Районная организация Белорусского общества инвалидов в действии

Общество

Праздник в Лесковичском клубе

“Рабі дабро” або Радасць кожнага была агульнай
Напярэдадні старога Новага года ў Лескавіцкім сельскім клубе было шматлюдна, тут для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія пражываюць на тэрыторыі Светласельскага сельсавета, ладзілася свята “Рабі дабро”.
На пачатку мерапрыемства прайшоў справаздачна-выбарны сход. З работай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў пазнаёміла яе старшыня Л. М. Нагібава.  Яна расказала прысутным (яны не ўсе з’ўляюцца членамі арганізацыі) пра тыя сустрэчы і святы, якія ладзіць таварыства ў раёне. Вялікую работу пры гэтым праводзяць старшыні пярвічак. Як, напрыклад, Л. Х. Бабкова з Засіннікаў. Дарэчы, Лілію Халімонаўну  адзінагалосна выбралі старшынёй пярвічнай арганізацыі Светласельскага сельсавета раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў.
Былі абраны і дэлегаты на раённую канферэнцыю, якая будзе праведзена ў лютым.
Сапраўднае свята падрыхтавалі ў гэты дзень работнікі аўтаклуба Лілія Барадзёнак і Алег Ткачоў сумесна з загадчыцай Лескавіцкага сельскага клуба Вольгай Сцепаненка. Дзед Мароз і Снягурка, карагоды ля ёлкі, песні, танцы, гульні – усё гэта было на свяце. І ўсе адчувалі тут сябе роўнымі, патрэбнымі, нібы ў адной вялікай сям’і. Забыліся і на свае немачы, хваробу. Весялосць, усмешкі і жарты надавалі моцы і сілы.
Людзі з абмежаванымі магчымасцямі (а іх на свяце было больш за дваццаць чалавек з Язвіна, Башнёў, Саладух, Светласельскага, Каравайніцы і іншых вёсак) дзяліліся сваімі планамі, расказвалі адзін аднаму пра набалелае, пра свае поспехі. Нехта зрабіў прыгожую вышыўку, нехта захапляецца танцамі, іншы рыхтуецца да юбілею… А адна дзяўчына сёлета выходзіць замуж. Радасць кожнага тут была агульнай. Ад душы віншавалі, спявалі для нявесты і юбіляраў песні.
Дапамагаў арганізаваць мерапрыемства старшыня Светласельскага сельвыканкама В. В. Шчарбакоў. Ён расказаў прысутным пра Сельскі савет, пра яго поспехі і праблемы. Удзельнікі свята маглі задаваць пытанні не толькі Віктару Вікенцьевічу, але і намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце “Шумілінскага райаграсэрвісу” і “АграБаравінкі” А. В. Асташонак і П. З. Шалюта, якія таксама дапамагалі і прысутнічалі на свяце.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №6 ад 20.01.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *