Можно ли помочь человеку, если он считает, что ему помогать не надо?

Общество

І самому пра сябе падумаць трэба
У сераду пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама А. М. Зайцава адбыліся чарговыя пасяджэнні савета грамадскага пункта аховы парадку і наглядальнай камісіі райвыканкама. Пасля такіх мерапрыемстваў застаецца ўражанне, што пра лёс некаторых грамадзян больш клапоцяцца члены камісій, чым яны самі. Збіраюцца прадстаўнікі дзяржаўных органаў, у якіх, дакладна ведаю, шмат сваёй работы. Збіраюцца адказныя людзі і вырашаюць пытанні грамадзян, якія, часам здаецца, менш за ўсіх зацікаўленыя ў вырашэнні сваіх праблем.
На савет грамадскага пункта з мэтай прафілактыкі запрашаюцца парушальнікі парадку, скандалісты, нядбайныя бацькі і іншы падобны кантынгент. Вызначыць таго, хто трапіў выпадкова, за адзіны жыццёвы “пракол”, досыць лёгка. Такі чалавек імкнецца хутчэй пазбавіцца непрыемнасцяў, ён адчувае сорам і пры размове высвятляецца, што і працуе ён добрасумленна, і ў сям’і ў яго ўсё ў парадку.
Іншая справа — пастаянныя кліенты. Яны часам не разумеюць, за што іх выклікалі, бо, на іхні погляд, жывуць яны добра і іншага жыцця не хочуць. Што п’яныя сабутэльнікі пабіліся — дык гэта ж нармальна, што ў алкагольным чадзе падняў руку на жонку ці маці – дык павучыць хацеў, што нідзе не працуе – дык не бяруць жа… Вінаватыя ўсе навокал, толькі не яны.
Жывуць такія людзі, нібы ў машыне часу, бо час для іх спыніўся. Да прыкладу, такі дыялог:
– Чаму не працуеш?
– Пашпарт укралі, а без пашпарту на працу не бяруць
– Дык чаму не атрымаў новы пашпарт? Ці даўно згубіў?
– Не, нядаўна. У пачатку снежня.
Два з паловай месяцы – не тэрмін, так, імгненне для пітушчага чалавека.
Ці вось адзін скардзіцца, што не можа працаўладкавацца. Тут жа па тэлефоне звязваюцца з кіраўніком прадпрыемства, просяць дапамагчы з працай, а той аж у твары змяніўся, бо праца яму патрэбная, ну як зайцу стоп-сігнал, гэта для яго абуза, працаваць ён усё роўна не будзе. І з’явіцца перад саветам прафілактыкі праз месяц-другі зноў.
Наглядальная камісія, як выцякае з яе назвы, выконвае функцыі нагляду за грамадзянамі, якія асуджаны з адтэрміноўкай прысуду ці вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі. Яна дапамагае такім асобам знайсці работу, жыллё, аформіць дакументы.
І зноў калейдаскоп людзей, характараў, тыпаў паводзін. Нехта асэнсаваў свае паводзіны, актыўна імкнецца выправіць жыццёвую памылку, ёсць жаданне працаваць. Такія людзі самі знаходзяць месца працы, самі вырашаюць свае праблемы. А калі ёсць у іх патрэба ў дапамозе, то яны ведаюць, аб чым прасіць, у чым ім канкрэтна трэба дапамагчы.
Іншы тып, калі чалавек нават у сталым узросце інфантыльны: куды вядуць, туды ідзе. Такому трэба, каб супрацоўнік міліцыі адвёў у пашпартны стол, у службу занятасці, у аддзел кадраў прадпрыемства, бо яму самому як бы ўсё роўна, што з ім будзе.
А ёсць, калі так можна казаць, “прафесіяналы”, для якіх час на волі – гэта толькі кароткатэрміновы перапынак перад чарговай “пасадкай”. Такім, з аднаго боку, за краты не хочацца, а з другога – там усе пытанні за цябе будуць вырашаць: накормяць, спаць пакладуць, на працу адвядуць. Яны імкнуцца любым шляхам зацягнуць афармленне дакументаў, выхад на працу. Жывуць у “сяброў” і сужыцелек за іхні кошт. Толькі пагроза, што вольнае жыццё за парушэнне рэжыму пера-творыцца ў жыццё за кратамі, вымушае іх згаджацца з усімі прапановамі камісіі.
Дзяржава і грамадства робяць шмат чаго, каб даць чалавеку магчымасць выправіцца, пачаць нармальнае жыццё. Толькі ад чалавека залежыць — самому падумаць пра сваё жыццё і які шлях у ім выбраць.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў №13 ад 14.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *