш за 1200 экіпажаў камбайнаў працавалі на жніве. З іх ліку 261 пераадолелі тысячны рубеж намалоту збожжа, абсалютнымі рэкардсменамі сталі Уладзіслаў і Валянцін Лапцінскія з КУСП «Межава-Агра» Аршанскага раёна – больш за 4 тысячы тон.
На сцэну падымаліся кіраўнікі Віцебскага (двойчы – за зерне і насенне крыжакветных), Аршанскага, Дубровенскага, Вернядзвінскага, Полацкага і Міёрскага раёнаў, сельгаспрадпрыемстваў «Талачынскі кансервавы завод», «Ларынаўка» Аршанскага раёна, «Шайтарава» Верхнядзвінскага, «Віцебская бройлерная птушкафабрыка», «Мазалавагаз» Віцебскага, «Гараны-Агра» Полацкага раёнаў. Узнагароды атрымлівалі камбайнеры і вадзіцелі, асобная намінацыя – маладыя камбайнеры і вадзіцелі. Заахвочвальныя падарункі за забеспячэнне тэхналагічных цыклаў па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі – трактары Беларус 82.1 – атрымалі 12 гаспадарак вобласці, сярод іх і ААТ «Агра-Баравінка» Шумілінскага раёна.
Слова для віншаванняў трымалі ганаровыя госці «Дажынак». Вялікая група кіраўнікоў, спецыялістаў і работнікаў аграпрамысловага комплексу вобласці атрымала ведамасныя ўзнагароды.
Граматы і Падзякі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь уручыў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандр Субоцін.
Старшыня камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Шаўчук уручыў Граматы і Падзякі Парламента Беларусі. Падзяку Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь атрымаў камбайнер ААТ «Прыазёрны мір» Аляксандр Раманятаў.
Узнагароды ўручалі першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі Ігар Брыло, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін.

Дыплом пераможцы рэспубліканскага конкурсу і ключы ад новага трактара Аляксандру Лабынцаву ўручыў Мікалай Бобер.

Намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Мікалай Бобер уручыў прызы пераможцам рэспубліканскага конкурсу за высокую культуру земляробства і добраўпарадкаванне – сярод лесагаспадарчых прадпрыемстваў узнагароду атрымаў Шумілінскі лясгас, яе ўручылі дырэктару ўстановы Аляксандру Лабынцаву.
Прадстаўнікі буйных прадпрыемстваў рэспублікі ўручылі падарункі – аўтамабілі і трактары некаторым прадпрыемствам сельскагаспадарчай галіны вобласці.
Да віншаванняў хлебаробаў далучыліся ганаровыя госці свята – чэмпіён XXXII Алімпійскіх гульняў Іван Ліцвіновіч, галоўны трэнер нацыянальнай каманды па скачках на батуце Вольга Уласава, бронзавы прызёр Алімпіяды ў Токіа Максім Недасекаў.
Пасля цырымоніі ўзнагароджання ўдзельнікам і гасцям «Дажынак» прапанавалі вялікую канцэртную праграму. Завяршыўся фестываль-кірмаш святочным феерверкам.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №73 ад 21.09.2021 г.

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *