В деревне Толкачёво-1 живут дружные искренние люди

Общество

Парадак у вёсцы наводзяць разам

З усіх населеных пунктаў сельсавета старшыня Обальскага сельвыканкама Мікалай Будневіч выдзеліў вёску Талкачова-1. «Тут жывуць асаблівыя людзі – усе, як адзін, шчырыя, дружныя, руплівыя, – кажа Мікалай Аляксеевіч. – Яны кожны год без напамінку займаюцца навядзеннем парадку ў роднай вёсцы. Жывуць па прынцыпе: адзін – прыклад для ўсіх, а ўсе – прыклад для аднаго.

Скажам, паказаў адзін гаспадар прыклад у рамонце дома – так зрабіла палова вёскі, пачаў адзін ставіць новую агароджу – і астатнія падцягнуліся, пасадзіў нехта кветкі ўздоўж дарогі – праз тыдзень будуць кветкі і ля астатніх хат».
Вёска сустрэла прыбранасцю і рознакаляровай гамай дахаў з металачарапіцы. У вёсцы 11 дамоў разам з дачнымі. Дачнікі з Віцебска і Полацка – людзі працавітыя, дамы ў іх дагледжаныя. Пацікавіліся, хто ж парадак тут наводзіць, дрэвы, кустоўе і кветкі саджае. «Ды самі, каму ж яшчэ пра нас клапаціцца, – кажа старэйшына Уладзімір Храбтоў, які раней працаваў на «Нафтане», а пяць гадоў таму перабраўся з жонкай Верай Леанідаўнай у бацькоўскую хату. – Я задаволены, што зараз жыву ў вёсцы, бо і не ведаю, што б рабіў у горадзе на канапе. А так працую ў двары, на агародзе, з сякерай і рыдлёўкай у руках. Работы заўсёды хапае: то лазняк трэба высекчы, то быльнік скасіць».
Андрэй Паўлаў, таксама пенсіянер, былы галоўны інжынер калгаса «Расія», паставіў ля дома новую агароджу, сочыць і за парадкам у вёсцы. Напрыклад, летам пасля абкосу работнікамі УП ЖКГ абочын «у адзін след» нярэдка бярэ ў рукі касу і абкошвае далей – вузкая палоска не задавальняе.
Што тычыцца пастаянных жыхароў, то яны ў асноўным сталага ўзросту, некаторыя размянялі восьмы дзясятак. Але ўсім дапамагаюць дзеці і ўнукі. Прыехалі яны да Соф’і Лузгіной, каб перакрыць металачарапіцай дах, і неўзабаве новыя дахі з’явіліся на дамах Лідзіі Паўлавай, Зінаіды Пучковай, Кацярыны Слышанковай. Добрых дзяцей выхавалі ў гэтых і іншых сем’ях, клапатлівых.
Вяскоўцы наведваюць адзін аднаго, дапамагаюць у будаўніцтве агароджаў і парнікоў – талакой лягчэй. Разам клапоцяцца і пра дарогу, якая вясной ці восенню ля фермы становіцца гразкай. Збяруцца разам, навозяць у каляіны камення ці ламанай цэглы, засыплюць яміны: ні аўталаўка не буксуе, ні паштовая машына. Дружнасці і таварыскасці ў жыхароў вёскі Талкачова-1 не адняць.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №4 ад 19.01.2021 г.

Жыхары вёскі Талкачова-1.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *