Лучших шумилинских животноводов пригласили на областной слёт

Главное Сельское хозяйство

Ушанавалі лепшых жывёлаводаў

19 сакавіка, у абласной філармоніі ўшаноўвалі лепшых жывёлаводаў Віцебшчыны. Па выніках работы за мінулы год былі ўзнагароджаны 85 работнікаў галіны.

Дэлегацыю нашага раёна, у якую ўваходзілі дзесяць чалавек, узначалілі першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Руслан Яскевіч і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Вольга Пусянкова.
На сход былі запрошваны намеснік дырэктара ААТ «Прыазёрны мір» Марына Панкраценка, бухгалтар УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» Алена Пудава, птушніца цэха па вырошчванні куранят-бройлераў «Вітконпрадукта» Вераніка Васільева, аператар па вырошчванні жывёлы ААТ «Прыазёрны мір» Ларыса Васілеўская, аператар жывёлагадоўчага комплексу СУП «Лаўжанскае» Галіна Галуза, аператары машыннага даення Таццяна Голубева (СФГ «Раднік»), Наталля Міронава (СУП «Лаўжан-скае»), Надзея Каропа (УП «Шумілінскі райаграсэрвіс»).

На сходзе Падзякай аблвыканкама была ўзнагароджана птушніца цэха па вырошчванні куранят-бройлераў СТАА «Вітконпрадукт» Вераніка Васільева, Ганаровую грамату камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама атрымала аператар па вырошчванні буйной рагатай жывёлы ААТ «Прыазёрны мір» Ларыса Васілеўская. Усім шумілінскім жывёлаводам былі ўручаны падарункі. Удзельнікі мерапрыемства падзяліліся сваімі ўражаннямі пра паездку ў Віцебск.
Надзея Каропа, УП «Шумілінскі райаграсэрвіс»:
– Падобнае мерапрыемства для жывёлаводаў праводзіцца не ўпершыню. І я вельмі задаволена, што мне пашчасціла там пабываць. Даведалася многа цікавага пра развіццё жывёлагадоўлі ў вобласці. Напрыклад тое, што за мінулы год на Віцебшчыне было пабудавана 8 малочна-таварных комплексаў і больш за сотню рэканструявана.
Словы шчырай падзякі, якія гучалі са сцэны, былі адрасаваны не толькі прысутным, але ўсім 14 тысячам работнікаў, якія рупяцца ў жывёлагадоўлі Віцебшчыны. Гэта падзяка гучала і ў адрас шумілінскіх аператараў машыннага даення. Ад гэтага было асабліва прыемна на душы.
Галіна Галуза, СУП «Лаўжанскае»:
– Намеснік старшыні аблвыканкама Барыс Яфрэмаў адзначыў, што работа жывёлаводаў нялёгкая, яна патрабуе ўмення, вопыту, дысцыпліны. Ён дзякаваў усім жывёлаводам за тое, што забяспечваюць харчовую бяспеку краіны. Цікава было па-слухаць пра перадавыя гаспадаркі вобласці, як, напрыклад, СВК «Ларынаўка» Аршанскага раёна, дзе самыя лепшыя ў вобласці надоі і прывагі. Нам, шумілінцам, ёсць на каго раўняцца і з каго браць прыклад.
Ларыса Васілеўская, ААТ «Прыазёрны мір»:
– Мне спадабалася на свяце літаральна ўсё: і выступленні, і віншаванні, і цікавы канцэрт, і дэгустацыя каўбасных і малочных вырабаў. Вярнулася са свята з добрым настроем і незабыўнымі ўражаннямі: мне ўручылі Ганаровую грамату камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама і кветкі.
Таццяна Голубева, СФГ «Раднік»:
– Адзін з выступаючых на сходзе ў аблвыканкаме шчыра сказаў: «Калі б не вы, жывёлаводы, у нас бы не было малака і мяса». І ад гэтых слоў мы сталі адчуваць гордасць за сваю работу, такую важную і патрэбную. Яшчэ мне спадабалася выступленне намесніка міністра па сельскай гаспадарцы і харчаванні Рэспублікі Беларусь Ігара Брыло, які сваю паездку спецыяльна прымеркаваў у абласны цэнтр, каб павіншаваць жывёлаводаў Віцебскай вобласці.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №22 ад 23.03.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *