Здарэнні. Крымінал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал

Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.
Забойства
У сямейнай пары з аг. Мішневічы ў ходзе сумеснага распіцця спіртных напіткаў завязалася сварка. Жонка схапіла ў рукі нож і кінулася на мужа. Ад атрыманых траўм мужчына памёр. Жанчына затрымана. Супраць яе ўзбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Забойства» (пазбаўленне волі ад 6 да 15 гадоў).
Бензатрымер
У раённы аддзел унутраных спраў звярнуўся жыхар Наваполацка, які паведаміў, што ў яго доме пабывалі злодзеі. З дзвярэй дачнага дома ў Крупеніне яны збілі навясны замок і праніклі ў пакой. Прапалі электрарубанак, дрыль, шрубавёрт, зварачны інвентар. Злодзеі вырвалі прабой і ў гаспадарчай пабудове, адкуль укралі бензатрымер. Агульны ўрон ацэнены ў 575 рублёў. Па дадзеным факце вядзецца расследаванне. Максімальнае пакаранне, што пагражае злодзеям, – пазбаўленне волі да 4-х гадоў.
Затрыманне
Супрацоўнікі крымінальнага вышуку раскрылі мінулагодняе злачынства. У верасні ў РАУС пасту-піла паведамленне пра крадзеж у Рыпіншчыне (прапалі дарожны веласіпед, зварачны апарат, бітоны). У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў устаноўлена, што чужое дабро прыбраў да рук жыхар Шуміліна. Ён знойдзены, затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Узбуджана крымінальная справа.

Са зводак ДАІ
Без святла
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі затрымалі на вуліцы Юбілейнай у Шуміліне жыхара Наваполацка, які ехаў на БМВ з няспраўнымі светлавымі прыборамі. На аўтамабіль адсутнічаў допуск да ўдзелу ў дарожным руху. Паколькі навапалачанін падобнае парушэнне здзейсніў упершыню, то, згодна са змяненнямі ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, парушальнік абышоўся пісьмовым папярэджаннем.
Шторкі
У поле зроку супрацоўнікаў дарожна-патрульнай службы трапіў легкавы аўтамабіль жыхара Віцебска, які рухаўся па аўтатрасе Р-20. На вокнах аўто былі шторкі, непрадугледжаныя заводам-вытворцам. Яны абмяжоўваюць бачнасць, ствараючы тым самым аварыйную абстаноўку. Віцябляніну на першы раз вынесена папярэджанне.
У кювеце
Жыхарка Віцебска, якая ехала на асабістым аўтамабілі «Фальксваген-Пола», не ўлічыла ўмоў надвор’я і дапусціла занос аўтамабіля. У выніку не справілася з кіраваннем і з’ехала ў кювет. Аўтамабіль пашкоджаны і патрабуе рамонту, вадзіцель не пацярпела. На віцяблянку складзены адміністрацыйны пратакол, які для далейшага разгляду накіраваны па месцы жыхарства парушальніцы.
Людміла ЗУЙКОВА.
Апублікавана ў №22 ад 23.03.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *