Ход реализации госпрграмм по здоровью и образованию населения проанализировали на заседании Шумилинского райисполкома

Главное Новости

Ахова здароўя і адукацыя: вынікі рэалізацыі дзяржпраграм

Рэалізацыя ў Шумілінскім раёне Дзяржаўных праграм «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» і «Адукацыя і маладзёжная палітыка» на 2016-2020 гады былі разгледжаны па пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта 26 сакавіка.

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама Віктар Гутараў адзначыў, што вынесеныя пытанні вельмі важныя, бо ад іх залежыць якасць жыцця насельніцтва. За мінулую пяцігодку ў рамках рэалізацыі названых дзяржаўных праграм многае зроблена. Укладзены значныя фінансавыя сродкі ў развіццё як устаноў аховы здароўя, так і ўстаноў адукацыі, праводзіцца аптымізацыя гэтых устаноў.

Здароўе і дэмаграфія
Намеснік галоўнага ўрача Шумілінскай ЦРБ Святлана Лінкевіч, якая выступіла па першым пытанні, адзначыла, што клопат пра здароўе насельніцтва з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў работы органаў улады. Сістэма аховы здароўя раёна працавала на выкананне мэтавых паказчыкаў дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016-2020 гады.
Дэмаграфічная сітуацыя ў раёне характарызуецца старэннем насельніцтва. Доля асоб ва ўзросце 65 гадоў і старэй складае 18,6% (па вобласці – 6,9%). Ва ўзроставай структуры ўдзельная вага працаздольнага насельніцтва складае 52,0% (57,2%), маладзей за працаздольны ўзрост – 18,9% (17,9%), старэй за працаздольны ўзрост – 30,0% (26,5%), высокі ўзровень асоб 80 год і старэй – 5% (4,5%). Смяротнасць захоўваецца на аднолькавым узроўні. За 2020 год памерлі 366 чалавек (смяротнасць склала 20,8 праміле (па вобласці 16,8 праміле)), з іх 76 чалавек працаздольнага ўзросту. Нарадзілася за год 143 дзіцяці, назіраецца тэндэнцыя зніжэння нараджальнасці, істотна знізілася колькасць жанчын фертыльнага ўзросту. Натуральныя страты насельніцтва склалі 241 чалавек (8,6 праміле).
Асноўнымі прычынамі смерці з’яўляюцца хваробы сістэмы кровазвароту, старасць, новаўтварэнні, знешнія прычыны (атручванне алкаголем, угарным газам, суіцыды, траўмы, інш.), інфекцыйныя хваробы.
Дакладчык прааналізавала выкананне дзяржаўнай праграмы, адзначыла, што праведзена значная работа па павышэнні якасці медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, абнаўленні матэрыяльнай базы медустаноў, забеспячэнні кадрамі медработнікаў, што дазволіла вырашаць многія пытанні галіны. Так, на бягучы рамонт будынкаў выдаткавана 9,6 тысячы бюджэтных і 11,8 тысячы ўласных сродкаў ЦРБ. За кошт бюджэтных сродкаў набыта абсталяванне на суму 47,5 тысячы рублёў, за пазабюджэтныя – на 7,4 тысячы рублёў, бясплатна атрымана абсталяванне на 33,1 тысячы, праз карэйскую праграму спонсарскай дапамогі – на 243,8 тысячы, праз праграму развіцця ААН – 2,9 тысячы рублёў.
Як праблемныя пытанні, па якіх медыкі працуюць узмоцнена, названы алкагалізм (ва ўрача нарколага на ўліку стаяць 628 чалавек, у тым ліку за 2020 год пастаўлены на ўлік 41). Вядзецца барацьба з сухотамі, ВІЧ-інфекцыяй. У якасці прыярытэтнай работы названа зніжэнне смяротнасці ад знешніх прычын і неінфекцыйных хвароб.
Святлана Лінкевіч назвала асноўныя задачы работы медыкаў на 2021 год: умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, перааснашчэнне сучасным медыцынскім абсталяваннем, інфарматызацыя медустаноў, павышэнне якасці медыцынскай дапамогі, кадравыя пытанні, папулярызацыя здаровага ладу жыцця, спорту.
Намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава адзначыла ў папулярызацыі ЗЛЖ ролю праекта «Здаровы горад», які рэалізуецца ў раёне.
Прадстаўнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Алена Цішына звярнула ўвагу на аптымізацыю медустаноў, якая павінна забяспечыць даступнасць і якасць медыцынскай дапамогі для насельніцтва рэгіёна.

Адукацыя і маладзёжная палітыка
Справаздачу аб выніках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка» на 2016-2020 гады прадставіла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова. Сістэма адукацыі раёна аб’ядноўвае 15 дашкольных (712 выхаванцаў) і 11 школьных (1824 вучні) ўстаноў адукацыі. У выніку аптымізацыі за пяць гадоў былі закрыты чатыры дашкольныя ўстановы і 1 школа. Даступнасць дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі забяспечана для ўсіх дзяцей раёна.
Педагагічныя кадры (122 у дашкольных установах і 269 у школах) палепшылі якасны ўзровень. Павысілася доля педагогаў з вышэйшай адукацыяй, з вышэйшай і першай кваліфікацыйнымі катэгорыямі. У раёне развіваецца профільнае навучанне ў 6 сярэдніх школах, адкрыты групы з вывучэннем прадметаў на павышаным ўзроўні на другой ступені адукацыі.
З 1 верасня 2018 года арганізавана прафесійнае навучанне па прафесіях «швачка», «аператар ЭВМ», «садавод». Выпуск-ніцы гэтых груп прадоўжылі адукацыю па абранай прафесіі ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах.
Раён палепшыў паказчыкі па выніках цэнтралізаванага тэсціравання і займае 10 пазіцыю (у 2016 годзе была 20). У 2020 годзе 74% выпускнікоў сталі студэнтамі ВНУ, гэта самы высокі паказчык за пяць год.
Арганізаваны падвоз для 273 вучняў і 40 выхаванцаў да ўстаноў адукацыі, працуюць 10 аўтобусаў. Вялася работа па капітальным і бягучым рамонтах, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, абнаўленні харчаблокаў.
Развівалася сістэма пазашкольнай адукацыі. З мэтай фарміравання грамадзяніна Рэспублікі Беларусь праводзілася выхаваўчая работа на розных напрамках: патрыятычнаму, грамадзянскаму, духоўнаму і іншых. У цэлым, асноўныя паказчыкі дзяржаўнай праграмы выкананы, адзначыла дакладчык.
Старшыня райвыканкама Віктар Гутараў засяродзіў увагу педагогаў на неабходнасці больш актыўна выкарыстоўваць у патрыятычным выхаванні моладзі мясцовыя прыклады: Обальскі музей камсамольскага падполля, месцы вайсковай і партызанскай славы.
Ставіліся пытанні эфектыўнасці работы агракласаў у прафарыентацыйнай рабоце ўстаноў адукацыі.
З інфармацыямі выступілі першы сакратар райкама грамадскага аб’яднання БРСМ Вікторыя Бяляева, інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Алена Селязнёва, дырэктар Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў Руслан Мацвяйчук.
Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Алена Багдановіч засяродзіла ўвагу на асноўных напрамках работы па рэалізацыі дзяржаўнай праграмы на 2021-2025 гады: грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, працоўная занятасць непаўналетніх, работа ў інтэрнэце, здароўе вучняў, якасць харчавання, умацаванне матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі, прафілактыка суіцыдаў і насілля ў падлеткавым асяроддзі.
Па выніках абмеркавання пытанняў былі прыняты рашэнні з улікам выказаных прапаноў.
На пасяджэнні выступіла дырэктар рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі Віцебскай вобласці Ларыса Дорагава, якая расказала пра дзейнасць цэнтра, яго магчымасці для выкарыстання ў рабоце арганізацыямі раёна і насельніцтвам.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №24 ад 30.03.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *