Чемпионка Европы из Шумилино

Актуалии Молодёжь Спорт, туризм

І гэта толькі пачатак
Вольга Кляшчонак  – звычайная трынаццацігадовая дзяўчына, закончыла 8 класаў у Шумілінскай СШ №1. Як і ўсе падлеткі, любіць новыя знаёмствы і падарожжы. Адкрытая, пазітыўная, на свет і жыццё глядзіць праз юнацкі максімалізм.  І  тое, што яна нядаўна стала чэмпіёнкай Еўропы  па вавінам в’ет во дао сярод падлеткаў, ніяк не адбіліся на яе характары,  хіба толькі стала больш сур’ёзнай і мэтанакіраванай.
Усходнімі адзінаборствамі Вольга займаецца другі год. Пачала трэніравацца ў аб’яднанні па інтарэсах “Асновы ўсходніх адзінаборстваў: вавінам в’ет во дао” раённага цэнтра дзяцей і моладзі, можна сказаць, выпадкова. “Год забірала малодшага брата з трэніровак, бачыла, як яны займаюцца, – успамінае дзяўчына. – Аднойчы, сама не ведаю чаму, папрасілася ў Святланы Віктараўны на трэніроўку. Я ж на той момант займалася валейболам. Але разумела, што камандны від спорту – не маё, мне даспадобы індывідуальныя віды спорту, там, дзе ты адказваеш толькі за сябе, а не за каманду”.
Добра памятае і трэнер Святлана Бараноўская тую першую трэніроўку: “Вольга стала першай дзяўчынкай, якая з намі пачала займацца. Хаця не гэта было галоўным. Я літаральна ўбачыла ў Вользе сябе ў дзяцінстве: спрыт, непасрэднасць, вялікае жаданне перамагаць”.  А для Вольгі Кляшчонак паваротным стала відэа фінальнага паядынку чэмпіянату свету па вавінам в’ет во дао, у якім Святлана Бараноўская супрацьстаіць францужанцы. “Адразу ўсё перавярнулася, – успамінае Вольга. – Захацелася, як Святлана Віктараўна, выступаць і перамагаць на чэмпіянатах свету, каб у твой гонар уздымаўся беларускі сцяг і граў гімн”.
Праз два месяцы трэніровак трэнер вырашае заявіць перспектыўную спартсменку на рэспубліканскае першынство па вавінам в’ет во дао. У Вольгі перад першым паядынкам дрыжэлі рукі і ногі, яна не знаходзі-ла сабе месца. Як сама прызнаецца, у пэўны момант убачыла позірк блакітных бяздонных вачэй трэнера, у якіх чыталася адно: “Ідзі і перамагай!”. І Вольга выйшла на дыван і перамагла.
Зараз на рахунку  Вольгі Кляшчонак  12 паядынкаў, і ва ўсіх яна перамагла, прычым перамагла датэрмінова. У сваім узросце Вольга – лепшая ў Беларусі, на многіх стартах сапернікі проста не выходзяць на дыван супраць Кляшчонак.
Зімой стала вядома, што Вольга Кляшчонак трапіла ў склад нацыянальнай зборнай Беларусі, якая возьме ўдзел у чэмпіянаце Еўропы па вавінам в’ет во дао сярод падлеткаў. Да паездкі ў Румынію трэнер падвяла сваю выхаванку ў добрай фізічнай і псіхалагічнай форме. Зразумела, што тут важную ролю сыграла і маці спартсменкі Алена, якая ўсяляк падтрымлівала сваю дачку.
Перад паядынкамі на чэмпіянаце  зноў-такі знайшла падтрымку ў позірку трэнера. Асабліва яна спатрэбілася падчас фінальнага паядынку супраць французскай спартсменкі. Але Вольга ў фінале была бездакорнай: 9:1, перамога за яўнай перавагай. І першыя словы пасля паядынку Вольга адрасавала свайму трэнеру: “Дзякуй, Святлана Віктараўна. Гэта перамога ў першую чаргу ваша”.
“Пасля фінальнага паядынку не ўсведамляла, што выйграла, – дзеліцца Кляшчонак. – І толькі, стоячы на п’едэстале, калі ў гонар цябе ўздымаецца сцяг  тваёй краіны і выконваецца гімн, зразумела, што стала чэмпіёнкай Еўропы”.
Вольга Кляшчонак стала адным з першых падлеткаў у Беларусі, які выйграў еўрапейскае першынство. Толькі вось сама спартсменка і яе трэнер перакананы, што гэта толькі пачатак. Бо галоўнае –  выйграць дарослае першынство, да якога Вользе яшчэ неабходна заявіць сябе на юніёрскіх і маладзёжных стартах.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў № 43 ад 06.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *