Установам адукацыі – сучаснае аблічча

Главное Дажынкі-2021 у Шуміліне Образование

Установам адукацыі – сучаснае аблічча

16 студзеня ўстановы адукацыі Шумілінскага раёна наведалі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома, якія з’яўляюцца дэлегатамі VI Усебеларускага народнага сходу.

Падчас сустрэчы з калектывам Шумілінскай СШ №2 Уладзімір Цярэнцьеў адзначыў, што адной з мэт візіту з’яўляецца вывучэнне сітуацыі ва ўстановах адукацыі раёна ў сувязі з рэформай сістэмы адукацыі, пераходам на нарматыўнае фінансаванне. У гэтых умовах прынцыпова важным становіцца стварэнне аптымальнай сеткі ўстаноў адукацыі, рацыянальнае выкарыстанне бюджэтных грошай, бо дадатковыя траты з бюджэту на адну ўстанову не даюць развіваць іншыя.
Яшчэ адной мэтай візіту, адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў, з’яўляецца вывучэнне сітуацыі ў СШ №2, якая састарэла маральна. Штогод у вобласці ў рамках падрыхтоўкі да «Дажынак», а таксама па праграме развіцця малых гарадоў робяцца істотныя ўкладанні ва ўстановы адукацыі. Прычым, часта гэтыя работы становяцца пачаткам глыбокіх ператварэнняў і працягваюцца не адзін год.
Так, у мінулым годзе новае аблічча набыла Обальская СШ. Чацвёрты год працягваецца рамонт Шумілінскай СШ №1 – базавай установы ў рамках «Дажынак-2021» у Шуміліне, якая рыхтуецца, як «школа будучыні». Але кіраўніцтва раёна і вобласці палічыла няправільным пакінуць без рамонту і СШ №2, бо тут будуецца новы мікрараён, які засяляюць маладыя і мнагадзетныя сем’і, у школе стабільна расце колькасць вучняў.
«Мне гэта важна яшчэ і як кіраўніку аргкамітэта па падрыхтоўцы «Дажынак», – падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч. – Хацелася б пачуць тых людзей, якія працуюць у школе, што неабходна зрабіць, каб гэта была сучасная, камфортная для ўсіх установа».
У ходзе адкрытай размовы работнікі ўстановы адукацыі выказвалі свае пажаданні. Пра неабходнасць школьнага стадыёна, бо той спартыўнай пляцоўкі са штучным пакрыццём, якая пабудавана ў школе ў мінулым годзе, недастаткова для таго, каб умясціць усіх дзяцей мікрараёна, асабліва, калі яны прыходзяць пабегаць з мячом у вольны час. Пра недахоп вучэбных памяшканняў, перапоўненасць дзіцячага садка, адсутнасць гульнявых пляцовак і іншае.
Падсумавала ўсе прапановы дырэктар школы Жанна Рагуновіч, адзначыўшы, што самымі вострымі з’яўляюцца праблемы з харчаблокам, санвузламі, спартыўнай залай, зносам аварыйных будынкаў на тэрыторыі школы.
Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома заўважыў, што вельмі хочацца прывесці ў парадак усе ўстановы, але трэба зыходзіць з рэальнага фінансавання. У раёне неабходна завяршыць рамонт Обальскага ясляў-сада, які пачалі ў мінулым годзе, давесці да ладу Шумілінскую СШ №1. На капітальны рамонт устаноў адукацыі ў раёне выдзелена на 2021 год 3 мільёны рублёў, з гэтай сумы і трэба сыходзіць.
Уладзімір Цярэнцьеў падкрэсліў, што прыярытэты неабходны менавіта для таго, каб вызначыць, што трэба зрабіць сёлета, што ў наступныя гады, каб школа стала сучаснай.
Уладзімір Цярэнцьеў, Дзмітрый Хома, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова разам з дырэктарам школы наведалі школьны харчаблок, пазнаёміліся з прапановамі па яго пашырэнні. За мінімальныя сродкі ўмяшчальнасць школьнай сталовай вырасце ў паўтара раза, што дазволіць зняць праблему з харчаваннем вучняў.
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома ў гэты дзень яшчэ наведалі раённую гімназію-інтэрнат, а ў Шумілінскай СШ №1 пазнаёміліся з ходам рамонту школы.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №4 ад 19.01.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *