В Шумилинском лесхозе собирают урожай шишек

Экология Экономика

Лес пачынаецца са збору шышак

Работнікі Шумілінскага лясгаса зараз ушчыльную заняты зборам шышак елкі і сасны. На сённяшні дзень з даведзенага плана ў 7,5 тоны (5 тон елкі і 2,5 тоны сасны) ўжо сабрана 7,7 тоны хваёвага ўраджаю.

Свой сезон збору ўраджаю, як у аграрыяў, ёсць і ў ляснічых. Размова пра шышкі – насенне для будучых пасадак. Надвор’е з устойлівымі маразамі – самы спрыяльны час нарыхтоўкі, таму ўраджайны сезон пачынаецца ў канцы восені-пачатку зімы і можа доўжыцца да сярэдзіны сакавіка, пакуль не пацяплее.
«Сапраўды, халоднае надвор’е добра ўплывае на насенне і елкі і сасны, шышка, паглядзіце, не раскрытая, а значыць прадукцыйная, – кажа галоўны ляснічы Шумілінскага лясгаса Дзмітрый Падляшчук. – Здабыча насення – працэс павольны і патрабуе нямала ручной работы».
Аказваецца, хваёвыя даюць шчодры ўраджай не кожны год. Так, сасна звычайная шчыра пладаносіць раз у 3-5 год, елка еўрапейская – раз у 3-7 год. Таму трэба лавіць момант. Што і робяць лесаводы, назапашваючы стратэгічны лясны фонд мінімум на бліжэйшыя тры гады.
– Не з кожнага дрэва мы здымаем плады, а ў першую чаргу з высечаных і з тых, якія прызначаны для высечкі, – працягвае Дзмітрый Леанідавіч. – Гэта значыць, з «узроставых дрэў», якім не адзін дзясятак год. І не кожная шышка зрываецца з дрэва. Тут, сапраўды, памер мае значэнне. Сасновыя шышкі павінны быць не менш за 1,8 см. А вось пры зборы яловых абмежаванняў няма. Галоўнае, каб былі не пашкоджаныя.
Зараз зборам шышак занятыя ўсе лясніцтвы і пяць лесаводаў лясгаса. На мінулым тыдні ў райцэнтры пад’ёмная машына з работнікамі лясгаса была заўважана ў раёне былога хлебазавода. Шышкі елкі, амаль як яблыкі, збіраліся ў вёдры, пасля перасыпаліся ў мяшкі. Для работ прыцягваюць тэхніку мясцовых прадпрыемстваў, у прыватнасці, пад’ёмныя машыны ПМК-70.
Атрымаць з шышак насенне – справа няпростая. Перабраныя і адсартаваныя шышкі ў мяшках адпраўляюцца ў Глыбокае ў цэнтр па перапрацоўцы. Там яны ачышчаюцца, сушацца, з шышак атрымліваюць насенне з крылаткай, якое спачатку высушваюць, а пасля аддзяляюць крылатку, і атрымліваюць чыстае насенне. Пасля атрымання спецыяльнага пасведчання з Рэспубліканскага ляснога селекцыйна-насенняводчага цэнтра насенню даюць пуцёўку ў далейшае жыццё, для высявання будучых елак і сосен у лясных гадавальніках. Падросшыя сеянцы і саджанцы знаходзяць свае новыя кватэры ў лесе і праз некалькі год даюць ураджай. І кола «шышка-насенне-лес-шышка» працягвае свой рух.
Не забываюць шумілінскія лесаводы разам са зборам шышак паралельна весці збор шышак дэкаратыўных парод: елкі блакітнай, сасны горнай, кедра, псеўдатсугі. Збіраюць таксама насенне бярозы, вольхі чорнай, ліпы, клёну, ясеня – асноўных лесаўтваральных парод нашага раёна.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №15 ад26.03.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *