Здарэнні. Крымінал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал

Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.

Супраць насілля
З 15 па 28 лютага супрацоўнікі РАУС праводзяць прафілактычную акцыю «Агульнымі намаганнямі спынім насілле!». Праводзяцца шматлікія рэйды і прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на недапушчэнне насілля ў сем’ях.
Лаўкі
У раённы аддзел унутраных спраў звярнуліся работнікі Віцебскай дыстанцыі пуці, якія расказалі, што з чыгуначнай платформы на прыпынку ў Язвіне прапалі дзве лаўкі. Урон ацэнены ў 382 рублі. Узбуджана крымінальная справа. Ліхадзеям пагражае пазбаўленне волі да трох гадоў.
Дрывотня
Пацярпеў жыхар Сіроціна – з дрывотні, якая знаходзіцца ля вясковага магазіна, у яго ўкралі бензапілу «Штыль». Урон ацэнены ў 150 рублёў. Па гарачых слядах супрацоўнікі крымінальнага вышуку РАУС знайшлі злачынцу – ім аказаўся мясцовы жыхар. Ён затрыманы, узбуджана крымінальная справа.
Дача
Жыхар Віцебска прыехаў у Шумілінскі раённы аддзел унутраных спраў, каб напісаць заяву пра тое, што ў ягоным дачным доме ў Рыпіншчыне пабываў злодзей, выставіў аконнае шкло, пранік у пакой, адкуль украў два зварачныя апараты, веласіпед, спінінг, сепаратар, посуд. Агульны ўрон ацэнены на 539 рублёў. Па гарачых слядах міліцыянеры ўстанавілі, што крадзеж здзейсніў жыхар райцэнтра. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа. Максімальнае пакаранне, якое пагражае ліхадзею, – пазбаўленне волі да чатырох гадоў.

Са зводак ДАІ
Таксі
Супрацоўнікі ДАІ праводзяць рэйдавыя мерапрыемствы па кантролі за захаваннем Правілаў дарожнага руху вадзіцелямі таксі, аўтобусаў (мікрааўтобусаў) прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці, якія ажыццяўляюць камерцыйныя перавозкі пасажыраў. Правяраюцца наяўнасць дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху, правы кіравання транспартнымі сродкамі, наяўнасць на аўто зімовых шын.
У кювеце
Жыхарка Наваполацка, якая ехала на аўтамабілі «Лада» па аўтадарозе Віцебск-Полацк, не ўлічыла складаных дарожных умоў (ішоў снег). У выніку машына аказалася ў кювеце. Пратакол на парушальніцу для далейшага разгляду накіраваны па месцы яе жыхарства.
Груз
У сувязі з тым, што нядаўна ў раёне зарэгістравана дарожна-транспартнае здарэнне з падзеннем бервяна з лесавоза (быў пашкоджаны легкавы аўтамабіль), супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі правялі на мінулым тыдні прафілактычныя мерапрыемствы. Перш за ўсё звярталася ўвага на вялікагрузныя аўтамабілі Бешанковіцкага, Шумілінскага, Віцебскага лясгасаў, прыватных лесапілак. За неналежнае замацаванне бярвёнаў да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты пяцёра вадзіцеляў.
Людміла ЗУЙКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *