Больш за два дзясяткі пытанняў паступілі на «прамую лінію» старшыні аблвыканкама Мікалая Шарснёва

Главное Общество Президент

Аптымізацыя школ і бальніц, рамонт дарог і праблемы ЖКГ

Больш за два дзясяткі пытанняў паступілі на «прамую лінію» старшыні аблвыканкама Мікалая Шарснёва 27 сакавіка. Скаргі на стан дарог, праблемы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, пытанні аптымізацыі ўстаноў адукацыі і аховы здароўя хвалявалі жыхароў вобласці.

У ходзе «прамой лініі» жыхар абласнога цэнтра падтрымаў ініцыятыву, агучаную на VI Усебеларускім народным сходзе, аб прысваенні Аляксандру Лукашэнку звання Героя Беларусі. «З пазіцыі пражытых гадоў, а я прайшоў вайну, аналізую, што змянілася за гады стварэння незалежнай і суверэннай дзяржавы. Зроблена вельмі многа па ўсіх напрамках, павысіўся ўзровень жыцця. Наш Прэзідэнт па праву заслугоўвае прысваення яму звання Героя Беларусі», – адзначыў заяўнік.
Амаль трэць усіх пытанняў тычылася стану дарог – пасля зімы на асфальтаваных дарогах шматлікія ямкі, грунтавыя дарогі патрабуюць грэйдзіравання. Шмат скаргаў было з прыватнага сектара абласнога цэнтра. Мікалай Шарснёў даў распараджэнне тэрмінова праверыць усе дарогі ў гарадах і аператыўна рэагаваць на звароты грамадзян там, дзе не патрабуюцца маштабныя работы. У якасці прыкладу старшыня аблвыканкама прывёў Шумілінскі раён, дзе кіраўніцтва райвыканкама займаецца рашэннем бягучых праблем з дарогамі аператыўна, у раёне маецца станоўчы вопыт рамонту найбольш разбітых участкаў дарог.
Жыхарку гарпасёлка Езярышча ў Гарадоцкім раёне непакоіла закрыццё ўчастковай бальніцы і перанос урачэбнай амбулаторыі ў іншы будынак. Начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі расказаў, што ў планах на бягучы год – мадэрнізаваць Гарадоцкую раённую бальніцу, а Езярышчынская амбулаторыя з дзённым стацыянарам пераедзе ў капітальна адрамантаваны будынак меншай плошчы, бо ўтрымліваць вялікі будынак бальніцы нявыгадна. Заяўніцу хвалявала і тое, што ў пасёлку шмат будынкаў, якія не выкарыстоўваюцца, разбураюцца. Мікалай Шарснёў прапанаваў ёй праявіць ініцыятыву па выкарыстанні гэтых будынкаў. «Сёння можна набыць будынкі, якія не выкарыстоўваюцца, усяго за адну базавую велічыню, не трэба будаваць новыя. Прапануйце ідэі, калі ў вас баліць душа за лёс пасёлка, развівайце яго самі», – адзначыў кіраўнік вобласці.
А вось жыхарку вёскі Серкавіцы Талачынскага раёна цікавіла, чаму закрываюць базавую школу ў вёсцы, маўляў, будынак цёплы, камфортны, у школе больш за 30 вучняў. Бацькоў не задавальняе, што дзяцей будуць вазіць у суседнюю школу. «Закрыццё базавай школы ў вёсцы ўзгоднена з Міністэрствам адукацыі, бо там вучыцца ўсяго 33 вучні і працуюць 30 чалавек, уключаючы абслугоўваючы персанал. Утрымліваць школу нерэнтабельна. Усвіжбукская дзіцячы сад-базавая школа, куды пераводзяць дзяцей, больш перспектыўная і камфортная, знаходзіцца ў тыповым будынку, мае спартзалу і сталовую», – патлумачыў заяўніцы начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома.
Мікалай Шарснёў сказаў, што адмяняць рашэнне Міністэрства ніхто не будзе. Разам з тым ён даў распараджэнне кіраўнікам раёнаў і галоўнаму ўпраўленню па адукацыі аблвыканкама наладзіць узаемадзеянне з бацькамі. «З бацькамі вы не дапрацоўваеце. Калі прынята рашэнне аб аптымізацыі школы ў населеным пункце, трэба сабраць бацькоў, адвезці іх у школу, дзе будуць вучыцца дзеці, паказаць яе, пазнаёміць з педагогамі. Бацькі павінны ўбачыць, што дзеці атрымаюць якасную адукацыю ў камфортных умовах», – сказаў старшыня аблвыканкама.
Рэгулярна паступаюць на «прамую лінію» пытанні ЖКГ. Каналізацыя, якая залівае падвал, дах, які цячэ, вільгаць і цвіль у кватэрах – кіраўнік вобласці даручыў аператыўна разабрацца з усімі зваротамі. А да адной з жыхарак Віцебска ён выедзе асабіста разам з начальнікам галоўнага ўпраўлення ЖКГ аблвыканкама Юрыем Дзядзёлам, каб паглядзець, як можна рашыць праблему пенсіянеркі. Працаваць на апярэджанне праблемных пытанняў – зноў паставіў задачу ўсім службам кіраўнік вобласці.
Палова ўсіх званкоў была з Віцебска. Жыхары горада ставілі пытанні працаўладкавання і добраўпарадкавання, медыцынскага і сацыяльнага абслугоўвання, парадку выплаты пенсій і іншыя. Усе пытанні былі ўзяты на кантроль, дадзены даручэнні па іх рашэнні.
Былі падведзены вынікі папярэдняй «прамой лініі»: на кантролі застаюцца 18 зваротаў, па выніках разгляду скаргаў жыхароў вобласці 8 кіраўнікоў ЖКГ прыцягнуты да адказнасці.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №24 ад 30.03.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *