День памяти Хатынской трагедии почтили в Шумилинском районе

Главное

Дарогамі спаленых вёсак

22 сакавіка наша краіна адзначае сумную дату – дзень памяці Хатынскай трагедыі. У гэтыя дні па ўсёй Беларусі праходзіць рэспубліканская патрыятычная акцыя «Памяць» па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны, ладзяцца жалобныя цырымоніі ля памятных месцаў спаленых вёсак.

Дарогамі спаленых вёсак Мішневіцкага сельсавета праехалі прадстаўнікі раённай улады, дэпутацкага корпусу, грамадскіх арганізацый «Белая Русь», «Беларускі саюз жанчын», ветэранаў, Фонду міру. Далучыліся да мерапрыемства актывісты БРСМ, маладзёжнага парламента, айцец Вадзім Яско, работнікі ўстаноў культуры.

Не знайсці на карце Беларусі вёску Хатынь. Вясной 1943 года яна разам з жыхарамі была знішчана фашыстамі. Жывымі былі спалены 149 чалавек, у тым ліку 75 дзетак. На месцы спаленай вёскі быў створаны мемарыяльны комплекс «Хатынь». І цяпер толькі званы Хатыні звяртаюцца да людскіх сэрцаў, б’юць набатам, заклікаючы да вечнай памяці і смутку пра загінуўшых…
Лёс Хатыні раздзялілі сотні іншых беларускіх вёсак. І з карты Шуміліншчыны «сцёртыя» 133 населеныя пункты, якія таксама ў гады Вялікай Айчыннай вайны трапілі ў бязлітасныя рукі крыважэрных нямецка-фашысцкіх акупантаў. На тэрыторыі Мішневіцкага сельсавета былі спалены разам з мірнымі жыхарамі 24 вёскі, 16 з іх не аднавіліся пасля вайны. 6 вёсак – Бачканы, Дражакі, Заазер’е, Зуёва, Шчамілаўка, Ямішча – увекавечаны на мемарыяльным комплексе «Хатынь».

Вёска Дражакі. Разам з 39 жыхарамі яна была спалена фашыстамі ў сакавіку 1943 года, 12 двароў пераўтвораны ў папялішчы.
Вёска Ямішча. 18 двароў разам з 59 жыхарамі вёскі спалены ў сакавіку 1943 года.
Вёска Заазер’е. У сакавіку 1943 года нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі 28 жыхароў і спалілі 12 двароў.
Вёска Шчамілаўка. У сакавіку 1943 года спалена разам з 23 жыхарамі вёскі, якія пражывалі ў 6 дварах.
Вёска Зуёва. Разам з 37 жыхарамі вёскі, якія пражывалі на 16 дварах, яна была спалена таксама ў сакавіку 1943 года.
У 1969 годзе на месцах спаленых вёсак устаноўлены стэлы.


Маршрут групы праходзіў менавіта па гэтых памятных месцах, якія сталі сімвалам бяскрайняга гора, бяспрыкладнай стойкасці, незабыўнай мужнасці людзей, загінуўшых ад рук ворагаў-карнікаў. Кожнае памятнае месца было добраўпарадкавана, ачышчана ад мінулагодняга лісця, снегу і смецця. Ля кожнай стэлы прайшлі мітынгі-рэквіемы, на якіх выступілі старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч, старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Людміла Шаўцова, старшыня Шумілінскага маладзёжнага парламента Аляксандр Сядзельнікаў, старшыня Мішневіцкага сельсавета Галіна Зязюлька. Айцец Вадзім Яско правёў паніхіды, па свяшчэннай традыцыі хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых вяскоўцаў, у знак пашаны і смутку былі ўскладзены кветкі.
Апошнім пунктам прыпынку групы стаў памятны знак воінам-танкістам у аграгарадку Мішневічы, які адзін з першых у вобласці быў вызвалены ад фашыстаў.
Удзельнікі акцыі вярталіся дадому з пачуццём выкананага доўгу, з думкамі пра кошт і сэнс жыцця, з асэнсаваннем таго, што нам пашчасціла жыць пад мірным блакітным небам, і што гэтым мы абавязаны нашым дзядам і прадзедам, нашым вызваліцелям, усім тым, хто цаной сваіх жыццяў падарыў нам перамогу, свабоду і мір.

Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №22 ад 23.03.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *