Иван Костюк вспомнил работу в инспекции по делам несовершеннолетних

Закон Общество

З  падзякамі  –  да  ветэрана  міліцыі

Тыдзень таму супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх адзначалі юбілей – 85 год са дня ўтварэння службы.

У дзень юбілею супрацоўнікі міліцыі наведалі ветэрана І. А. Касцюка, які ў 80-ыя гады працаваў у інспекцыі па справах непаўналетніх. Намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі і начальнік штаба Віктар Попелаў уручылі Івану Адольфавічу падзяку начальніка Упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама Міхаіла Грыба –  за асабісты ўклад у барацьбу з правапарушэннямі. Яшчэ адну падзяку І. А. Касцюк атрымаў як актыўны грамадскі дзеяч – за работу сярод навучэнскай моладзі і маладых супрацоўнікаў РАУС. Старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Алена Селязнёва таксама павіншавала свайго калегу з 85-ай гадавінай утварэння падраздзялення  па справах непаўналетніх, пажадала бадзёрасці і здароўя, уручыла памятны падарунак. Іван Адольфавіч падарыў у музей РАУС пасведчанне пазаштатнага супрацоўніка міліцыі па лініі дзіцячага пакою органаў унутраных спраў, якое выдалі яму яшчэ ў 1976 годзе, калі быў студэнтам Гродзенскага педінстытута. Напэўна, яшчэ тады лёсам было вызначана працаваць у міліцыі. Хаця ў РАУС Іван Адольфавіч прыйшоў калі за плячыма быў ужо багаты педагагічны стаж: працаваў і настаўнікам, і дырэктарам Полцеўскай школы. А ў пачатку 80-х прыйшоў у інспекцыю па справах непаўналетніх.

– Уладзімір Іосіфавіч Літоўка, які тады ўзначальваў РАУС, вырашыў, што я спраўлюся з такой пасадай, – кажа Іван Адольфавіч. – Спачатку мне было нялёгка, бо паўсотня дзяцей стаяла на ўліку ў РАУС. Я закончыў Тульскую школу міліцыі, пераймаў вопыт калег.

– А якія цікавыя выпадкі вам запомніліся з часоў службы, – пытаемся ў Івана Адольфавіча.

– Такіх выпадкаў вельмі многа. Напрыклад, як шу-мілінцы-падлеткі адымалі грошы ў вясковых школьнікаў ці  як з шумілінскага музея ўкралі пісталет часоў Вялікай Айчыннай, і гэта злачынства мы раскрылі па гарачых слядах, – кажа ветэран РАУС. – Яшчэ змага-ліся з нефармальным аб’яднаннем «Белыя пальчаткі» – дзяўчаты псавалі партрэты ў алеі герояў у гарадскім парку. А адзін старшакласнік увогуле дадумаўся вымагаць грошы ў бацькоў другога шумілінскага падлетка. Калі тыя прынеслі грошы ва ўмоўленае месца, непадалёк была ўжо засада міліцыянераў. Думалі, возьмем хлопца лёгка, але ён аказаўся спрытным – мне прыйшлося бегчы за ім тры кіламетры.

– Нам вядома, што з вашым прыходам у інспекцыю па справах непаўналетніх злачынствы сярод падлеткаў пачалі зніжацца. З чым гэта звязана?

– Калі ў 1983 годзе было зарэгістравана 14 падлеткавых злачынстваў, то ў 1986-м іх было ўжо 8. Галоўнае, на што звярталі ўвагу – гэта прафілактыка. Пастаянна наведвалі і кантралявалі падлеткаў, якія стаяць на ўліку. Шчыльна працавалі са сваімі калегамі (інспекцыя на той час адносілася да аддзялення крымінальнага вышуку). Гэта па-першае. А па-другое, наладзілі цесны кантакт з бацькамі дзяцей. Дарослыя не саромеліся звяртацца са сваімі  праблемамі ў міліцыю.

– Што вы пажадаеце сённяшнім супрацоўнікам інспекцыі па справах непаўналетніх?

– Перш-наперш добрага здароўя, вытрымкі і цярпення. Іх работа не з лёгкіх. Ну, а яшчэ кожны дзень працаваць на прафілактыку – тады падлеткавых правапарушэнняў будзе менш.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *