Старшакласнікі Шумілінскай СШ №2 пабывалі на экскурсіі ў Следчым камітэце

Молодёжь Образование Общество

Старшакласнікі пабывалі на экскурсіі ў Следчым камітэце

Нядаўна адзінаццацікласнікі Шумілінскай СШ №2 пабывалі на экскурсіі ў раённым аддзеле Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. У ролі экскурсаводаў выступілі начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Яўген Іваноў і яго намеснік Віталь Ішчук.

– Следчы – прафесія, пра якую большасць ведае з кінафільмаў. Ім можа стаць толькі па-сапраўднаму дапытлівы і камунікабельны чалавек, – пачаў гутарку Яўген Іваноў. – Гэта вельмі цікавая, але складаная прафесія. Вы толькі ўявіце, што следчаму па крупінках прыходзіцца аднаўляць па-дзеі, шукаць і знаходзіць ісціну.
Яўген Іваноў і Віталь Ішчук расказалі, як можна атрымаць прафесію следчага. У першую чаргу гаворка ішла пра следча-экспертны факультэт Акадэміі МУС, перавагі навучання на факультэце.
Начальнік і намеснік райаддзела расказалі старшакласнікам пра апошнія крымінальныя справы, якія расследуюць следчыя.
– Нядаўна следчымі была завершана крымінальная справа ў адносінах да жыхара Шуміліна, які захоўваў патроны і выбуховыя рэчывы, – паведаміў Яўген Іваноў. – Мужчына пачаў збіраць небяспечныя рэчы некалькі год назад. Сховішча было знойдзена супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Вінаватасць мужчыны будзе вызначана судом згодна з заканадаўствам.
Яўген Анатольевіч падкрэсліў, што вясной з-пад зямлі вылазіць багатая колькасць патронаў, снарадаў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Пра такія знаходкі трэба адразу паведаміць праваахоўным органам, за добраахвотную здачу патронаў, выбуховых рэчываў, зброі і іншых небяспечных прадметаў адказнасць не наступае.
Цікаўнасць у вучняў выклікаў чамадан эксперта-крыміналіста. Дзяржаўны судовы эксперт Шумілінскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь Надзея Хахлова прадэманстравала магчымасці чамадана і паказала, як знаходзяць сляды злачынства (адбіткі пальцаў). А самыя смелыя маглі паспрабаваць сябе ў ролі эксперта і правесці сапраўдную дактыласкапічную экспертызу.
Раённыя следчыя выказалі спадзяванне, што кожны з экскурсантаў будзе задумвацца пра свае ўчынкі і не трапіць сюды ў ролі абвінавачваемых ці падазраваемых.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №24 ад 30.03.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *